25 красавiка 2024, Чацвер, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Дурыцкая: Мяне трымаюць пад аховай і не выпускаюць з Расеі

8
Ганна Дурыцкая: Мяне трымаюць пад аховай і не выпускаюць з Расеі

Сведка забойства Барыса Нямцова распавяла «Дажджу» пра тое, што адбылося вечарам у пятніцу, калі было ўчыненае злачынства.

Ганна Дурыцкая адзначыла, што яе дапытваюць трэці дзень і не выпускаюць з Расеі, перадае тэлеканал «Дождж».

Паводле ейных слоў, яны з Барысам Нямцовым сустрэліся ў кавярні ля ГУМа, пасля чаго наважылі ісці да дому палітыка пехатой. Нічога падазронага, са слоў дзяўчыны, да моманту забойства не адбывалася. Са слоў Ганны, у Барыса стралялі ззаду. Яна не бачыла асобы забойцы. Дзяўчына памятае толькі светлы аўтамабіль, што імкліва з’ехаў. Адразу пасля стрэлаў яна пабегла да снегазборнай машыны, каб спытаць нумар тэлефона паліцыі.

Ганна Дурыцкая таксама адзначыла, што цяпер знаходзіцца ў кватэры ў сяброў у Маскве. Са слоў дзяўчыны, да яе прыстаўленая 24-гадзінная ахова. Ёй не даюць выехаць ва Ўкраіну. Дагэтуль доўжацца следчыя дзеянні.

«Я не давала ніякіх падпісак, і я маю поўнае права пакінуць тэрыторыю Расеі. Я выканала ўсе следчыя дзеянні. Я не разумею, што я яшчэ магу зрабіць, і чаму мяне не могуць адпусціць», - сказала Ганна.

Барыс Нямцоў быў застрэлены позна ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце. Невядомы зрабіў шэсць стрэлаў у палітыка, чатыры кулі трапілі ў Нямцова, рана ў сэрца была смяротнай. Праз дзень тэлеканал ТВЦ апублікаваў відэазапіс з камеры відэаназірання, на якой быў бачны момант забойства: стрэл у палітыка зрабіў чалавек, які хаваўся на лесвіцы, што вядзе на мост. Пасля таго, як ён стрэліў у Нямцова, невядомы сеў у аўтамабіль, што праязджаў міма і ўцёк. На відэа паказана, як снегазборная машына, якая накіроўвалася за Нямцовым і яго спадарожніцай, закрывае іх сілуэты проста ў момант забойства.

Развітанне з палітыкам пройдзе ў аўторак, 3 сакавіка, у Сахараўскім цэнтры з 10:00 да 14:00. Нямцова пахаваюць на Траякураўскіх могілках. 1 сакавіка ў Маскве прайшло шэсце, прысвечанае ягонай памяці - ад Славянскай плошчы да месца забойства палітыка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках