28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генеральны сакратар NATO: Расея значна павялічыла падтрымку тэрарыстаў

7
Генеральны сакратар NATO: Расея значна павялічыла падтрымку тэрарыстаў

РФ узмацніла падтрымку тэрарыстаў "ЛНР" і "ДНР", што актыўна фіксуецца NATO.

Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас супольнай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Фінляндыі Аляксандрам Стубам у чацвер у Хельсінкі, інфармуе "Інтэрфакс-Украіна".

"Мы бачым, што Расея значна павялічыла сваю падтрымку сепаратыстаў", - сказаў ён.

Са слоў генеральнага сакратара NATO, гаворка ідзе пра больш як тысячу адзінак цяжкага ўзбраення, уключна з бранятэхнікай, артылерыяй і сучаснымі сістэмамі СПА. Як падкрэсліў генеральны сакратар, гэтая тэхніка "магла быць пастаўленая толькі Расеяй".

Акрамя гэтага, Столтэнбэрг заявіў, што Расея вучыць сілы тэрарыстаў, а расейскія вайскоўцы прысутнічаюць на тэрыторыі Украіны. Пры гэтым генеральны сакратар растлумачыў, што ў сваіх сцвярджэннях NATO абапіраецца на звесткі выведкі, а таксама на матэрыялы з адкрытых крыніц, уключна з інфармацыяй ад назіральнікаў АБСЕ.

Енс Столтэнбэрг заклікаў Расею адвесці свае войскі з тэрыторыі Украіны і паўплываць на баевікоў для таго, каб яны выконвалі пагадненні аб спыненні агню. Генеральны сакратар NATO чарговым разам вітаў дасягненне менскіх дамоўленасцей і заклікаў усе канфліктныя стораны іх выконваць.

"Мы вітаем менскія дамоўленасці і спыненне агню, і цяпер важна, каб дамоўленасці і замірэнне паважаліся", - сказаў ён.

Столтэнбэрг таксама заклікаў усе бакі адвесці цяжкае ўзбраенне (ад лініі судакранання. - Рэд.) і забяспечыць поўны доступ назіральнікам АБСЕ да раёнаў на ўсходзе Украіны.

Енс Столтэнбэрг заявіў, што падтрымае ўзмацненне жорсткасці санкцый у дачыненні да Расеі ў выпадку парушэння баевікамі рэжыму спынення агню на ўсходзе Украіны. "Шэраг еўрапейскіх лідараў падкрэсліваў, што калі спыненне агню не будзе выконвацца і калі сепаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, паспрабуюць рушыць наперад на захад і захапіць яшчэ значную тэрыторыю - тады паўстане пытанне аб пашырэнні і ўзмацненні санкцый (у дачыненні да РФ. - Рэд.), і мы гэта падтрымаем", - сказаў генеральны сакратар альянсу.

"Мы падтрымліваем санкцыі, бо мы перакананыя, што павінны быць наступствы і павінна быць плата для Расеі, калі яна парушае міжнароднае права і ўжывае гвалт для змены межаў", - сказаў Столтэнбэрг.

Пры гэтым ён канстатаваў, што рэжым спынення агню на ўсходзе Украіны, хоць і "носіць няўстойлівы характар, але агулам выконваецца".

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках