4 траўня 2024, Субота, 3:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы з «Правага сэктару»: Калі абрынецца крамлёўская імпэрыя, дыктатура ў Беларусі таксама зруйнуецца

15
Беларусы з «Правага сэктару»: Калі абрынецца крамлёўская імпэрыя, дыктатура ў Беларусі таксама зруйнуецца

Як і чаму трапілі на вайну, пра яе кур'ёзы і страхі, а таксама пра перспектывы вяртання на Радзіму разважаюць беларусы, што ваююць у Данбасе.

Гэта інтэрв'ю з беларусамі з баявога аддзела "Правага сэктара", якія ваююць ва Украіне, рабілася з дапамогай перапіскі праз сацыяльныя сеткі. Размаўляць пад запіс, нягледзячы на абяцанне ананімнасці і запэўніванні, што гук не пойдзе ў эфір, хлопцы, разумеючы аб крымінальнай адказнасці за ўдзел у баявых дзеяннях, адказалі: "Мы перапрашаем, але на гэта пайсці не можам". Ліставанне доўжылася амаль два дні, перадае "Еўрарадыё".

- Як даўно вы ва Украіне, ехалі арганізавана або сабраліся ўжо на месцы? Што прымусіла паехаць?

- Ва Украіну прыехаў кожны сам, у кожнага быў свой шлях. Некаторыя хлопцы ўдзельнічалі ў падзеях на Майдане, некаторыя пад'ехалі пазней. Пазнаёміліся ўжо на вайне. На гэты момант беларусы ваююць у розных украінскіх падраздзяленнях. Канкрэтна мы ваюем у ДУК ПС (Добраахвотны ўкраінскі корпус "Правы сэктар" - Еўрарадыё). Хлопцы ехалі, каб дапамагчы ўкраінцам ў барацьбе супраць расейскай агрэсіі.

- У вас быў вайсковы, а можа і баявы досвед? Было навучанне перад ад'ездам у зону баявых дзеянняў?

- Беларускае войска не здольнае даць тых ведаў, якія патрэбныя на вайне. Збольшага атрымалі досвед на навучанні ва Украіне і проста на вайне.

- Хто-небудзь з тых, хто прыехаў з самага пачатку, можа, не вытрымаў і з'ехаў?

- На папярэдніх трэнінгах людзі самі разлічвалі на свае сілы і вызначаліся, варта ехаць ці не. Некаторыя з'язджалі дадому з сямейных абставін.

- Ведаеце, што вярнуцца на Радзіму, мусібыць, наўрад найбліжэйшым часам выпадзе?

- Мы разумеем, што час нашага вяртання на Радзіму напрост звязана з падзеямі ва Украіне. Перамога над "расейскім светам" - пытанне часу і ахвяр, але гэта неўнікнёна. Калі абрынецца крамлёўская імпэрыя, дыктатура ў Беларусі таксама зруйнуецца.

- Успомніце першы бой - эмоцыі, ўражанні, хваляванні?

- Баі на Данбасе - гэта не тое, што людзі бачылі ў кіно. Збольшага тут адбываюцца артылерыйскія дуэлі. Пакуль няма зеляніны, пяхота стацыянарна сядзіць на сваіх пазіцыях, і стралковыя баі адбываюцца рэдка, і, зазвычай, на вялікіх адлегласцях. Мала прыемнага ў тым, калі сядзіш пад абстрэлам артылерыі і чакаеш, куды прыляціць.

- Ведаеце, як да вас і вашага ўдзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе ставяцца ў Беларусі простыя людзі?

- Простыя людзі - гэта беларуская вата, якая глядзіць "кісель ТВ" і сэрыялы пра міліцыянтаў? Мы не праводзілі сацыялагічных апытанняў, але разумеем, яны будуць ставіцца да нас так, як ім загадае зомба-скрыня.

- Ці даводзілася сустракацца з беларусамі па той бок, якія ваююць за сэпаратыстаў?

- Да нас даходзіць інфармацыя, што беларусы ёсць на тым баку. Надоечы каля ДАП (Данецкі аэрапорт) узялі трафей - беларускую міліцэйскую куртку. Яна была запакаваная ў заплечнік, а ўладальнік ужо не змог адказаць на пытанні.

- Але ж не ўвесь час вы седзіцё ў акопах, пакуль ідуць артылерыйскія дуэлі. Асабіста вы ў баявых дзеяннях бралі ўдзел?

- Нашым хлопцам даводзілася браць удзел у лакальных аперацыях у ваколіцах Данецка. Часам гэта былі выведныя рэйды, зачысткі.

- Згадайце выпадак, калі было сапраўды страшна?

- На вайне заўсёды ёсць кантраляваны ўзровень страху, гэта дапамагае выжыць. Дрэнна, калі чалавек занадта моцна баіцца, ці калі страчвае пачуццё страху. Нельга звыкнуць да абстрэлу буйнога калібру або да танка на лініі стрэлу. Калі пачынаецца стралковы бой, а побач твае пабрацімы - страх адступае.

- А можа гісторыя, калі дзейнічалі так, як самі ад сябе не чакалі?

- На вайне бываюць розныя кур'ёзы. Аднойчы давялося абяззброіць п'янага вайскоўца УСУ (Узброеныя сілы Украіны), які пагражаў гранатай у кавярні ў мястэчку Сялідава. Ён пагражаў персаналу, каб тыя бясплатна неслі гарэлку. Мы акурат вярталіся з выведкі, былі ў цывільным адзенні, але кельнерка, напэўна, зразумела, што мы маем дачыненне да войска. Яна падышла да нас з просьбай аб дапамозе. Калі мы, у складзе 5 чалавек, падышлі да таго вайскоўца і паказалі, што ў нас ёсць такія ж гранаты, але мы не прэтэндуем на бясплатную выпіўку, ён разгубіўся і актываваў сваю гранату. Умомант наш хлопец схапіў яго за рукі такім чынам, каб не спрацаваў капсюль. Другі выбіў крэсла з-пад яго і кінуў на падлогу. Гэта адбылося даслоўна за паўсэкунды. Гісторыя, дзякуй Богу, скончылася добра. Мы адабралі ў яго гранату, далі па рэбрах і адвезлі на найбліжэйшы блокпост.

- Што ратуе на вайне: сяброўста, вера, думка пра каханую дзяўчыну?

- Найперш на вайне ратуе веданне тактыкі і верныя пабрацімы побач. Але і думкі аб сваім таксама грэюць душу.

- Ужо цяпер украінскія валанцёры кажуць, што вайскоўцам будзе патрэбная псіхалагічная дапамога...

- Пасля перамогі найлепшай рэабілітацыяй будзе адпачынак на беразе цёплага мора далёкай краіны)).

- Асабіста вы цяпер моцна адрозніваецеся ад таго чалавека, які толькі ехаў ва Украіну?

- Якім я быў, такім і застаўся. Псіхааналіз планую зрабіць у роднай Беларусі, калі скончым ва Украіне.

- Вы пішаце на сваёй старонцы, што вам патрэбная дапамога - матэрыяльная і тэхнічная. Няўжо украінская старана (хай не ўлада, але валанцёры) не здольныя забяспечыць усім патрэбным тых, хто іх абараняе?

- Уся асноўная дапамога ідзе ад валанцёраў, але ёсць выдаткі, якія яны сплаціць не могуць, накшталт заезду і выезду ў зону АТА, выдаткі на рамонт аўтамабіляў, розныя побытавыя патрэбы і г.д. Але ёсць патрэба ў больш сур'ёзным рыштунку, да гэтага заўсёды імкнецца кожная група. У нас ёсць іншыя артыкулы выдаткаў, якія цяпер агучыць не можам.

- Ці Адгукаюцца на вашыя просьбы аб дапамозе беларусы?

- Пра дапамогу мы заявілі кагадзе, але водгукі ад беларусаў і ўкраінцаў ужо ёсць.

- Думаеце атрымліваць украінскае грамадзянства?

- Мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і іншых варыянтаў не разглядаем.

- Ці даводзілася вам браць палонных? Хто гэта быў, і як яны тлумачылі свой удзел у канфлікце?

- Асабіста мы палонных не бралі, але ўдзельнічалі ў канваяванні. Больш дадаць няма чаго.

- Як да вас ставяцца мясцовыя жыхары?

- Людзі ёсць розныя, некаторыя прыносяць нам баршчы, а некаторыя раскідваюць радыёліхтары паблізу нашых пазіцый.

- У вас заўсёды з сабой бел-чырвона-белы сцяг?

- Сцягі з сабой ёсць, таксама зрабілі свае шаўроны.

- Ёсць магчымасць слухаць беларускія песні? Які ў вас улюбёны альбом беларускага рок-гурта ці выканаўцы?

- Вельмі папулярны сярод украінцаў гурт "Ляпіс Трубяцкі", некаторыя з нашых умеюць граць на гітары. Часам на перадавой лініі гучаць беларускія песні.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках