28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Курэйчык: Стваральнік «Авеля» двойчы абрабаваў беларускую дзяржаву

16
Андрэй Курэйчык: Стваральнік «Авеля» двойчы абрабаваў беларускую дзяржаву

Рэжысёр задае пытанні, адказамі на якія могуць стаць асобныя крымінальныя справы.

Кінасцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык падрабязна растлумачыў charter97.org, чаму прапагандысцкая стужка «Мы, браты» пра падзеі Плошчы з'яўляецца грандыёзнай афёрай і агучыў пытанні, якімі маглі б зацікавіцца кантрольныя дзяржорганы. Ён мяркуе, што стваральнік фільма Сяргей Ждановіч здолеў абуць у лапці Міністэрства культуры, прычым грошы дзяржава страціла двойчы - і на курсах валют, і на выдачы прадусару асобных правоў на продаж фільма.

- Вы, напэўна, чыталі артыкул, у якім стваральнік «Авеля» клянецца выпусціць фільм у красавіку і запэўнівае, што грошай ён не краў. Якія ў вас засталіся пытанні да стваральніка прапагандысцкай стужкі?

- Мяне цікавіць, што спадар Ждановіч спрабуе схаваць у рамках праекта «Авель» - «Мы, браты». Па-першае, хто такі Уладзімір Папоў, які значыцца аўтарам ідэі і сцэнара? Які ў яго ранг і якая пасада ў структуры Службы бяспекі Лукашэнкі? Па-другое, хто такі Дзяніс Собалеў і адкуль ён з'явіўся ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка «Авеля»? Па-трэцяе, колькі рэальна бюджэтных сродкаў было накіравана ў ЗША нібыта на вытворчасць беларускага нацыянальнага праекта?

Хто тыя людзі, якія нечакана значацца прадусарамі гэтага фільма паводле інфармацыйнага кінапарталу «Кинопоиск»? Ці зацвярджала іх усіх Міністэрства культуры Беларусі? Колькі грошай нібыта «даклаў» прадусар Сяргей Ждановіч, і наколькі пасля гэтага паменшылася дзель беларускай дзяржавы ў гэтым праекце? Якая дзель міністэрства культуры ў прыбытку і наколькі яна цяпер паменшылася? У каго знаходзяцца правы на пракат фільма і чаму праваўладальнікам значыцца толькі што створаная ў Каліфорніі Сяргеем Ждановічам кампанія «Solomon Productions»? Чаму спатрэбілася нібыта закладваць офіс і кватэру на праект, каштарыс на які зацвярджала Міністэрствам культуры? Дзе знаходзіцца фінальная кінакопія і ці здадзеная яна Міністэрству культуры Беларусі? Чаму прадусар сцвярджае, што абавязанні перад Мінкультам выкананыя, а прэм'еры няма і «стужка яшчэ мантажуецца»? Як вы разумееце, адказ на кожнае з гэтых пытанняў можа быць асобнай крымінальнай справай.

- Чаму фільма ўсё яшчэ няма, і калі ён з'явіцца, як Вы прагназуеце?

- Напраўду сітуацыя палягае ў тым, што грошы былі выведзеныя ў ЗША адразу ж пасля пералічэння іх Сяргею Ждановічу. Яны дасталіся партнёрам спадара Ждановіча ў ЗША, сярод якіх асобнае месца займае Віталь Васількоў. Наколькі мне вядома, што гэтыя партнёры проста не аддаюць стужку, пакуль Ждановіч не аплаціць «запазычанасці». Адсюль былі і закладзеныя кватэры-офісы і благанні бізнэсоўцаў. А галоўнае - праз гэта ўвесь час адкладалася прэм'ера, нічога не было на Бэрлінале і наўрад будзе пракат у красавіку.

- Ці зацікавяцца прапагандысцкім фільмам цывілізаваныя кінафэсты і міжнародныя кінапракатчыкі?

- Міжнародныя пракатчыкі так і не выявілі цікавасць да прапагандысцкай стужцы. Аднак, Ждановіч прымусіў адмовіцца Мінкульт ад значнай часткі правоў у абмен на абяцанне вяртання 20 мільярдаў рублёў, якія на той момант складалі больш за два мільёны даляраў, а цяпер амаль удвая менш.

Гэта значыць, дзяржава, выходзіць, была абрабаваная двойчы: і на курсе валют, і на наданні прадусару асобных правоў на продаж фільму.

Рэгулярны падман адбываецца і з нібыта прэзентацыямі «Авеля» на міжнародных фестывалях. Нідзе і ніколі гэты праект не прэзентаваўся, ні ў якіх фестывальных праграмах: ні ў Канах, ні на Бэрлінале, ні ў Фестывалі амерыканскага кіно. Тым не менш пад гэта выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі на выправы.

- Чым можа абярнуцца сітуацыя для Міністэрства культуры?

- Відавочна, што асноўная задача Ждановіча толькі ў адным: усе выдаткі спісаць на Мінкульт, а ўсе асноўныя прыбыткі зарэгістраваць на свае замежныя структуры.

Галоўнае ж пытанне: якім чынам Сяргей Ждановіч нібыта выканаў усе абавязанні перад Барысам Святловым і Міністэрствам культуры, як ён сцвярджае ў інтэрв'ю, калі сам жа кажа, што фільм яшчэ не гатовы і нават не змантажаваны? Якія ідыёты ў Мінкульце ўкладаюць такія дамовы, што заплаціўшы два мільёны даляраў дзяржаўных грошай нават не маюць стужкі і яе пачатковага запісу?!

Гэта вялікія пытанні для Дзяржкантролю. І пракуратуры таксама, я думаю...

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках