27 красавiка 2024, Субота, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У снежні беларусы выдаткавалі на імпартныя тавары больш за $1,3 мільярда

2
У снежні беларусы выдаткавалі на імпартныя тавары больш за $1,3 мільярда

У 2014 годзе Беларусь імпартавала спажывецкіх тавараў на 9,3 млрд даляраў, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

У параўнанні з 2013 годам гэты паказчык павялічыўся на 18,6%, або на 1 млрд 454,8 млн даляраў, пішуць «Беларускія навіны».

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што фактычна ўвесь прырост прыйшоўся на снежань - цягам апошняга месяца 2014 аб'ём спажывецкага імпарту, які паступіў у краіну, перавысіў 1,3 млрд даляраў. Гэта амаль на паўмільярда даляраў больш, чым у снежні 2013 года.

Нагадаем, у снежні 2014 года ў Беларусі назіраўся ажыятажны попыт на імпартныя тавары ў сувязі ростам дэвальвацыйных чаканняў. 19 снежня Нацыянальны банк увёў 30-адсоткавы збор, які павінны былі выплачваць фізічныя і юрыдычныя асобы пры куплі замежнай валюты. Пасля ўвядзення гэтых захадаў імпарцёры адкарэктавалі рублёвы кошт імпартных тавараў, заклаўшы ў яго валютны збор.

Варта адзначыць, што разам з павелічэннем імпарту экспарт беларускіх спажывецкіх тавараў у 2014 годзе знізіўся. Летась ён склаў 7 млрд 426,1 млн даляраў, што менш за паказчык 2013 на 7,4%, або на 597,6 млн даляраў. Пры гэтым аб'ём экспарту ў Расею склаў 6,26 млрд даляраў. Такім чынам, амаль 85% спажывецкага экспарту Беларусі прыйшлося на расейскі рынак збыту.

Нагадаем, у 2014 годзе беларускія ўлады рабілі захады, накіраваныя на абмежаванне спажывецкага імпарту ў краіну. Так, з жніўня да снежня 2014 г дзейнічаў указ №361, згодна з якім для імпарцёраў (якія ўвозяць тавары ў нязменным выглядзе) была ўсталяваная адтэрміноўка права на 90 дзён на вылічэнне ўвазнога ПДВ.

Фактычна гэта азначала, што імпарцёры абавязаныя двойчы выплаціць падатак на даданую вартасць: першы раз - на мяжы пры ўвозе тавару, другі раз - пры выплаце падаткаў за справаздачны перыяд. Вярнуць двойчы аплачаныя сумы ПДВ імпарцёры могуць толькі праз тры месяцы. У выніку гэтага ў прадпрыемстваў-імпарцёраў, як заяўлялі яны, утварыўся недахоп абаротных сродкаў на суму двойчы аплачанага ПДВ.

Указ №361 дзейнічаў да канца 2014 года, аднак Міністэрства падаткаў і збораў у студзені 2015 паведаміла, што палажэнні згаданага дакумента могуць быць пралангаваныя на гэты год.

Фота: Shutterstock

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках