28 красавiка 2024, Нядзеля, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў: Свабода - гэта стан душы

10
Віталь Гуркоў: Свабода - гэта стан душы

Правілы жыцця Віталя Гуркова.

Часопісу zefir.ua прадставілася магчымасць удосталь выпіць гарбаты з Віталём Гурковым, адным з вакалістаў BRUTTO, новага гурту Сяргея Міхалка.

Памятаеце анекдот пра Майка Тайсана?

- Майк, а для чаго ў боксе патрэбная галава?

- Ээээ...

- Ну, напэўна, для таго, каб разлічыць які-небудзь прыём?

- Ага, а яшчэ я ў яе ем...

Дык вось, усё гэта не пра баксёраў, а тым больш не пра нашага героя. Інтэлігентны, разумны, з добрым пачуццём гумару Віталь - самы спартыўны і самы тытулаваны ўдзельнік калектыву: за ягонымі плячыма дзесяць тытулаў чэмпіёна свету па тайскім боксе сярод аматараў і дзейны тытул чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў. А яшчэ, як выявілася, Віталь самы татуяваны ўдзельнік групы. Мы, вядома, не вылічалі плошчу тату з лінейкай. Але спіна Віталя - гэта вялікае мастацкае палатно, прысвечанае Хануману, сімвалу баявога мастацтва муай-тай, і лозунгу Muai Thai or Die, што значыць «Свабодны бой або смерць». А на грудзях - вялікая «пячаць» Brutto Collective, своеасаблівае замацаванне дружбы, роўнасці і братэрства ў гэтым разнашэрсным, але такім згуртаваным «потам і крывёй» калектыве (напэўна, кожнаму новаму ўдзельніку групы прыйдзецца прайсці хрышчэнне тату). Цяпер Віталь разам з Brutto калясіць па Украіне. А 20 сакавіка BRUTTO - зноў у Кіеве ў клубе Sentrum ужо з новай рэвалюцыйнай праграмай «Партызан-Рок».

З дзяцінства я марыў быць... такім, як Віктар Цой і Брус Лі. (Смяецца.) А калі ўспомніць дзяцінства, то мне хацелася стаць кіроўцам аўтобуса: ён вялікі, ты цэлы дзень і ва ўсякае надвор'е ў дарозе, пейзаж за акном увесь час мяняецца, а ты нібы ў доміку, у які да цябе ўвесь час заходзяць у госці пасажыры.

Людзі на маім шляху, як правіла, блізкія па духу.

Ніколі не перастану верыць у чараўніцтва.

Мяне не перастаюць здзіўляць людзі. Кожны чалавек здзіўляе па-рознаму: хтосьці дабрынёй і шчырасцю, а хтосьці наадварот - зайздрасцю, злараднасцю і нават нянавісцю. Вось калі ты перастаеш разумець матывы такой крайняй ступені негатыўных эмоцый, тады застаецца толькі здзіўляцца.

Ідэальная жанчына - калі б я ведаў адказ на гэтае пытанне, я б адказаў.

Сапраўдны мужчына павінен быць такім жа моцным, як крэмень. «Цвікі б рабіць з гэтых людзей» (цытата з «Балады аб цвіках» Мікалая Ціханава). Але каб душа была.

 

Дзеля дасягнення мэты, трэба пераступіць праз сябе. Але не праз маральныя прынцыпы, а праз свае «цяжка», «не магу», «не хачу».

У вольны час я гляджу серыялы. Таму што вольны час у мяне надыходзіць у восем ці дзевяць гадзін вечара, калі хочацца проста адцягнуць свой мозг. Вельмі падабаюцца «Гульні тронаў» і «Спартак: Кроў і пясок». Вельмі люблю гістарычныя серыялы.

Мяне заўсёды цешыць поспех сябра.

Мяне засмучае... Па-рознаму. Калі браць глабальна, то, напэўна, несправядлівасць.

Я ніколі не зраблю аперацыю па змене полу. (Смяецца.)

Грошы ў маім жыцці - гэта інструмент.

Справы пачакаюць, калі гэта не справы.

Для поўнага шчасця мне не хапае ўнутранага балансу. Пастаянна ўва мне штосьці і з чымсьці змагаецца. Гэта і розныя бакі майго характару, мае жаданні, захапленні, перавагі. Кожную секунду неабходна рабіць выбар: ды - не, - рабіць не рабіць, ісці - не ісці, піць - не піць, есці - не есці. Сядзіш на дыеце: хочацца салодкага - нельга, але, можа, ледзь-ледзь можна... Не, нельга, а можа, усё ж такі... Нельга. (Смяецца.)

Раз у жыцці абавязкова трэба... Хацеў сказаць «скочыць з парашутам», але зразумеў, што многія так кажуць. Не скокну. (Смяецца.) Закахацца.

Шчасце - гэта здароўе блізкіх.

Сапраўдны сябар - гэта той, хто ў бядзе і ў радасці.

Быць самім сабой вельмі складана. Думаю, гэта значыць прымаць сябе такім, які ты ёсць. Мы пастаянна змяняемся: альбо развіваемся, альбо дэградуем. Напэўна, цяжка сябе прымаць, калі адчуваеш, што не кантралюеш гэтыя перамены. Важна не баяцца прызнаваць свае памылкі.

Прыгажосць патрабуе догляду і падтрымкі. Калі фасад дома не фарбаваць, то надвор'е за год зробіць з ім сваю цёмную справу, і ён ужо не будзе выглядаць так прыгожа. Гэта калі разважаць пра прыгажосць вонкавую. А калі сур'ёзна, то я не ведаю, як на гэтае пытанне адказаць. Таму што прыгажосць паняцце неадназначнае: рэчы, якія ўважаю за прыгожыя я, могуць выглядаць брыдкімі ў вачах іншага чалавека. Таксама прыгажосць можа быць вельмі выродлівай, а пачварнасць можа быць вельмі прыгожай.

Свабода - гэта стан душы.

Любімая рэч у гардэробе - бейсболка. У мяне іх шмат, і вялікую частку я не нашу: купляю ўсе, што падабаюцца, а потым каму-небудзь дару. Таму што многія бейсболкі на мяне завялікія - галава маленькая. (Смяецца.) Але для баксёраў - гэта перавага. Так у яе патрапіць складаней.

Каб ісці наперад, неабходна цярпенне.

Найлепшая рыса чалавечага характару, напэўна, усё-ткі дабрыня.

Я б не адбыўся без людзей, з якімі мяне зводзіць лёс. Калі б не сустрэў менавіта таго трэнера, да якога прыйшоў займацца, і не дасягнуў бы поспехаў, якіх дасягнуў, і не затрымаўся б на такі доўгі тэрмін у спорце. А значыць, не сустрэў бы Сяргея Міхалка, бо мы з ім пазнаёміліся ў спартзале - трэніраваліся ў аднаго трэнера.

 

Я заўсёды хацеў сустрэцца... Бываюць людзі, якія ў тваіх вачах набываюць асаблівы статус, а потым, калі ты воляю лёсу апынаешся сярод гэтых людзей, ты раптам разумееш, што яны такія ж, як і ты. Цяжка назваць чалавека, з якім я хацеў бы абавязкова сустрэцца, напэўна, бо ўсіх, з кім я хацеў бы сустрэцца, ужо няма ў жывых.

Ідэальны дом - там, дзе адчуваеш сябе ўтульна, камфортна і можаш адпачыць як фізічна, так і маральна. Гэта твой непрабіўны панцыр.

Я вельмі хачу навучыцца... Калісьці хацеў вельмі навучыцца граць на бубнах. А цяпер мяне да іх не падпускаюць. (Смяецца.)

Светам валодае той, хто валодае... сабой. Як ты можаш даць рады з чымсьці вялікім, калі не можаш даць рады з сабой? Няма перамогі над спаборнікам, калі няма перамогі над сабой, сваімі страхамі і слабасцямі.

Не ўяўляю, што людзі рабілі б без тэлефонаў. Ва ўсякай незразумелай сітуацыі можна калупацца ў тэлефоне. Не камфортна ці не хочацца ні з кім размаўляць - дык вельмі зручна ствараць бачнасць занятасці.

Смак жыцця - гэта эмоцыі. А што іх абуджае - гэта ўжо асабістае пытанне.

Хіты ўсіх часоў і народаў... Наўпрост усіх-усіх? Іх так шмат, што нават складана пералічыць. Кожны выбірае свае ўласныя хіты, я не хачу нікому нічога паказваць.

 

На прыём, прысвечаны першаму кантакту з іншапланетнай цывілізацыяй, трэба абавязкова ўзяць з сабой... Мне здаецца, што іншапланецяне, калі яны прыляцяць, самі возьмуць усе, што ім трэба: у кагосьці аналіз крыві на ДНК, залезуць у самыя патайныя куткі душы, выкалупаюць самыя брудныя думкі і выведуць усіх на чыстую ваду. Таму што яны прадстаўнікі вышэйшага розуму. Мой сябар-татуіроўшчык Антон, калі размова зайшла пра варажбітку, цыганоў і экстрасэнсаў, разважыў так: «Што яны могуць ведаць, яны такія ж людзі, як і мы: дзве рукі, дзве нагі, у іх столькі ж костак, крыві і лайна, колькі і ў нас. Што ён можа мне расказаць, чаму я яму павінен верыць? Вось калі б да мяне падышоў майстар Ёда і сказаў бы: «Антон, праз два гады з табой адбудзецца тое і тое, будзь асцярожны». Яму б я паверыў. Чаму? Таму што Майстар Ёда - гэта такі маленькі зялёны недарэка ў паўтара метра ростам з трыма пальцамі на кожнай руцэ. Ён пра кожнага можа ведаць штосьці, чаго я не ведаю».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках