На «Басовішча» вяртаецца конкурс маладых выканаўцаў
- 19.02.2015, 15:13
- 4,053
У гэтым годзе фестываль пройдзе 17-18 ліпеня.
Фестываль «Басовішча-2015» атрымаў фінансаванне і абвясціў, што пройдзе ў польскім Гарадку 17-18 ліпеня. Таксама фестываль прэзентаваў новы лагатып, распрацаваны мастаком Патрыкам Гардзеем, паведамляе «Еўрарадыё».
Са слоў арганізатаркі фестывалю Ганны Пякарскай, у гэтым годзе на «Басовішча» вернецца конкурс маладых выканаўцаў і з'явіцца пляцоўка, якая будзе называцца «БАСмежжа».
«БАСмежжа» - гэта наш праект, створаны для людзей. Хочам, каб гэта было такое месца, дзе і музыкі, і гледачы маглі б сустрэцца і пагутарыць. Гэта значыць, каб намётавы гарадок быў не толькі месцам, дзе начуюць людзі, а месцам сустрэчы, дзе можна раніцай выпіць кавы. Напэўна, там таксама будзем рабіць нейкія праекты», - сказала яна.
Акрамя таго, у планах арганізатараў зрабіць арт-праект, прысвечаны «Басовішчу», на адной з гарадоцкіх сцен. «Гэта такая наша мара – прыпісаць «Басовішча» назаўжды ў Гарадок. Каб людзі памяталі пра фэст не толькі ў ліпені, але і цягам года», - смяецца Ганна.
Арганізатары найстарэйшага беларускага рок-фэсту ўжо вядуць перамовы з консульствам Польшчы ў Беларусі наконт бясплатных віз для наведвальнікаў і спадзяюцца на станоўчае развязанне пытання.