28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прамахнуўся з крэдытам

63
Лукашэнка прамахнуўся з крэдытам

Беларусь атрымае ад Расеі ў 20 разоў менш, чым прасіла.

Урад Беларусі чакае, што найбліжэйшым часам у бюджэт краіны паступіць 110 млн даляраў расейскага крэдыту. Экспэрты будуюць версіі што да таго, чаму сума выявілася такой сціплай і наколькі яна здольная развязаць эканамічныя праблемы рэспублікі, піша «Незалежная газета».

«Паступленне сродкаў расейскага крэдыту на 110 млн даляраў у эквіваленце ў рэспубліканскі бюджэт чакаецца цягам найбліжэйшых дзён», - заявілі журналістам у прэс-службе Міністэрства фінансаў Беларусі, каментуючы паведамленне аб пастанове ўрада Расеі выдаць Менску крэдыт.

«У рамках фінансавай падтрымкі Беларусі ў гэтым годзе з боку РФ 27 сакавіка ў Маскве Міністэрства фінансаў Беларусі і Міністэрства фінансаў РФ падпісалі пагадненне паміж урадам Беларусі і ўрадам Расеі аб выдачы беларускаму боку дзяржаўнага фінансавага крэдыту», - паведаміла таксама беларускае Мінфінансаў.

«Пагадненнем прадугледжаная выдача фінансавых рэсурсаў у расейскіх рублях на суму, эквівалентную 110 млн даляраў, на тэрмін 10 гадоў, уключаючы 4-гадовы ільготны перыяд», - удакладняецца ў паведамленні міністэрства. Пры гэтым у паведамленні расейскага ўрада адзначаецца, што ўмовай атрымання крэдыту з'яўляецца адсутнасць пратэрмінаваных запазычанасцей перад Расеяй і антыкрызісным фондам Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).

Выдзяленню крэдыту папярэднічала заява прэм'ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева аб тым, што Расея ў якасці фінансавай падтрымкі «прадоўжыць існыя крэдытныя абавязанні» пры ўмове, што «беларускія сябры» аператыўна развяжуць праблемы, «якія, так ці інакш, узнікаюць у гандлёва-эканамічнай сферы».

Ніякіх тлумачэнняў аб тым, дзеянне якіх менавіта пагадненняў будзе падоўжанае, так і не паступіла ні з таго, ні з другога боку. Экспэрты ў першую чаргу падазравалі, што Расея дазволіць пазней заплаціць Беларусі па раней ўзніклым абавязанням, гэта значыць, па сутнасці, рэструктурызуе наяўную запазычанасць, а гэта больш за 700 млн даляраў Расеі і больш за 500 - антыкрызіснага фонду ЕАЭС. Тым больш, што падчас прэс-канферэнцыі ў канцы студзеня Лукашэнка сказаў, што Беларусь у 2015 годзе будзе прасіць крэдытораў аб рэструктурызацыі. Праўда, потым ён выправіўся і ўдакладніў, што меў на ўвазе рэфінансаванне, але інфармацыя ўжо да таго моманту паспела распаўсюдзіцца і паўплываць на стаўкі беларускіх еўрабондаў. Такога кшталту інцыдэнты далі экспэртам падставы і ў гэты раз падазраваць, што хто-небудзь штосьці не так зразумеў. У той жа час удакладненне расейскага ўрада аб тым, што 110 млн даляраў Беларусь атрымае, калі верне 1,2 млрд даляраў папярэдніх запазычанасцяў, гэта здагадка зрабіла неактуальным.

Тады экспэрты ўспомнілі пра тое, што летась Расея абяцала Беларусі дзяржкрэдыт у памеры 450 млн даляраў. Гаворка ішла як раз пра кошт крэдыту ў 4%. Праўда, замест дзяржкрэдыту Беларусь атрымала брыдж-крэдыт расейскага банка ЗГБ у аб'ёме 2 млрд даляраў. Магчыма, Расея наважыла пралангаваць менавіта тое пагадненне.

Здзіўленне ў грамадскасці выклікае і сума крэдыту. Нагадаем, што Беларусь разлічвала атрымаць ад Расеі 2,5 млрд даляраў, матывуючы свае просьбы тым, што менавіта цесная сувязь з расейскай эканомікай стала прычынай эканамічных праблемаў Беларусі. Прынамсі, паводле інфармацыі беларускіх уладаў, толькі праз дэвальвацыю расейскага рубля краіна страціла больш за 700 млн даляраў. Плюс зніжэнне попыту на беларускія тавары ў Расеі, харчовыя абмежаванні з боку РФ, зніжэнне кошту нафты і нафтапрадуктаў, а з імі і тых мытных падаткаў, якія павінны былі застацца ў беларускім бюджэце. Экспэрты ацэньваюць дзірку ў беларускім бюджэце мінімум у 2 млрд даляраў, таму ўпэўненыя, што 110 млн даляраў наогул праблему ніяк не развяжуць.

Аб прычынах такой «прагнасці» хаўрусніцы выказваюцца здагадкі: наяўнасць у РФ вялікай колькасці ўласных эканамічных праблем і невыкананне Менскам раней узятых абавязанняў.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках