27 красавiка 2024, Субота, 19:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт прадуктаў у свеце знізіўся да пяцігадовага мінімуму

12
Кошт прадуктаў у свеце знізіўся да пяцігадовага мінімуму

Індэкс харчовых коштаў у далярах у лютым знізіўся да 179,4 пункта - самага нізкага ўзроўню цягам апошніх 55 месяцаў.

Кошт прадуктаў харчавання на сусветным рынку ў далярах апусціўся да амаль пяцігадовага мінімуму праз рост курсу валюты ЗША і спрыяльных прагнозаў ураджаю 2015 года. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), паведамляе ТАСС.

Індэкс харчовых цэн ФАО ў лютым 2015 зменшыўся да 179,4 пункта - самага нізкага ўзроўню цягам апошніх 55 месяцаў. Гэты паказчык таксама знізіўся на 1% у параўнанні са студзенем, і на 14% у параўнанні з лютым 2014 года, гаворыцца ў справаздачы.

Падзенне індэкса да самага нізкага ўзроўню з ліпеня 2010 года адлюстроўвае стабільны ўзровень прапановы, а таксама слабасць многіх валют у дачыненні да даляра і чаканне далейшага падзення валют, растлумачыў аналітык ФАО малочных і мясных рынкаў Майкл Грыфін. "Неабходна адзначыць спрыяльныя прагнозы ў вытворчасці шэрагу сельскагаспадарчых культур у 2015 годзе. Запасы таксама знаходзяцца на высокім узроўні", - сказаў ён.

Індэкс коштаў збожжавых у лютым знізіўся на 3,2% што да студзеньскага ўзроўню да 171,7 пункта. Больш за ўсё ўпалі кошты пшаніцы, бо перспектывы на ўраджай 2015 пастаянна паляпшаюцца на фоне і без таго вялікіх сусветных запасаў.

Індэкс коштаў цукру ў лютым знізіўся на 4,9% да 207,1 пункта. Ціск на кошт цукру аказалі добрыя прагнозы ўраджаю ў Бразіліі (найбуйнейшы вытворца і экспарцёр цукру ў свеце). Таксама падзенню катыровак цукру на сусветных рынках спрыяла заява Індыі аб выдачы экспартных субсідый з мэтай павелічэння продажаў за мяжу.

Індэкс ФАО коштаў мяса ў лютым знізіўся на 1,4% да 187,4 пункта ў параўнанні з перагледжаным студзеньскім значэннем. Рост курсу даляра і вялікія аб'ёмы прапановы прывялі да падзення экспартных катыровак ялавічыны ў Аўстраліі. ФАО з гэтых жа прычын прагназуе зніжэнне коштаў ялавічыны ў Бразіліі. У той жа час, заява аб пачатку надання Еўразвязам фінансавай дапамогі прыватным складскім прадпрыемствам выклікала рост еўрапейскіх экспартных коштаў свініны.

Індэкс коштаў малочнай прадукцыі вырас на 4,6% да 181,8 пункта што да студзеня. Спецыялісты ФАО называюць рост коштаў малочнай прадукцыі раптоўным і тлумачаць яго засухай у Новай Зеландыі і абмежаваннем экспартных паставак з Аўстраліі.

Індэкс коштаў алею нязначна вырас (на 0,4%) да 156,6 пункта супраць студзеня. Прычынай росту ФАО называе падвышэнне коштаў пальмавага алею праз падзенне вытворчасці ў Малайзіі ў сувязі з паводкамі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках