5 траўня 2024, Нядзеля, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Навальны: Нямцоў забіты спецслужбамі ці праўладнай арганізацыяй

15

Адзін з лідараў расейскай апазіцыі назваў свае версіі забойства Барыса Нямцова.

Пра гэта Аляксей Навальны напісаў на сваім сайце. Падаем тэкст артыкула палітыка цалкам:

«Сёння хаваюць Барыса Нямцова. Адвітацца з ім я не змагу - маскоўскія суды паведамілі мне, што нічога такога экстраардынарнага, дзеля чаго можна на некалькі гадзін прыпыніць адбыванне адміністрацыйнага арышту, не адбылося.

Ну, значыць, прыйду да яго на Траякураўскія могілках потым - часу ў яго цяпер стане на ўсіх.

Некалькі дзён я абмяркоўваў усё гэта і цяпер хачу падзяліцца сваімі думкамі.

Без эмоцый, наколькі гэта магчыма.

1. Я мяркую, што Нямцоў быў забіты ўдзельнікамі ўрадавай (спецслужбы) або праўладнай арганізацыі на загад палітычнага кіраўніцтва краіны (у тым ліку Уладзіміра Пуціна).

Пытанне толькі ў тым, як быў сфармуляваны гэты загад:

- вы павінны забіць Нямцова

або

- вы павінны правесці гучную акцыю з розгаласам

2. Годзе ўжо паўтараць лухту пра «Барыса забіла атмасфера нянавісці». Ну якая атмасфера, га? Атмасфера нянавісці ў нас з 2007 года, а за апошнія месяцы мы бачым арганізацыйнае будаўніцтва праўрадавых экстрэмісцка-тэрарыстычных груп, якія шчыра абвяшчаюць сваёй мэтай барацьбу з апазіцыяй там, дзе паліцыя не можа.

Самыя яскравыя і відавочныя прыклады:

- Барадатыя кадыраўскія гуроны з аўтаматамі на стадыёне. Сапраўднае незаконнае вайсковае фармаванне пад кіраўніцтвам кіраўніка суб'екта РФ, які паводле закону нават МНС не камандуе. Шчыры крымінал, які смакавалі і ўсхвалялі на дзяржканале.

- Антымайдан гэты, які складаецца, адрозна ад папярэдніх аналагаў не з 500-рублёвай масоўкі і футбольных хуліганаў, а з 500-рублёвай масоўкі і самых сапраўдных падмаскоўных бандытаў і рэйдэраў, якія мелі шмат улады за губернатарам Громавым, але адсунутыя на перыферыю за апошнія гады . Цяпер вось яны сталіся запатрабаваныя і рады служыць.

Распытайце кожнага падмаскоўнага палітыка-бізнэсоўца пра справункі «громаўскіх афганцаў», шмат цікавага пачуеце.

А каб быў ясны псіхалагічны партрэт, паглядзіце гэта відэа, дзе антымайданавец-зяць былога губернатара тлумачыць, адкуль у яго грошы.

Вось гэтыя арганізацыі ствараюцца для ажыццяўлення актаў тэрору, які адбыўся ўначы на Маскварэцкім мосце.

3. Экстрэмісцка-тэрарыстычныя арганізацыі, пра якія я пішу, ствараюцца не як рэакцыя на «нявыказаны запыт», а проста на нарадах у Крамлі.

Гэта не самадзейнасць, а проста вось Пуцін, Патрушаў, Іваноў, Бортнікаў, Валодзін і хто яшчэ там. Слухалі, пастанавілі: стварыць, зацвердзіць, выдаць бюджэт, асвятліць дзейнасць. На такой вось нарадзе і было сказана - даручыць правесці гучную акцыю.

4. Калі ласка, давайце спынім таксама крывадушную хлусню пра «Пуціну гэта нявыгадна».

Папу Рымскаму гэта, мабыць, выгадна.

Усё Пуціну нявыгадна.

Спроба забойства Кашына - нявыгадна, недарэчныя і беспадстаўныя арышты - нявыгадна, фальсіфікацыі выбараў пры высокіх рэйтынгах - нявыгадна, усякія напады на апазіцыянераў - нявыгадна і г.д. і да г.п.

Тым не менш, гэта ўсё адбываецца і акурат таму, што выгадна. Не трэба самім сабе хлусіць. Выгадна. Страх павінен нарастаць, эканамічныя праблемы кампенсавацца паліцэйскім кантролем. Калі проста фабрыкацыя крымінальных спраў патрэбнага градусу страху не дае, то трэба дэманстрацыйны гвалт, інакш у тваю моц ніхто не паверыць.

Як казалі класікі тэатра: калі ў першым акце на сцяне вісяць бандыты з «антымайдана» або барадатыя басмачы, то ў трэцім акце яны павінны пачаць страляць.

Тыя, хто «Пуціну гэта нявыгадна», могуць ісці ў той жа кут, дзе знаходзяцца «Дзювалье нявыгадныя забойцы», «Сталіну нявыгадны чырвоны тэрор» і «Піначэт збіраў усіх на стадыёны для гульні ў футбол».

Выгадна гэта Пуціну. Разгарніце падручнік гісторыі, там так і напісана.

5. Тут жа знаходзяцца развагі «Нямцоў быў непапулярны і неўплывовы, які сэнс яго забіваць?»

Ну, перабярыце ў галаве дзейных сістэмных і несістэмны апазіцыянераў і паспрабуйце скласці спіс з тых, хто больш уплывовы, чым Нямцоў. Якія практычна больш уплывовыя і ствараюць уладзе праблемы, неразвязальныя тэлефанаваннем з Крамля «апазіцыянеру» і ягонаму начальству.

Вы і пяці прозвішчаў не знойдзеце.

Не ў якасці добрых слоў нябожчыку, а як цвярозую ацэнку, я сцвярджаю: Барыс быў адным з самых праблемных палітыкаў для Крамля.

- Ён адзін з нямногіх, хто выкрываў карупцыю Пуціна і ягонага блізкага кола, называў канкрэтныя прозвішчы. Шмат хто так робіць? У нас дазволена толькі гаварыць пра карупцыю «як пра з'яву».

- Ён змястоўна разбіраўся ў тэмах, балючых для Крамля. Газпром, ПЭК наогул і г.д. Ягоныя даклады (і ў суаўтарстве, і самастойна) - адны з самых магутных агітацыйных інструментаў апошніх гадоў, яны даводзілі начальства да шаленства, дакладна ведаю.

- Ён быў паслядоўны ліберал, адкрыты для дыялогу з усімі палітычнымі сіламі. Нармальна гутарыў і з нацыяналістамі, і з левымі.

- (Вельмі важна) ён на выбары гатовы быў ісці і не баяўся саступаць. А таксама не стаяў на пазіцыях «я мацак і толькі ў прэзідэнты (Дзярждуму) пайду».

- Ягоныя кампаніі ў Сочах і Яраслаўлі былі даволі паспяховыя, змагацца з ім выпадала толькі фальсіфікацыямі.

- Вы ведаеце апазіцыйную фракцыю ў рэгіянальным заканадаўчым сходзе, якая нарабіла гуку, прымусіла ўсіх з сабой лічыцца і зняла з пасады віцэ-губернатара? Я ведаю. Гэта фракцыя - Барыс Нямцоў у заканадаўчым сходзе яраслаўскай вобласці.

- Ён умеў працаваць з СМІ і ўмеў асвойваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі (пакажыце мне «ўплывовага» з вялікай колькасцю падпісчыкаў на фэйсбуку). Ягоныя відэаролікі, якія яны з Мартынюком ляпілі, маюць мільёны праглядаў, між іншым.

Увогуле, доўга можна пералічваць. Нямцоў рабіў нешта, а не чакаў моманту «краху рэжыму» адрозна ад шмат каго, у гэтым ягоная ўплывовасць і небяспека.

6. Недарэчнасць версій, агучаных ліпавым генералам з СК, дадаткова паказвае на «крамлёўскі след».

ІДІЛ нейкая, забойства для правакацыі. Што за лухта?

На жаль, паколькі ДСУ СК займаецца выключна фабрыкацыяй крымінальных спраў і нейкай прапагандысцкай дрэнню накшталт распачынання бясконцых спраў «супраць генацыду і правага сектара», нічога, акрамя хлусні і спроб схаваць арганізатараў забойства, ад іх і чакаць не варта.

Зноў жа, далёка хадзіць не трэба, справу аб замаху на Кашына ўспомніце. Якія хочаш версіі адпрацоўваліся, акрамя відавочных: Турчака і Якеменкі. Следства крые іх.

І тут будзе так. Вось уявіце сабе, выяўляе СК, што забілі Нямцова «антымайданаўцы» ці нейкія чарговыя «героі Расеі» з Чачні.

Выкажам здагадку нават, што выявілі мэту забойства - «абарона аблудна зразуметых інтарэсаў У.У.Пуціна».

Далей што? Яны абвесцяць гэта.

Мы ж разумеем, што ў такім выпадку яны яшчэ хутчэй абвесцяць, што забойства запланаваў Беразоўскі незадоўга да смерці.

7. Адзіная версія забойства, не звязаная з удзелам федэральнай улады, якая можа сур'ёзна разглядацца, - улада рэгіянальная. Нямцоў сур'ёзна псаваў кроў губернатарам Яраслаўскай вобласці і мясцовым шахраям. Бора на ўсіх апошніх сустрэчах распавядаў мне пра тое, якія махлярствы ён выкрыў і як яго ненавідзіць кіраўніцтва вобласці.

8. Ці магу я памыляцца? Я ў сваёй версіі ўпэўнены, але, вядома, памыляцца могуць усе.

Адзінае, што можа аспрэчыць маю версію - больш хуткае раскрыццё забойства з выяўленнем не толькі выканаўцаў, але і замоўцаў. Публічны суд над імі з поўным адкрыццём матэрыялаў справы, у тым ліку аператыўных. Ніякай дзяржтаямніцы тут быць не можа. Калі там ёсць матэрыялы, адчувальныя для асабістага жыцця, то сваякі і адвакаты павінны атрымаць да іх доступ і выступіць для нас гарантыяй таго, што няма ні чорных плям, ні прагалаў у расследаванні забойства Барыса Нямцова».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках