Нелегальныя цыгарэты з Беларусі сталі праблемай для ўсяго ЕЗ
2- 22.03.2015, 15:58
- 12,507
На латвійскай мяжы ў 2014 годзе было канфіскавана 73 млн цыгарэт, і большасць былі з беларускімі акцызнымі маркамі.
З улікам інтэнсіўнасці патоку нелегальных цыгарэт з Беларусі Служба дзяржаўных даходаў (СДД) Латвіі падтрымлівае ўзмацненне літоўскімі калегамі кантролю на межах з Латвіяй і Польшчай, бо нелегальныя цыгарэты беларускага паходжання апошнімі гадамі сталі праблемай усяго ЕЗ.
Каментуючы інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, аб тым, што літоўская мытня ўзмацняе кантроль на латвійскай мяжы праз паток нелегальных цыгарэт, СГД адзначае, што паводле даследавання Nilsen Company аб абароце цыгарэт у Латвіі 69% агульнага спажывання нелегальных цыгарэт у краіне складаюць менавіта беларускія цыгарэты, піша Delfi.lt.
Своечасова рэагуючы на гэтую тэндэнцыю, Латвія яшчэ некалькі гадоў таму ўзмацніла захады ў кантролі на латвійска-беларускай мяжы. У выніку Латвія ўвайшла ў лік пяці краін, дзе цягам апошніх васемнаццаці месяцаў назіраецца стабільнае зніжэнне незаконнага спажывання цыгарэт на 1,8%.
Раней аўдытарская кампанія KPMG заявіла, што ў перыяд з 2009 да 2013 маштаб распаўсюджвання нелегальных беларускіх цыгарэт узрос з трох да адзінаццаці краін. Распаўсюджванне нелегальных беларускіх цыгарэт у Еўропе ў такім шырокім маштабе кажа пра тое, што іх ужо нельга разглядаць як праблему асобных краін.
На латвійскай мяжы ў 2014 годзе было канфіскавана 73 млн цыгарэт, і большасць былі з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх спрабавалі завезці ў Латвію па чыгунцы, на грузавых і легкавых аўтамабілях, пераправіць праз "зялёную" мяжу і на плытах праз Даўгаву.