Выкрадзеная 13 гадоў таму карціна Пікасо знойдзеная ў ЗША
2- 27.02.2015, 9:13
- 6,399
Праваахоўныя органы ЗША канфіскавалі карціну Пабла Пікасо, скрадзеную ў Францыі ў 2001 годзе.
Пра гэта паведаміла пракурор усходняй акругі Нью-Ёрка Ларэта Лінч, паведамляе BBC.
Кубісцкае палатно "Парыкмахерка" (фр. La Coiffeuse), якое належыць французскім уладам, было выкрадзенае з музейнага сховішча Цэнтра Пампіду ў Парыжы.
У снежні карціну адправілі ў ЗША з Бельгіі, апісаўшы яе ў дакументах як "мастацкі выраб" коштам у 30 еўра. Пасля прыбыцця пасылкі ў Нью-Ёрк карціна была канфіскаваная мытнай службай, пасля чаго ў суд у Брукліне была пададзеная скарга аб кантрабандзе.
"Страчаны скарб знойдзены, - заявіла Лінч, - праз выпадак кантрабанды ў гэтай справе карціна на сёння праходзіць працэдуру канфіскацыі ў ЗША. Канфіскацыя карціны вызваліць яе ад кайданоў чорнага рынку скрадзенага мастацтва, і яе можна будзе вярнуць законнаму ўладальніку".
Мяркуецца, што рынкавы кошт карціны, напісанай у 1911 годзе, складае мільёны даляраў. Месцазнаходжанне карціны заставалася невядомым цягам 13 гадоў.