Пракуратура пакарала доктара за фотасесію ў аперацыйным кабінеце
18- 19.02.2015, 19:47
- 15,625
Паводле звестак нагляднай установы, фота выдаленае, доктар прыцягнуты да адказнасці.
Размяшчэнне лекарам анэстэзіёлагам-рэаніматолагам адной з лякарняў Гарадзенскай вобласці фатаграфіі сэрца пацыента ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» стала падставай для праверкі аблпракуратуры, піша «Народная Воля».
«Які орган на фатаграфіі?» - такое пытанне задаў адзін з карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «Вконтакте», апублікаваўшы страшнаватага выгляду здымак. Высветлілася - і праўда орган: сэрца, ды яшчэ ў працэсе трансплантацыі.
На публікацыю адгукнулася прэса: у газеце «Гомельская праўда» з'явіўся артыкул «Галоўнае ў працы - лайк?». Прачытаўшы навіну, пракуратура Гарадзенскай вобласці ініцыявала праверку.
З паведамлення гэтай нагляднай установы, доктар учыніў парушэнне.
«У адпаведнасці з арт.51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя», - адзначана ў афіцыйнай заяве пракуратуры, - Медыцынскія і фармацэўтычныя работнiкi абавязаныя захоўваць медычную таямніцу, паважліва і гуманна ставіцца да пацыентаў, выконваць іх правы, прынцыпы медыцынскай этыкі».
Сфатаграфаваўшы сэрца пацыента і прапанаваўшы здымак на агляд грамадскасці, медработнік «дапусціў непавагу да этычных нормаў медычнай дзейнасці, яе дыскрэдытацыю, чым груба парушыў патрабаванні закона».
Вывучыўшы абставіны, пры якіх з'явіўся здымак, і старанна вывучыўшы заканадаўства, пракуратура Гомельскай вобласці вынесла лекару анэстэзіёлагу-рэаніматолагу пісьмовае афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона.
Камісія этыкі і дэанталогіі ўстановы аховы здароўя, у якой працуе доктар, загадам галоўнага лекара прыцягнула аматара фотасесій да дысцыплінарнай адказнасці.
Ну, а фатаграфію давялося выдаліць.