25 красавiка 2024, Чацвер, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Еўрапарламента: Кампраміс у пытанні палітвязняў немагчымы

10
Дэпутат Еўрапарламента: Кампраміс у пытанні палітвязняў немагчымы

Для Захаду гэта прынцыповае пытанне.

Без вызвалення палітвязняў рэальны прарыў у стасунках паміж Беларуссю і Еўразвязам немагчымы.

Пра гэта заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН намесніца старшыні групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніетэ, якая наведала Менск на мінулым тыдні.

Візіт быў выкліканы неабходнасцю на месцы азнаёміцца і ацаніць цяперашні стан і перспектывы развіцця стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю, бо са слоў Калніетэ, «ёсць геапалітычныя змены ў рэгіёне, а Беларусь гуляла канструктыўную ролю як пляцоўка для мірных перамоваў» аб Украіне.

Падчас візіту адбыліся сустрэчы з афіцыйнымі асобамі, прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі і сваякамі палітвязняў.

Калніетэ сустракалася з намесніцай міністра замежных спраў Аленай Купчыной, памочнікам прэзідэнта Валерыем Брылёвым, старшынёй пастаяннай камісіі «рады рэспублікі» ў рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святланай Герасімовіч і кіраўніком пастаяннай камісіі «палаты прадстаўнікоў» у міжнародных справах Мікалаем Самасейкам. «На гэтых сустрэчах мы казалі пра тое, што рэальны прарыў у стасунках паміж Беларуссю і ЕЗ магчымы толькі пасля вызвалення палітвязняў. Для нас гэта пытанне прынцыпу. Ніякі кампраміс у гэтым пытанні немагчымы», - сказала еўрадэпутатка.

З ейных слоў, прадстаўнікі ўлады давалі «звычайныя тлумачэнні» пра тое, што ў Беларусі няма палітвязняў, а тыя людзі, якіх ЕЗ называе палітвязнямі, асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў.

Акрамя таго, абмяркоўвалася тэма маючых адбыцца сёлета ў Беларусі прэзідэнцкіх «выбараў» і «парламенцкіх» - у 2016-м. «Мы падкрэслілі, што падчас «выбараў» усе міжнародныя выбарчыя стандарты павінны выконвацца, а голас апазіцыі павінен быць чутны. Мы чакаем, што не будзе ўжыты гвалт у дачыненні да пратэстуючых, як гэта здарылася пасля выбараў 2010 года», - падкрэсліла Калніетэ.

Кажучы аб сустрэчы са сваякамі палітвязняў, еўрадэпутат адзначыла: «Там мы больш слухалі апавяданні пра тое, як цяжка быць зняволеным у Беларусі, праз што ім даводзіцца праходзіць у турме. І, зразумела, мы выказалі ім словы нашай падтрымкі».

З беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі Калніетэ казала пра тое, што адзінства апазіцыі з'яўляецца вельмі важным як для выбаршчыкаў, так і для самой апазіцыі.

«Вынікамі візіту я задаволеная, - адзначыла Калніетэ. - Мы атрымалі яснае разуменне аб даволі цяжкай геапалітычнай сітуацыі, у якой Беларусь, выявіўшы сябе заціснутай паміж пуцінскім ціскам з Расеі і складанай эканамічнай сітуацыяй, шукае шляхі наладжвання дыялогу з ЕЗ».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках