3 траўня 2024, Пятніца, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сэртыфікаты і штрафы для ІП ніхто не касаваў

18
Сэртыфікаты і штрафы для ІП ніхто не касаваў

Улады яшчэ раз заявілі аб тым, што падаўжэння тэрмінаў продажу тавараў лёгкай прамысловасці без дакумэнтаў не будзе.

Згодна з указам № 222 да 1 сакавіка 2015 года прадпрымальнікі мусілі не толькі займець сэртыфікаты на тавары, але і спрадаць рэшткі, увезеныя зараней, піша TUT.by.

Нягледзячы на тое, што гэты ўказ быў падпісаны яшчэ 16 траўня 2014 года, ІП да апошняга моманту спадзяваліся на адтэрміноўку. Адзін з аргумэнтаў: праз крызіс і зніжэнне пакупніцкай здольнасці шмат хто проста не паспеў спрадаць прывезеныя раней партыі тавару.

І калі яшчэ месяц таму чыноўнікі казалі пра тое, што гэтае пытанне разглядаецца (пры гэтым называліся розныя варыянты падаўжэння тэрмінаў - ад 1 чэрвеня 2015 года да бестэрміновага), то потым катэгарычна заявілі: падаўжэння тэрмінаў не будзе.

Здавалася б, у гэтым пытанні можна было паставіць кропку. Аднак гуку нарабіў яшчэ адзін дакумэнт - указ прэзідэнта № 90 ад 20 лютага 2015 года. Ён скасаваў яшчэ адзін лютаўскі ўказ - № 48.

Усе гэтыя дакумэнты датычацца захадаў забеспячэння кантролю за выкананнем тэхрэгламэнту Мытнага саюза. Сярод іншага, 48-ы ўказ прадугледжваў штрафы за выданне ў абарачэнне прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням тэхрэгламэнтаў МС і ЕАЭС. Указ пад нумарам 90 адклаў гэтыя нормы да 1 чэрвеня 2015 года. Прыняцце гэтага дакумэнта і ўнесла няпэўнасць у шэрагі прадпрыемцаў: нехта казаў, што цяпер за тавары без сэртыфіката не будуць штрафаваць, а хтосьці і ўвогуле тлумачыў дакумэнт як падаўжэнне тэрмінаў рэалізацыі рэшткаў да 1 чэрвеня 2015 года.

"Мне здаецца, самі чыноўнікі ўжо заблыталіся ў гэтых дакумэнтах, - наракае лідэр РГА "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка. - У адным міністэрстве мне казалі, што тэрміны сапраўды прадоўжылі, у іншым - што ўказ № 90 іпэшнікаў наогул не датычыцца".

І вось напярэдадні часіны "Ч" прадпрымальніцкаму аб'яднанню трапіў дакумэнт, у якім Дзяржстандарт растлумачыў, паводле якіх нормаў працаваць ІП з 1 сакавіка.

З гэтага дакумэнта вынікае, што падаўжэння тэрмінаў рэалізацыі рэшткаў тавару без дакумэнтаў не прадугледжана. "Згодна з пунктам 1.7.2 супольнай пастановы Мінгандлю, Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржстандарту ад 7 траўня 2014 года, права ІП-платнікаў адзінага падатку ажыццяўляць раздробны гандаль таварамі лёгкай прамысловасці без дакумэнтаў аб пацвярджэнні адпаведнасці, прадугледжанымі тэхнічным рэгламэнтам Мытнага саюза, заканчваецца 1 сакавіка", - сказана ў дакумэнце.

Штрафы таксама ніхто не касаваў. Да 1 чэрвеня 2015 года "ў выпадку выяўлення парушэнняў абавязковых патрабаванняў тэхнічных рэгламэнтаў і заканадаўства Рэспублікі Беларусь, будуць рабіцца захады, прадугледжаныя ўказам прэзідэнта ад 16 кастрычніка 2009 года "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў РБ", артыкулам 13 Закона "Аб тэхнічным нармаванні і стандартызацыі", Кодэксам РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле артыкулаў, якія належаць да кампетэнцыі органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне стандартызацыі".

Сярод іншага артыкул Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях 23.11 прадугледжвае, што рэалізацыя прадукцыі, якая падлягае сэртыфікацыі, без дакумэнтаў цягне накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу - да 200% вартасці рэалізаванай прадукцыі, а пры немагчымасці яе выяўлення - да 500 базавых адзінак.

Нагадаем, Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся напярэдадні ў Менску, не развязаў галоўнай задачы, якая стаяла перад яго ўдзельнікамі - адтэрмінаваць уваход у дзеянне ўказа Лукашэнкі № 222, які абавязвае мець з 1 сакавіка суправаджальныя дакумэнты на кожную адзінку тавару. Гандляваць без належных суправаджальных дакумэнтаў праз тыдзень будзе забаронена. У выпадку парушэнняў прадпрымальнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца. Ужо цяпер праходзяць масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

Прадстаўнікі галіны канстатуюць, што ў выніку тысячы прадпрыемцаў будуць вымушаныя спыніць дзейнасць, бо гуртовыя базы ў Расеі, дзе збольшага і затаварваюцца беларусы, працуюць без сэртыфікатаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках