28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер-міністр Грэцыі запатрабаваў ад Мэркель грошай для выплаты запазычанасці

13
Прэм'ер-міністр Грэцыі запатрабаваў ад Мэркель грошай для выплаты запазычанасці

Афіны не змогуць выплаціць запазычанасць найбліжэйшым часам, калі ЕЗ не выдасць краіне кароткатэрміновую фінансавую дапамогу.

Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас папярэдзіў канцлерку Нямеччыны Ангелу Мэркель аб тым, што Афіны не змогуць выплаціць запазычанасці найбліжэйшым часам, калі ЕЗ не выдасць краіне кароткатэрміновую фінансавую дапамогу. Пра гэта паведамляе газета The Financial Times, у распараджэнні якой апынуўся ліст Цыпраса да Мэркель ад 15 сакавіка.

Паводле інфармацыі выдання, кіраўнік грэцкага ўрада інфармуе канцлерку ФРГ аб тым, што Афіны прыкладуць усе намаганні для таго, каб выплаціць пенсіі і заробкі напрыканцы гэтага месяца. Пры гэтым, «да канца красавіка ў Грэцыі могуць скончыцца гатовыя грошы», гаворыцца ў пасланні, піша Lenta.ru.

Цыпрас таксама адзначае, што яму давядзецца выбіраць паміж патрэбай сплаты запазычанасцяў перад Міжнародным валютным фондам ці ж сацыяльнымі выплатамі. Выбар на карысць першага варыянту можа прычыніцца да «значнага пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ў Грэцыі».

Ліст Мэркель Цыпрас адправіў яшчэ да таго, як канцлерка пагадзілася пагутарыць з ім на палях саміта ЕЗ у чацвер, 19 сакавіка, і запрасіла яго на двухбаковую сустрэчу ў Бэрлін, якая адбудзецца ў панядзелак, 23 сакавіка.

Агульная сума запазычанасці Грэцыі перад крэдыторамі складае 320 мільярдаў еўраў. У лютым Еўрагрупа ўхваліла план грэцкіх рэформаў і падоўжыла праграму фінансавай падтрымкі Афін да чэрвеня 2015 года.

У той жа час сфармаваны левай партыяй СІРЫЗА новы ўрад Грэцыі адмоўна ставіцца да патрэбы ўвядзення рэжыму эканоміі, які з'яўляецца ўмовай фінансавай падтрымкі з боку міжнародных крэдытораў.

Раней Еўрапейскі Цэнтрабанк заяўляў, што не будзе браць удзелу ў спісанні або рэструктурызацыі запазычанасці Грэцыі. Выключылі такую магчымасць таксама Нямеччына і Францыя. На фоне грэцкага крызісу ўздымалася пытанне аб магчымым выхадзе краіны з еўразоны.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках