19 красавiка 2024, Пятніца, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: Пуцін нясе наўпроставую адказнасць за забойства Нямцова

6
Гары Каспараў: Пуцін нясе наўпроставую адказнасць за забойства Нямцова

Заходнія лідары павінны заявіць самымі моцнымі словамі, што, пакуль Пуцін ва ўладзе, з Расеяй будуць абыходзіцца як са злачынным рэжымам, выгнанцам.

Пра гэта піша ў артыкуле для The Wall Street Journal палітык Гары Каспараў, паведамляе Инопресса.ру.

"Уладзімір Пуцін фактычна пачаў і скончыў расследаванне ў момант, калі цела Барыса Нямцова яшчэ не ачахла - ён назваў гэта забойства "правакацыяй", - падкрэсліў Гары Каспараў. - Гэты вытанчаны тэрмін выкарыстоўваецца, каб падказаць: ворагі расейскага прэзідэнта забіваюць адзін аднаго, каб пасарамаціць бессаромнага".

Нямцоў "быў гарачым крытыкам вайны Пуціна ва Украіне і сканчаў даклад аб прысутнасці расейскіх вайскоўцаў у распляжаным Данбасе - а гэта пункт, які Крэмль хавае, не шкадуючы ніякіх сіл. Але пытанне "Ці загадаў Пуцін гэта зрабіць?" здаецца сёння такім жа марным, як у 2006-м, калі застрэлілі журналістку Паліткоўскую, а крытык Пуціна Літвіненка быў атручаны ў Лондане, ці як летась, калі над Усходняй Украінай быў збіты авіялайнэр Malaysia Airlines"- гаворыцца ў артыкуле.

Каспараў мяркуе: "Незалежна ад таго, ці аддаваў прэзідэнт Пуцін загад, няма сумневаў, што ён нясе наўпроставую адказнасць за стварэнне варункаў, у якіх гэтыя абуральныя падзеі адбываюцца з гэткай жахлівай чашчынёй". На ягоную думку, Пуцін стаў публічна падтрымліваць самыя рэпрэсіўныя, рэакцыйныя і крыважэрныя элемэнты, стварыў "культуру смерці і страху", каб утрымаць уладу.

Каспараў успамінае, што прыняў вяртанне Пуціна ў Крэмль у 2012 годзе за канец усіх спадзяванняў на змену рэжыму мірным палітычным спосабам. Але Нямцоў не траціў аптымізму.

"Мы не можам у дакладнасці прадбачыць, які жах на чарзе цяпер - працягвае Каспараў - мы ведаем толькі, што будуць новыя жахі, пакуль прэзідэнт Пуцін застаецца ва ўладзе. Ягонае ўладаранне скончыцца толькі ў тым выпадку, калі расейскі народ і эліта ўсвядомяць: пакуль ён ва ўладзе, у іх няма будучыні". У гэты момант расейцам уяўляецца, што Пуцін непераможны і непахісны.

Каспараў раіць заходнім лідэрам выказаць падтрымку ўдзельнікам жалобнага шэсця: .."Заходнія лідары павінны заявіць самымі моцнымі словамі, што, пакуль Пуцін ва ўладзе, з Расеяй будуць абыходзіцца як з злачынным рэжымам, выгнанцам. Скасуйце эрзац-перамовы. Прадайце Украіне зброю, якая будзе азначаць, што за агрэсію Пуціна давядзецца плаціць надзвычайную палітычную плату. Скажыце расейскім алігархам, усім і кожнаму, што, пакуль яны служаць пуцінскаму рэжыму, іхнія грошы не будуць у бяспецы нідзе на Захадзе", - піша ён. Але, на думку Каспарава, пакуль рэакцыя Захаду не абнадзейвае.

Так заканчвае артыкул аўтар: "Магчыма, мы ніколі не даведаемся, хто забіў Барыса Нямцова. Але мы ведаем: чым хутчэй сыдзе прэзідэнт Пуцін, тым больш шанцаў унікнуць хаосу і гвалту, якіх баяўся Барыс".

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках