28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка: Украіна ніколі не адмовіцца ад права на Крым

9
Парашэнка: Украіна ніколі не адмовіцца ад права на Крым

23 лютага мінулага года Расея пачала акупацыю паўвыспы.

Украіна ніколі не адмовіцца ад сваіх суверэнных правоў на Крым. Пра гэта гаворыцца ў звароце Пятра Парашэнкі да ўкраінскага народу ў сувязі з гадавінай трагічных падзей у Крыме. Аб гэтым паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.

"Украіна ніколі не адмовіцца ад сваіх суверэнных правоў на Крым, будзе абараняць усімі даступнымі сродкамі правы людзей, якія там жывуць", - гаворыцца ў звароце.

Парашэнка нагадаў аб так званым "рэферэндуме" ў Крыме.

"Роўна год таму адбыліся падзеі, якія ў ХХІ стагоддзі цяжка зразумець кожнаму цывілізаванаму чалавеку. Чалавецтва стала сведкам цынічных дзеянняў, накіраваных на гвалтоўны захоп Крыма - неад'емнай часткі ўкраінскай дзяржавы. Так званы рэферэндум, абвешчаны і праведзены адначасова з маштабным уварваннем на крымскую зямлю расейскіх вайскоўцаў, быў нічым іншым, як фарсам, закліканым прыкрыць адкрытую агрэсію Расеі супраць Украіны", - адзначыў ён.

Прэзідэнт зноў падкрэсліў, што Украінская дзяржава "ні ў якім разе не прызнае вынікаў гэтага нікчэмнага акта, праведзенага насуперак міжнароднаму праву і нацыянальнаму заканадаўству Украіны".

Ён асобна звярнуўся да крымчукоў, запэўніўшы, што "прыйдзе час, і кожны, хто ўчыніў і будзе ўчыняць злачынствы супраць Украіны і супраць правоў чалавека ў Крыме, паўстане перад міжнародным і ўкраінскім судамі".

Парашэнка звярнуўся да суайчыннікаў на ўкраінскай, расейскай і крымскататарскай мовах: "Хай Жыве єдина Україна! Пускай живёт единая Украина! Яшасын бирлик Украіна!"

Прэзідэнт таксама заявіў, што Украіна абавязкова верне кантроль над часова акупаваным Крымам, паўвыспа будзе развівацца і адбудоўвацца.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны прапануе Вярхоўнай Радзе Украіны зрабіць выхадным днём Дзень абаронцы Украіны 14 кастрычніка. 23 лютага, якое раней адзначалі як Дзень абаронцы, у прэзідэнта назвалі пачаткам акупацыі Крыму.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках