28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крамы і кавярні зачыняюцца: арэнда высокая, кліентаў мала

20
Крамы і кавярні зачыняюцца: арэнда высокая, кліентаў мала

За апошнія два месяцы ўжо з дзесятак устаноў грамадскага харчавання ў Менску зачыніліся.

«За памяшканне плацім у валюце»

«Выбачайце, мы зачыняемся. На няпэўны час» - падобныя паведамленні пакідаюць на сваіх старонках у сацыяльных сетках або на афіцыйных сайтах дырэктары кавярняў і бараў.

У назіраннях карэспандэнтаў «Камсамольскай праўды ў Беларусі», за апошнія два месяцы ўжо з дзесятак устаноў грамадскага харчавання ў Менску закрыліся, або збіраюцца закрывацца, або выстаўленыя на продаж.

- Мы наўрад ці закрыем, а вось суседнія кавярні цалкам могуць знікнуць бліжэйшым часам, - кажа Ігар, дырэктар аднаго са сталічных бараў у цэнтры Менска. - Я арэндую памяшканне ў дзяржавы за беларускія рублі па стаўках ў рублях. Плачу блізу 14 мільёнаў рублёў за ўсе памяшканні ў месяц. А суседняя кавярня арандуе памяшканне ў прыватнікаў, плацяць у еўра, арэнда агулам - 30 - 60 еўра за квадратны метр.

Выдаткі уладальнікаў кавярні і рэстаранаў растуць, а вось наведвальнікаў становіцца менш. Ды і тыя, што забягаюць паесці-папіць, ужо не марнуюць ва ўстановах столькі, колькі раней.

Са слоў Ігара, сярэдні чэк у ягонай установе зменшыўся разы ў два яшчэ ў снежні. На Новы год бар упершыню за шмат гадоў быў зачынены - жадаючых адсвяткаваць на шырокую нагу не знайшлося. Перасталі хадзіць у кавярню і сем'і з дзецьмі, якія раней загадзя заказвалі столікі на суботнія і нядзельныя абеды. Тым не менш кошты ў меню Ігар не падымае.

- Апошнія пастаўкі піва абышліся мне на 30% даражэй. Але я не падымаю кошт за келіх. Пакуль што не падымаю. Хто да мяне прыйдзе яго піць?

«Новыя калекцыі? Не, пакуль не вязем»

У папулярных сталічных гандлёвых цэнтрах цяпер шмат апусцелых крамак.

У гандлёвым цэнтры на вуліцы Няміга на многіх крамах аб'явы «леташнія кошты» або «фінальны распродаж». Кошты, трэба сказаць, сапраўды леташнія. Напрыклад, зімовыя скураныя боты можна купіць да 1,5 мільёна рублёў. Праўда, асартымент бедны.

- А калі вясновы абутак прывязеце?

- Пакуль што нічога не вязем, распрадаём рэшткі, - коратка адрэзала жанчына.

Усе прадпрымальнікі, як адзін, паўтараюць: хутка закрыем, ва ўсім вінаваты 222-ы ўказ. Дакумент гэты прадугледжвае, што з 1 сакавіка ўсе ІП павінны прадаваць свае тавары з адпаведнымі сертыфікатамі, а гэта для дробнага гандлю дадатковыя выдаткі.

Але праблема з бізнэсам не толькі ў іпэшнікаў. Радзеюць шэрагі і буйных сеткавых крамаў абутку, адзення, дзіцячых тавараў.

- У маім доме на першым паверсе зачынілася два крамы - з дарослым і дзіцячым адзеннем, - скардзіцца маладая матуля.

Зачыненыя вялікія крамы Mexx і Mango ў гандлёвым цэнтры "Люстэрка", а на дзвярах вісяць аб'явы «здаем у арэнду, 25 еўра за квадратны метр». У самым гандлёвым цэнтры пустуе прыкладна траціна боксаў. Зачыніліся кропка з парфумерыяй, побач не прадаюць ужо сумкі і абутак, дзесьці перасталі прапаноўваць адзенне.

Гандлёвыя рады на другім паверсе гіпермаркета «Бігз» парадзелі адсоткаў на 20. А кожны другі пакінуты працаваць прадпрымальнік павесіў аб'яву «сертыфікатаў няма». Няўжо ўсе яны з сакавіка зачыняцца?

- Можа, закрыем, а можа, і будзем далей працаваць. Залежыць ад таго, ці атрымаем сертыфікаты на новую калекцыю. Цяпер распрадаём старую, - распавяла прадавец мужчынскіх і жаночых пухавікоў. - Не ўсе іпэшнікі яшчэ згалелі, не хвалюйцеся.

«Сертыфікаты ёсць!»

А вось у гандлёвых цэнтрах «Пасаж» і «Імпульс» крамачкі не прастойваюць. Прычым тут на боксах сустракаюцца аб'явы «Сертыфікаты ёсць!». Пару кропак нават выставілі новыя вясновыя калекцыі, ужо па новых коштах. Калі паліто са старой калекцыі на зніжках прадаецца за 600 тысяч рублёў, то са свежай партыі за 1,7 мільёна.

Блізу 40% гандлёвых кропак зачыненыя ў гандлёвым цэнтры «Сілуэт». І на многіх аб'явы накшталт «здаем у арэнду» або «прадаем павільён». Але самы пусты са сталічных ГЦ - «Паркінг». Заходзіш - і такое адчуванне, што ўсе кудысьці ўцяклі, а за шклом закрытых боксаў, як у фільмах жахаў, ляжаць зваленыя ў груду манекены.

- Што здарылася?

- Масавыя закрыцці некалькі месяцаў як ідуць. Тыя, у каго было тры кропкі, пакінулі адну - каб не пераплачваць за арэнду. Пакупнікоў усё роўна няма.

Каментар эксперта

Знізіць кошты на арэнду немагчыма

- Крамы і кавярні зачыняюцца праз дэвальвацыю, рэзкае падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, а таксама праз набліжэнне тэрміна поўнага ўваходжання ў дзеяння ўказа №222, паводле якога ў ІП павінны быць абавязковыя сертыфікаты на тавар, які яны прадаюць, - распавёў старшыня беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін. - Усе гэтыя фактары проста супалі ў адзін час. Падчас крызісу людзі не ходзяць па кавярнях і рэстаранах, не купляюць адзенне і абутак, а тэхніку ўжо ўсе, хто хацеў, набыў яшчэ ў снежні.

- Прадпрымальнікі скардзяцца на высокую арэнду, якая прывязаная да еўра. Ці можна яе адвязаць ад валюты, як пра гэта кажа Нацбанк і ўрад? І чаму ўсё ж такі не зніжаюцца арэндныя стаўкі?

- Многія гандлёвыя цэнтры пабудаваныя за кошт валютных крэдытаў, таму што крэдытавацца ў беларускіх рублях працяглым тэрміна пад 40 і больш адсоткаў проста эканамічна немагчыма. Ва ўладальнікаў гандлёвых цэнтраў фінансавы план разлічаны ў еўра на пагашэнне гэтых крэдытаў. А прадпрымальнікі не могуць плаціць арэнду, таму што ад іх пакупнік сышоў. Паесці ў кавярні, купіць адзенне - гэта не першачарговае для чалавека. Спачатку ён купіць прадукты.

- Як можа развязацца гэтая сітуацыя?

- Пакуль не зразумела, як яна будзе развівацца. Няма пастановы і ў зніжэнні крэдытных ставак, i ў павышэнні заробкаў. Што тычыцца ІП, то іх у сувязі з 222 указам можа стаць менш. Многія проста не рыхтаваліся, не думалі, што патрабаванні да іх будуць жорсткія. Але патрабаванні Міністэрства падаткаў і збораў дастаткова ліберальныя. Трэба было проста прывезці тавар са спрошчанымі накладнымі і касавымі чэкамі, заплаціць увазны ПДВ у суме 20% і гандляваць далей. Гэта яшчэ не позна зрабіць. Буйным крамам цяжэй. Яны выступаюць за тое, каб скасаваць мараторый на рост коштаў. Інакш мы можам перайсці з часовага крызісу ў сістэмны. Замарожваць кошты можна на месяц, але доўжыцца гэта ўжо даўжэй. Так, тавары падаражэюць, але і заробкі ў людзей павялічацца. Тады бізнэс і вернецца.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках