Фінскія навукоўцы стварылі «дрэва» для сілкавання мабільнікаў
4- 19.02.2015, 21:23
- 7,348
Лісце "дрэва" можа назапашваць энэргію, атрымліваючы яе з аднаўляльных крыніц.
Калектыў навукоўцаў з аддзялення Цэнтра тэхналагічных даследаванняў Фінляндыі (VTT) у горадзе Оўлу прэзентаваў новую распрацоўку, з дапамогай якой можна падсілкоўваць мабільныя прылады. Гэта невялікае "дрэва" ў гаршчку, лісце якога - тонкія і гнуткія сонечныя панэлі з арганічных матэрыялаў, паведамляе ТАСС.
Прылада стваралася з выкарыстаннем 3D-друкаркі. Лісце "дрэва" можа назапашваць энэргію, атрымліваючы яе экалагічна бяспечным шляхам - з аднаўляльных крыніц - сонца, ветру, вагання тэмператур.
Лісце было створанае паводле ўнікальнай тэхналогіі, вынайдзенай VTT, а камель і галінкі, на якіх яно трымаецца, рабіліся на драўнянай аснове.
Распрацоўка навукоўцаў з Оўлу можа служыць як прыладай сілкавання для розных мабільных прыбораў - тэлефонаў і свяцільняў, так і ў перспектыве стаць сродкам сувязі, пры гэтым застаючыся таксама прадметам для ўпрыгожвання інтэр'еру.
Стваральнікі "дрэва" спадзяюцца, што прадукт зацікавіць інвестараў і паступова пяройдзе ў масавы выраб, які забяспечыць рэгіён Оўлу новымі працоўнымі месцамі.