4 траўня 2024, Субота, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктары крам пра «праверкі»: Справа дойдзе да бойкі

12
Дырэктары крам пра «праверкі»: Справа дойдзе да бойкі

Некаторыя камэрцыйныя структуры амаль легальна займаюцца выбіваннем грошай у кіраўнікоў гандлёвых аб'ектаў.

Аб праблеме эвалюцыі спажывецкага экстрэмізму піша агенцтва «Минск-Новости».

Бабулька, стоячы пасярод гандлёвай залы вялікай сеткавай крамы, трэсла кулакамі:

- Дзяцей патруціце гэтымі сыркамі!

Пакупнікі з цікавасцю назіралі за разгортваннем сцэны. Да бабулі падышлі два ахоўнікі і пад рукі вывелі вонкі. Нішто сабе! Журналіст сумеўся і паспяшаўся да дужых дзецюкоў:

- Вы не перастараліся?

- Паважаны, гэтая жанчына вычварае гэткую штуку не першы раз! Прыносіць з сабой засохлы глазураваны сырок, а затым патрабуе кампэнсацыі шкоды, ды і наогул, каб крама задарма ёй дала набор харчоў.

Так, праблема спажывецкага экстрэмізму існуе. І не ў нас першых яна з'явілася. Разам з тым у юрыдычнай і даведачнай літаратуры тэрміну «спажывецкі экстрэмізм» няма. Пад ім зазвычай разумеецца несумленнае маніпуляванне спажыўцом нормамі закона, асноўная мэта якога - не абарона сваіх правоў, а атрыманне матэрыяльнай выгады і даходу.

У Менску рознага кшталту ТАА (юрыдычныя асобы) пад выглядам грамадскіх аб'яднанняў абароне правоў спажыўцоў патрабуюць грошы ў кіраўнікоў гандлёвых сетак і крам за нібыта выяўленыя хібы (пратэрмінаваны, разгерметызаваны або некандыцыйны тавар ды іншае) на правядзенне навучання, сэмінараў пад іх эгідай. Прычым крамы павінны дасылаць на іх сваіх супрацоўнікаў як мінімум па 3-5 чалавек. А каштуюць такія сэмінарскія паслугі (ёсць і такса!) ад 530 да 750 тысяч рублёў за аднаго работніка на дзень.

Самае брыдкае, сцвярджаюць кіраўнікі гандлёвых аб'ектаў, што так званыя абаронцы самі мэтанакіравана ладзяць розныя паскудствы. Выяўляецца, вастрэйшы за лязо бывае жаночы пазногаць. Ім лёгка можна разрэзаць вакуумнае апакаванне кожнага мяснога або рыбнага прадукту. Або звычайнай сашчэпкай ускрыць слоік кансэрваў.

А чаго толькі не падкідваюць на паліцы - і пратэрмінаваныя малочныя вырабы, і рыбу, і хлебную прадукцыю. Перасягнула іх усіх адна паважаная дама-юрыстка, якая сцвярджала, што нібыта выявіла ў торце (!) галаву ад селядца.

- Фактаў такой правакацыйнай дзейнасці ў сталіцы больш чым дастаткова, - паведаміў першы віцэ-старшыня ГА «Менскі сталічны звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў» Віктар Маргелаў. - Ды і некаторыя таварыствы абароны правоў спажыўцоў перасягаюць усякія межы.

Дырэктар універсама «Цэнтральны» Аляксандр Алексяйчук шчыра заявіў, што калі такія кантралёры і далей будуць бескантрольна хадзіць па крамах, то справа неўзабаве дойдзе да бойкі.

- Вось, - дырэктар паклаў пачак кантрактаў, рахункаў-фактур, актаў аб выкананых работах навучанняў-сэмінараў так званых правяральнікаў. - Гэта толькі за месяц, на суму больш як 10 млн рублёў. Дык гэта яны хочуць ад адной нашай крамы! Калі я ім буду плаціць, то ўсе гэтыя сумы, вядома, прыпадуць на выдаткі. Пра якую рэнтабельнасць, эфэктыўнасць працы можна весці размову?! Але вось што цікава: усе, хто прыходзіць з так званымі праверкамі, спасылаюцца на Міністэрства гандлю: нібыта яны дзейнічаюць з яго санкцыі! Ці ведаюць там пра гэта?

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках