28 красавiка 2024, Нядзеля, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саўмін анансаваў рост «камуналкі» і ўвядзенне падатку на дармаедства

83
Саўмін анансаваў рост «камуналкі» і ўвядзенне падатку на дармаедства

Ва ўрадзе падрыхтавалі праграму дзейнасці на 2015 год.

У ёй прапісаныя асноўныя кірункі работы ўрада - ад эканомікі да аховы здароўя. «Комсомольская правда в Беларуси» вывучыла дакумент і вылучыла самыя важныя моманты.

«Камуналка» будзе расці следам за заробкам

Адная з першых задач для ўрада - запаволіць рост коштаў. Тым больш што ў 2016-2020 гадах інфляцыя, паводле планаў чыноўнікаў, не павінна перасягаць 10%. Каб кошты не раслі, урад плануе праводзіць таварныя інтэрвенцыі (яны не дазволяць стварыць дэфіцыт тавараў), а таксама падтрымліваць на цяперашнім узроўні аплату беларусамі выдаткаў на камунальныя паслугі і грамадскі транспарт. Гэта значыць адсотак іх вартасці, які плаціць за нас дзяржава, у гэтым годзе павінен заставацца ранейшым. Аднак, тарыфы на «камуналку» па-ранейшаму будуць індэксаваць раз на квартал. Проста яны будуць расці не больш чым на адсотак росту заробкаў за папярэдні квартал.

Прыбыткі ад нафты пойдуць на вяртанне пазык

Нагадаем, у гэтым годзе Беларусь дамовілася з Расеяй аб тым, каб пакінуць у сваім бюджэце мыты ад продажу нафты і нафтапрадуктаў. Згодна з дакументам, усе гэтыя грошы пойдуць на аплату замежных запазычанасцяў (у гэтым годзе Беларусі трэба вярнуць крэдыторам 4 мільярды даляраў).

З'явіцца іпатэка і больш арэнднага жылля

У новым дакуменце чыноўнікі паабяцалі, што іпатэчныя крэдыты на жыллё з'явяцца ў нас ужо ў гэтым годзе. А разам з ёй - і іншыя спосабы назбіраць на кватэру: напрыклад, сістэма жыллёвых будаўнічых ашчаджэнняў (спачатку вы збірайце грошы на спецыяльным укладзе, а потым банк дае вам крэдыт на суму, якой не стае). Акрамя таго, дзяржава абяцае пабудаваць больш арэнднага жылля.

Свініны стане больш

Перабоі са свінінай пачаліся ў мінулым годзе пасля эпідэміі афрыканскай чумы і забароны на яе імпарт з Украіны і ЕЗ. Цяпер урад плануе аднавіць аб'ём яе вытворчасці не ніжэйшы за ўзровень 2012 года. Для гэтага ў эксплуатацыю ўвядуць новыя свінагадоўчыя комплексы, а старыя будуць пераабсталёўваць.

Падатак на дармаедства ўсё ж увядуць

І прапісаны ён будзе ў дэкрэце Лукашэнкі «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Ён закліканы прастымуляваць працаздольных беларусаў плаціць у бюджэт належныя з іх падаткі.

Працаваў за мяжой - атрымаеш замежную пенсію

Урад плануе ўкласці дамовы з краінамі ЕАЭС (акрамя Беларусі ў яго ўваходзяць Расея, Казахстан і Арменія), а таксама з іншымі краінамі, аб частковым фінансаванні пенсій для тых беларусаў, якія працавалі за мяжой. Груба кажучы, калі вы пяць гадоў прапрацавалі ў Расеі, то за гэты адцінак стажу пенсію вам павінны будуць налічваць таксама ў Расеі.

Палова лекаў у аптэках будзе беларуская

Цягам гэтага года дзель айчынных лекаў у агульным шэрагу асартыменту аптэк павінна скласці 50%. А для гэтага вытворчасць фармацэўтычнай прадукцыі давядзецца павялічыць мінімум утрая ў параўнанні з 2010 годам.

Лекары будуць кансультаваць праз відэасувязь і выпісваць электронныя рэцэпты

Новаўвядзенні чакаюць і медыцыну. Так, у беларускіх паліклініках павінна з'явіцца агульналекарская практыка: то бок, за вашым здароўем будзе сачыць адзін лекар, які пры патрэбе адпраўляе на патрэбныя даследаванні і да лекараў-спецыялістаў. Таксама ў лекараў з'явяцца памочнікі. А каб пацыентам не давялося прыходзіць у паліклініку шмат разоў, ім павінны будуць надаваць максімальны аб'ём патрэбнай дапамогі за адзін візіт. Яшчэ чыноўнікі хочуць разгрузіць лякарні: для гэтага некаторыя дыягнастычныя даследаванні і невялікія аперацыі хочуць рабіць не ў стацыянары, а амбулаторна.

Акрамя таго, паліклінікі чакае пара тэхнічных навінак. Згодна з праграмай, у гэтым годзе павінен запрацаваць пілотны праект электронных рэцэптаў, а лекары пачнуць праводзіць кансультацыі ў тым ліку праз відэасувязь.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках