1 траўня 2024, Серада, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гомсельмаш» перайшоў на трохдзёнку

18
«Гомсельмаш» перайшоў на трохдзёнку

На гэтым тыдні прадпрыемства працавала з аўторка да чацвярга.

Крызіс на «Гомсельмашы» працягваецца ўжо амаль год. На гэтым тыдні найвялікшае ў Беларусі прадпрыемства сельскагаспадарчага машынабудавання зноў прастойвала. Працавалі сельмашаўцы толькі ў аўторак, сераду і чацвер. 27 лютага большасць працоўных зноў адправілі ў адпачынак - на дзве траціны тарыфнай стаўкі ці ўвогуле за свой кошт нібыта з сямейных абставін, перадае «Радыё Свабода».

27 лютага ўсе заводы «Гомсельмаша» - галаўны, самаходных камбайнаў, адлівак і нармаляў, спецінструмэнта і тэхналагічнага прыладдзя - афіцыйна не працавалі. Адпачывалі яны таксама 20 і 23 лютага. Задзейнічаныя былі толькі службы забеспячэння і некаторыя лініі, якія працуюць паводле раскладу.

Адна з іх - на заводзе самаходных камбайнаў. Яе наладчык, які не захацеў афішаваць сваё імя, распавядае, як адбіваюцца прымусовыя адпачынку на рабочых.

«У завода сёння - афіцыйны выходны дзень. У нас проста асобная лінія - мы працуем зменамі паводле раскладу. Я наладчык. Вельмі ўсё дрэнна. Затрымліваюць заробкі, аплату працы зніжаюць. Заробак не расце, а зніжаецца. Аб'ёмы вытворчасці знізіліся - адкуль жа будзе заробак?» - кажа ён.

Малады тэрміст, які заняты на вытворчасці кармажніўнай тэхнікі, кажа, што лепш у начальнікаў спытаць, як жыць. Ягоная сям'я - ён сам і жонка. Але нават і такая сям'я павінна пазычаць грошы, калі не дапамогуць бацькі.

«Трэба ў начальства спытаць, як жыць. Заробак дагэтуль не даюць. Абяцалі за студзень да 25 лютага выплаціць, але няма. У людзей крэдыты - няма чым плаціць. Налічваюцца адсоткі. Усе жаляцца, што няма чым плаціць. Не могуць нашу прадукцыю збыць. Перакідваемся - пазычаем, зноў пазычаем. Ну, і бацькі дапамагаюць. Я на «Кармашы», тэрміст. Працы няма. Калі няма заявак, то нам, адпаведна, не прывозяць дэталі. Б’ем лынды і маем дзве траціны ад тарыфнай стаўкі, у мяне - 40 тысяч за дзень», - кажа ён.

Стаіць сёння і галаўны завод.

«Токары працую на галаўным заводзе. Нямала металу, дэталяў. Вялікая запазычанасць за электраэнэргію, за ўсё. Метал нібыта павінны купіць, але не было папярэдняй аплаты. А так ніхто не дае. Тэхніку мы пастаўлялі перш за ўсё ў Расею і Украіну. Ва Украіне самі ведаеце што. А Расея - Расея кажа: мы вам рублямі заплацім, а нашы ў адказ: давайце даляры», - распавядае працоўны.

Суразмоўца не мае ўпэўненасці, што дапрацуе да пенсіі, хоць да яе і трохі засталося. Маладым яшчэ горш. Што будзе далей, прадбачыць цяжка. У цэху ніхто нічога не тлумачыць.

«Мой майстар кажа: «Ідзіце да начальніка», а начальнік: «Ідзіце да дырэктара і дамагайцеся». Замкнёнае кола. Сёння 27 лютага - абяцалі заробак за студзень да 25, але яго і цяпер няма. У нас заробак залежыць ад катэгорыі - у мяне шостая. Калі дзве траціны, то гэта ў мяне 120 тысяч. Калі ходзім у такія «адпачынкі», то заробкі, вядома ж, падаюць. Летась за месяц па мільёне, паўтары недаатрымлівалі. Гэта для сямейнага бюджэту вялікая пляга», - кажа супрацоўнік «Гомсельмаша».

Старэйшы токар не верыць у запэўніванні, што сітуацыя ў беларускай эканоміцы стабільная і не такая ўжо і дрэнная.

«Гэта толькі кажуць, што ў нас прыгожа, але напраўду гэта не так. У Менску, як ведаю, такая ж сітуацыя на заводах. І ва ўсёй Беларусі такая. Мне два гады да пенсіі - хоць бы дапрацаваць. А што там далей - хто ведае. Моладзі што рабіць? Людзі кватэры будуюць - крэдыты трэба выплачваць 20-25-га. Сёння ўжо 27 лютага, а заробкі не даюць», - распавёў ён.

Працаўніца «Гомсельмаша» распавяла, што далёка не ўсім, хто адпраўлены ў прымусовы адпачынак, плацяць дзве траціны заробку.

«Пішам заявы на адпачынак за свой кошт з сямейных абставін - і не выходзім на працу. Ці на дзве траціны. Прымушаюць пісаць. На тым тыдні ў пятніцу адпачывалі, на гэтым - у панядзелак і сёння. Такая вось сітуацыя на заводзе - жудасная сітуацыя», - кажа яна.

Страціўшы дзяржаўныя прэферэнцыі, аб'яднанне «Гомсельмаш» пакацілася дадолу. Яго цяпер пераўтварылі ў холдынг, але істотных змен не адбылося. Камбайны неахвотна бяруць нават расейцы, а на еўрапейскім рынку яны неканкурэнтаздольныя. Аб'яднанне па вушы ў пазыках. Экс-прэм'ер, цяперашні кіраўнік высокай палаты «парламэнта» Міхаіл Мясніковіч, які наведаў «Гомсельмаш» два тыдні таму, агучыў лічбу завінавачанасці - звыш 5 трыльёнаў рублёў.

Сельмашаўцы пасля прыезду начальніка трохі абнадзеіліся: дапаможа! Цяпер, як сцвярджае працаўніца, надзеі растаюць, як ранішні снег.

«Мясніковіч нібыта абяцаў нас падтрымаць. А потым затэлефанавалі: самі шукайце, куды збываць вашу тэхніку - камбайны вашыя нікому не патрэбныя. Пераабсталявалі заводы на іншую тэхніку. І круціцеся як хочаце - вось і ўсё», - кажа яна.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках