28 красавiка 2024, Нядзеля, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд адмовіў актывісту ў позве супраць памежнага камітэту

Суд адмовіў актывісту ў позве супраць памежнага камітэту

Суддзя мяркуе, што грамадзянскія справы аб ужыванні на дзяржаўнай мяжы дыскрымінацыі паводле палітычных матываў не падлягаюць пад разгляд судоў.

Суддзя Ленінскага раёна Менска Ірэна Бролішс адмовіла намесніку старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васілю Палякову ў распачынанні справы супраць памежнага камітэта, супрацоўнікі якога цягам апошняга часу некалькі разоў здымалі палітыка на дзяржаўнай мяжы з цягнікоў і ладзілі асабістыя дагляды, піша «Гомельская весна».

Адмову ў правасуддзі намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі абскардзіў у судовай калегіі ў грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда.

Раённы суддзя мяркуе, што грамадзянскія справы аб ужыванні на дзяржаўнай мяжы дыскрымінацыі паводле палітычных матываў наогул не падлягаюць пад разгляд судоў. Суддзя Ірэна Бролішс таксама палічыла, што перад тым як звярнуцца ў суд Васіль Палякоў павінен быў атрымаць адказ непасрэдна ад старшыні Дзяржпамежкамітэта, у той час як у суд палітык падаў адказ начальніка ўпраўлення памежнага кантролю.

«У скарзе я настойваў, што на мяжы былі факты ярка выяўленай дыскрымінацыі паводле палітычных матываў, менавіта па-гэтаму суду, вядома, было прасцей наогул адмовіць у распачынанні справы, чым разбірацца, ці існуюць на мяжы так званыя спісы «паводле даручэння праваахоўных органаў». Хіба гэта мая праблема, што адказаў не старшыня Дзяржпамежкамітэта, а начальнік кіравання? У суда няма падстаў меркаваць, што я не выканаў дасудовы парадак», - растлумачыў палітык.

Васіль Палякоў звяртаўся да кіраўніцтва памежнага камітэта з просьбай патлумачыць прычыны і падставы ўнясення ягоных асабістых звестак у так званыя «спісы паводле даручэння праваахоўных органаў». З атрыманага адказу стала вядома, што гэтыя звесткі належаць да інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання ў адпаведнасці з законам аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.

Васіль Палякоў мае намер прайсці судовыя інстанцыі ў Беларусі, пасля чаго плануе звярнуцца ў Камітэт ААН правоў чалавека.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках