29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Марачкін: Усіх не перасаджаюць

8
Алесь Марачкін: Усіх не перасаджаюць

Прыйдзе час і Дзень Волі стане дзяржаўным святам.

Дзень Волі 25 сакавіка беларусы Варшавы адзначылі разам з легендарным мастаком, кіраўніком аб’яднання «Пагоня» Алесем Марачкіным, які нядаўна адсвяткаваў 75-летні юбілей. Сустрэчу з мастаком, які стаяў ля вытокаў беларускай незалежнасці, арганізаваў Беларускі дом у Варшаве.

Алесь Марачкін узяў удзел у цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча, якую заснаваў сайт charter97.org, а затым распавёў, што значыць для яго Дзень Волі, як беларусы змагаліся за свабоду сваёй краіны цягам многіх гадоў і паказаў свае карціны, многія з якіх сёння забароненыя ў Беларусі.

«У нас былі папярэднікі, якія робяць нас моцнымі і даюць прыклад у барацьбе за свабоду і правы чалавека. Успамінаю тых, каго ведаў асабіста. Вялікая Ларыса Геніюш - паэтка, якая прайшла праз церні ГУЛАГу, праз турмы. Сяргей Новік - вядомы спявак, паэт, які таксама прайшоў праз турмы сталінскага рэжыму і працягваў гэтую лінію барацьбы за правы і свабоду. Мае сучаснікі, якіх ужо няма з намі, яны сышлі ў іншы свет - Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін. Гэта тыя людзі, патрыёты, якія не здрадзілі ідэалам Беларусі і ідэям 25 сакавіка. Віктар Івашкевіч быў душой усіх масавых акцый пратэсту ў Беларусі. Разумею, як яго не хапала на акцыі ў Дзень волі і ў гэтым годзе», - сказаў кіраўнік суполкі «Пагоня».

Марачкін адзначыў, што хацеў бы правесці ў Беларускім доме ў Варшаве сваю выставу, але вывозіць з Беларусі карціны даволі рызыкоўнае мерапрыемства - ёсць пагроза канфіскацыі. Таму мастак паказаў на экране некаторыя свае карціны, суправаджаючы іх злабадзённымі каментарамі:

«Вось твор, у якім я паказаў жахлівую агрэсію Расеі ва Украіне - «Хрыстос і Антыхрыст». Хрыстос нам наказваў: «Любіце адзін аднаго, як і я вас люблю». Але мы бачым з боку Расеі, з боку Пуціна гэтую агрэсію. Фактычна ідзе фашызацыя ўсёй Расеі. Гэты твор быў паказаны на адной з выстаў.

Я наіўны чалавек і намаляваў карціну з выказванняў Лукашэнкі - ён быццам не прызнае гэтую агрэсію, не прызнае «ДНР», ён быццам бы за цэласнасць Украіны. Але напраўду ўсё гэта хлусня - мой твор быў зняты з выставы ў Менску.

А вось карціна «Навала». Звярніце ўвагу на герб Расейскай імперыі на карціне. Нічога не змянілася, і вобраз РПЦ, прадстаўнікі якой дабраслаўляюць агрэсію гэтага «рускага свету»...

Я напісаў карціну і да Чэмпіянату свету ў хакеі ў Менску - «Хакеіст». Тут ледзь вядомым вобраз Пуціна, маска ўсім вам добра вядомага чалавека і на гарызонце ўжо пабудаваная атамная станцыя. А вунь тыя маленькія кропкі - наш люд, які на гэтым возеры ловіць рыбку. Твор быў фактычна арыштаваны і не дапушчаны да выставы. Звярніце ўвагу на дэталь - каларадская стужачка і зламаны грэбень з надпісам «Рашачэска».

У Ізраілі ёсць Сцяна плачу, а вось гэта - беларуская Сцяна маўчання.

Але мы маўчаць не будзем, мы будзем змагацца. Вельмі мне прыемна, што сярод лаўрэатаў прэміі charter97.org ёсць рэжысёр Антон Цялежнікаў. Нашы мастакі малююць не толькі кветачкі, але і паказваюць у сваіх творах тое, што адбываецца ў Беларусі».

Алесь Марачкін таксама прэзентаваў сваю кнігу вершаў «Калодзеж у жыццё» і прачытаў верш «На Свабоду».

«Напісаны верш у 2001 годзе, але ён актуальны і сёння, бо наперадзе выбары самі ведаеце каго», - сказаў мастак.

«У хаце сякера пад лава, у чалесьніку - качарга,
на покуці - цмок вусаты І цмакалятаў чарга.
Бяззубыя, шэрыя здані паўзуць ды Яго, вусач,
Праз шчыліны тэлескрыні даверлівага гледача.

На печы - кажух заспаныя, пад печчу - Сваяк дамавік,
цмок в е багны - у хаце за пана. Звыкся Ў ёй Жыць, прывык.

Штодзень ён прарочыць, вяшчуе. Рагатае пекла - ня рай.
Усім хто чуе, ня чуе. Даводзіць: «Мяне выбірай.
Мяне. Маю чэлядзь ... навечна. Хоць в е багны я, ды ваш кумір.
Я Шчыра ... Я сьціплы, сардэчны. Са мной Будзе Згода І мір».

Пекла роспачы І адчаю пад Лава сякеру Шукаю.
Я ведаю, Зноў ашукае.
Трымайся, як мага.
Як стрэльбы, стаіць качарга».

Алесь Марачкін прыгадаў, як Дзень Волі адзначаўся ў 1970-1980-я гады ў СССР ва ўмовах падполля:

«Мы, мастакі, спрабавалі разбураць муры гэтага савецкага «раю». І ў пачатку 1980-х гадоў выйшлі з падполля. На стагоддзе паэта Максіма Багдановіча (вы ўявіце, сёння такога быць не можа) на сцэне на ўрачыстым мерапрыемстве выставілі маю карціну «Пагоня Багдановіча» са словамі «Старадаўняй літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!». Гэта было і гэта аб'ядноўвала людзей.

Сёння ў Беларусі шмат такой моладзі, а тады нас былі адзінкі - мастакі, паэты... А цяпер людзей куды больш, цяпер усіх не перасаджаюць. Прыйдзе час і 25 сакавіка будзе дзяржаўным святам, выхадным днём, і мы будзем збірацца, не баючыся і не пытаючыся дазволу. Гэтым мы жыве і так яно і будзе. Жыве Беларусь!».

Алесь Марачкін
Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках