27 красавiка 2024, Субота, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч распавёў праўду пра ціск на палітвязняў

29
Мікалай Статкевіч распавёў праўду пра ціск на палітвязняў

Палітык асуджае тых апазіцыянераў, якія заклікаюць Захад весці дыялог з Лукашэнкам.

Мікалай Статкевіч праз скаргі ў пракуратуру спрабуе, як ён кажа, «задакументаваць» парадкі, якія дзейнічаюць у шклоўскай калоніі ў дачыненні да палітычных зняволеных, паведамляе «Радыё Свабода».

Каб ціснуць на вязняў, з ягоных слоў, у калоніі створана цэлая сістэма. Зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй у справе ціску, атрымліваюць прывілеі. Так, некаторым «зняволеным пры ўладзе» дазволена мець нават асабістых «ад'ютантаў».

Жонка Мікалая Станкевіча Марына Адамовіч распавяла пра апошнія скаргі свайго мужа, дасланыя ў пракуратуру, і пра тое, чаго гэта яму каштавала.

«Пачну з таго, што сваё цяперашняе знаходжанне ў шклоўскай калоніі Мікалай уважае часовым. Ён кажа, што адміністрацыя плануе і робіць усё магчымае, каб адправіць яго зноў у турму. Дык вось, ён робіць усё, каб задакументаваць тое, што там адбывалася і адбываецца ў дачыненні да палітвязняў. Маю на ўвазе яго першае знаходжанне ў шклоўскай калоніі пасля суда, калі там апынулася адразу 5 палітвязняў, і цяперашняе знаходжанне ў шклоўскай калоніі пасля магілёўскай турмы.

Мікалай накіраваў ужо дзве скаргі ў Генпракуратуру. У канцы студзеня паскардзіўся на тое, як праз надуманыя прычыны накладаюць пакаранні. Толькі праз два месяцы, у сакавіку, мужа азнаёмілі з адказам магілёўскай управы Дэпартамента выканання пакаранняў, якое рабіла праверку паводле скаргі. Зразумела, фактаў ужывання фізічнага і маральнага ўздзеяння правяральшчыкі не знайшлі, і таму Мікалай Статкевіч склаў новую скаргу, у якой пералічыў факты фізічнага і маральнага ціску на яго з тых часоў, як яго змясцілі ў гэтую калонію яшчэ ўлетку 2011 года. Апісаў усё падрабязна, і рэакцыя ў адказ, як гаворыцца, не прымусіла сябе чакаць. У той жа дзень, як ён кінуў у скрыню скаргу, на яго склалі чарговы пратакол аб нібыта неналежным выкананні абавязкаў і аб парушэнні рэжыму. Мікалай мяркуе, што з яго маюць намер у чарговы раз зрабіць злоснага парушальніка, каб накіраваць у ШІЗА (штрафны ізалятар) або ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).

Мікалай Статкевіч напісаў у Генпракуратуру і пра тое, як у калоніі ўжываюць паслугі атрадных «заўхозаў», каб ціснуць на палітычных. На ягоную думку, з 2011 года ад палітвязняў у калоніі пачалі патрабаваць пісаць заявы аб памілаванні. Да гэтага падключыліся зняволеныя, якія атрымалі пэўныя гаспадарчыя пасады - напрыклад, так званых атрадных «заўхозаў» і іх хаўруснікі. «Не маючы асобных паўнамоцтваў на кіраванне іншымі асуджанымі, яны часта ўжываюць псіхалагічны ці нават фізічны ціск, выкарыстоўваючы для гэтага групу сваіх «хаўруснікаў». Узамен яны маюць цэлы шэраг ільгот і прэферэнцый ад кіраўніцтва», - напісаў Мікалай Статкевіч.

Паводле назіранняў палітыка, некаторыя «заўхозы», якія ўдзельнічалі ў ціску на палітвязняў, раней за тэрмін выйшлі на волю праз умоўна-датэрміновае вызваленне.

«Мікалай пра гэта даведаўся, калі ў другі раз трапіў у тую ж шклоўскую калонію. Высветлілася, што тыя заўхозы, якія павінны былі яшчэ сядзець, бо мелі вялікія тэрміны, ужо вызваліліся. Мікалай ведае дакладныя факты, ведае прозвішчы тых, каму прапанавалі арганізаваць ціск ці нават правакацыі супраць яго асабіста. І гэтыя людзі, і іх памочнікі ўжо на волі», - кажа Марына Адамовіч.

Асобнага аповяду заслужылі так званыя «ад'ютанты зняволеных пры ўладзе».

«Як апавядае Мікалай Статкевіч, у Шклоўскай калоніі адміністрацыя набліжае да сябе некаторых зняволеных і дае ім прывілеі. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў так званага самакіравання, які асуджаны за забойства на вялікі тэрмін, мае там уласнага ад'ютанта. Гэты «ад'ютант» гатуе ежу і з іншага атрада праз усю тэрыторыю калоніі носіць гэтыя сняданкі, абеды і вячэры. Мабыць, гэта ўзгоднена з адміністрацыяй, калі «ад'ютанта» прапускаюць усе пасты ўнутры калоніі», - распавяла Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч у шклоўскай калоніі знаходзіцца ў першым атрадзе, жыве ў адзінай на ўвесь атрад агульнай казарме. Палітвязень атрымаў працу ў камандзе прыбіральшчыкаў. Мікалаю Статкевічу даручана прыбіраць плошчу. Прычым, паводле звестак, тэрыторыю, якую трэба прыбіраць, нядаўна ў пяць разоў павялічылі, а колькасць прыбіральшчыкаў скарацілі.

«Бываюць правакацыі, калі хтосьці бярэ чысты ліст паперы, раздзірае на шматкі і раскідвае на плошчы, толькі што прыбранай, каб справакаваць Мікалая на канфлікт з іншымі вязьнямі. Ён заўважыў, што такое ўжо было ў час ягонага першага знаходжання ў гэтай калоніі і што на такія правакацыі ён не паддасца», - паведаміла Марына Адамовіч.

Паводле яе слоў, Мікалай Статкевіч працягвае ўважліва сачыць за палітычнымі падзеямі ў Беларусі, а таксама вакол краіны і рэагуе на гэтыя падзеі. Так, ён па-ранейшаму мяркуе, што самым лепшым удзелам у выбарчай кампаніі для апазыцыйных сілаў было б вылучэнне адзіным кандыдатам у прэзідэнты аднаго з палітвязняў, што дазволіць заняць зручную пазіцыю і выйсці з выбарчай кампаніі, калі ўлады не зарэгіструюць такога кандыдата. Таксама Мікалай Статкевіч выказаўся ў дачыненні тых палітыкаў у Беларусі, якія згодныя на паляпшэнне стасункаў Захаду з беларускім рэжымам за кошт памяншэння ўвагі да праблемы палітвязняў. Такія «манеўры» Мікалай Статкевіч не ўважае ні карыснымі, ні маральнымі для Беларусі.

Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі пратэстаў пасля выбараў 19 снежня 2010 года. Сваёй віны палітык не прызнаў і дагэтуль адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні. Пасля суда амаль два гады Мікалая Статкевіча трымалі ў шклоўскай калоніі. Потым, як злоснага парушальніка рэжыму, - у крытай магілёўскай турме, адкуль зноў перавялі ў калонію ў Шклове ў студзені 2015

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках