2 траўня 2024, Чацвер, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БСДП: Беларусь - не працоўны лагер

14
БСДП: Беларусь - не працоўны лагер

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выступае супраць увядзення падатку на беспрацоўных.

Пра гэта гаворыцца ў заяве партыі, якую атрымала рэдакцыя charter97.org.

«Мы мяркуем, што ўвядзенне падатку на беспрацоўных з'яўляецца парушэннем канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Згодна з нашай Канстытуцыяй, кожны грамадзянін мае права самастойна вызначаць, працаваць яму ці не, а таксама свабодна выбіраць сабе род заняткаў.

Мы, сацыял-дэмакраты, перакананыя, што хатнія гаспадыні, фрылансёры, а таксама грамадзяне, якія працуюць за мяжой, не павінны абкладацца падаткам. Гэта супярэчыць Канстытуцыі. Беларусь з'яўляецца для ўсіх грамадзян агульным домам, а не працоўным лагерам.

Мы звяртаем увагу і на тое, што на гэты момант кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не зможа забяспечыць усіх беспрацоўных працоўнымі месцамі. Паводле звестак на студзень 2015 года, у краіне налічваецца ўсяго толькі 33,6 тысячы вакантных працоўных месцаў.

Адсюль вынікае, што працаўладкаваць да 1 мільёна беларусаў, якія не маюць сталай працы, ніяк не атрымаецца. Па-першае, няма такой колькасці працоўных вакансій. Па-другое, не ўсялякая праца можа забяспечыць грамадзянам годны ўзровень заробку і жыцця.

Мы ўпэўненыя, што ўвядзеннем падатку на беспрацоўных урад спрабуе кампенсаваць недахопы ў эканоміцы, а таксама ўзяць пад большы кантроль грамадзян.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заяўляе, што пачынае інфармацыйную кампанію, якая накіраваная на абарону палітычных і сацыяльна-эканамічных свабод, а таксама недапушчэнне з'яўлення ў нашай краіне інстытута прымусовай працы», - гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, у канцы мінулага года стала вядома, што Лукашэнка рыхтуе ўказ аб барацьбе з «дармаедамі». 20 лістапада дакумент, які змяшчае прапановы Савета міністраў у барацьбе з «дармаедствам», паступіў у Міністэрства ўнутраных спраў ад распрацоўніка для аналітычнай ацэнкі.

Чыноўнікі цягам апошніх месяцаў прыдумляюць усё больш выдасканаленыя метады «вытрасання» грошай з утрыманцаў, якіх у краіне налічваецца каля 140 тысяч чалавек. Прапануюць іх саджаць, пазбавіць бясплатнай медыцыны і адукацыі, увесці падатак у памеры $1000 у год. Гэтыя новаўвядзенні закрануць усіх паўналетніх грамадзян Беларусі, якія не плацяць у казну цягам паўгода.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках