Распаўсюднікі сцягоў СССР з'явіліся ў абласных цэнтрах
32- 19.03.2015, 16:21
- 21,435
Сцяжкі распаўсюджваюць не толькі ў Менску, але і ў Віцебску з Гародняй.
Некалькі дзён таму паступіла паведамленне ад аднаго з чытачоў charter97.org з Оршы, што на вуліцах горада зноў з'явіліся гандляры сцягамі сумнеўнай сімволікі. На гэты раз мінакам прадавалі сцяжкі СССР.
«На ажыўленым скрыжаванні ў Оршы каля гарадскога рынку малады хлопец зладзіў бойкі гандаль сімволікай СССР. Карыстаючыся тым, што аўто на «чырвоны свет» у гэтым месцы прыходзіцца прастойваць па 40-50 секунд, за змену святлафора ён паспяваў рэалізаваць 3-4 сцяжкі. Як потым высветлілася, за 20 тысяч рублёў», - паведаміў ён charter97.org.
У рэдакцыю паступілі і іншыя паведамленні.
«14 сакавіка суб'ект, падобны на гэтага, раздаваў сцяжкі на святлафоры каля канцэртнай залы «Менск». Нейкі кіроўца наперадзе паабяцаў шчанюку «засунуць усе сцяжкі ў адно месца прылюдна», чым ашаламіў усіх мінакоў. «Патрыёт» адышоў і загарэўся зялёны. Эх, якое відэа сарвалася!», - піша чытач charter97.org>.
Пра чалавека са сцяжкамі каля канцэртнай залы «Менск» паведамілі і іншыя менчукі.
«Бачыў там жа гандляра сцяжкамі. І бяруць!», - здзіўляецца чытач.
Мянчук Багдан Каравец публікуе фота аднаго з распаўсюднікаў сцягоў СССР у Менску.
«На вуліцы Леніна ў Менску. І што з ім рабіць? Канфіскацыя крымінальная?», - піша ён.
Вот и фоторобот #СССР с флагами на #Ленина #Минск это #Беларусь!
И что с ним делать, конфискация уголовна? pic.twitter.com/jetUc5A40O
— Бог, А* просто Бог (@Korovets) March 17, 2015
Дарэчы, менавіта аб гэтым месцы пазней напісалі чытачы charter97.org (у «Фэйсбуку»): незадаволеныя менчукі разагналі гандляроў савецкай сімволікай.
Паступаюць таксама паведамленні і з іншых гарадоў.
«15 сакавіка бачыў у Віцебску на будаўнічых рынках. Думаў, здалося. Дарэчы, той жа хлопец», - напісаў студэнт з Віцебска.
«16 сакавіка ўвечары гэтыя двое прадавалі савецкія сцягі апісаным у артыкуле чынам каля Менаблвыканкама. Мне падалося, вельмі арганізавана. Праўда, гэтыя сцягі ніхто не купляў», - напісаў чытач з Менска.
«У пераходзе метро «Малінаўка» 16 сакавіка каля 18:00 здаровы дзяцюк соваў мінакам нейкія чырвоныя сцяжкі», - піша чытач.
Таксама паведамляюць пра распаўсюд гэтых сцяжкоў 15 сакавік каля «Экспабела».
У Гародні на сімволіку СССР і Расеі адрэагавалі жорстка: некалькі дзён таму невядомыя прабілі колы аўтамабіля са сцягам Расеі.
Нагадаем, раней неаднаразова паведамлялася пра раздачу на вуліцах населеных пунктаў Беларусі сцягоў Расеі. Такія выпадкі зафіксаваныя як у Менску, так і ў іншых абласных цэнтрах і буйных гарадах. Пра гэта паведамлялі жыхары Бабруйска, Гародні, Віцебска, Гомеля, Оршы, Полацка, Баранавічаў. Раздачу сцягоў арганізуюць прарасейскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі.