2 траўня 2024, Чацвер, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джамілеў: Крым будзе вызвалены ад акупантаў, але не ваеннымі метадамі

5
Джамілеў: Крым будзе вызвалены ад акупантаў, але не ваеннымі метадамі

Аўтаномная Рэспубліка Крым, якая была акупаваная Расеяй у сакавіку 2014 года, будзе вызваленая, але не ваеннымі метадамі.

Як паведамляе карэспандэнт УНІАН, пра гэта ў часе брыфінгу ў Кіеве сказаў Упаўнаважаны прэзідэнта ў пытаннях крымскататарскага народа Мустафа Джамілеў.

«Учора я вярнуўся з ЗША, дзе праходзіла пасяджэнне Рады бяспекі ААН. Расейцы яго байкатавалі, але ўсе чальцы Рады бяспекі аднадушна казалі пра тое, што акупаваныя тэрыторыі будуць вызваленыя, і сусветная супольнасць будзе прыкладаць да гэтага ўсё, што ад іх залежыць, - сказаў Джамілеў. - Але мы вельмі спадзяемся, што тэрыторыі будуць вызваленыя не ваенным шляхам. Бо ваенным шляхам, гэта будзе азначаць загубу многіх тысяч людзей. Думаю, што ў сусветнай грамадскасці дастаткова механізмаў, каб прымусіць агрэсара пакінуць акупаваныя абшары».

Джамілеў падкрэсліў, што агрэсар будзе пакараны, а акупаваныя тэрыторыі вернуцца ва Украіну. «І завадатары будуць перададзеныя ў рукі правасуддзя. Але каб гэта здарылася як мага хутчэй, патрэбная максімальная канцэнтрацыя ўсіх сіл і людзей вакол Украіны, - адзначыў Джамілеў.- Цяпер пачалася новая халодная вайна, якая ў кожны момант можа перайсці ў іншую стадыю, якая далучыць новыя краіны. І цяпер трэба зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтага».

Нагадаем, у лютым 2014 года Расея ўвяла войскі на тэрыторыю ўкраінскага Крыму і ў сакавіку, пасля правядзення на паўвыспе нелегітымнага рэферэндуму, анэксавала яе. У выніку такіх дзеянняў Украіна страціла магчымасць мець якія-небудзь вытворчыя і фінансавыя стасункі з паўвыспай, а ўкраінская маёмасць была «нацыяналізаваная» новымі ўладамі Крыма. На працягу 2014 года ЗША і ЕЗ прынялі шэраг санкцый у дачыненні да крымскіх улад, а ў снежні 2014 года Прэзідэнт ЗША Барак Абама распарадзіўся забараніць гандаль ды інвэставанне ў акупаваны Расеяй Крым.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках