2 траўня 2024, Чацвер, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За будаўніцтва рэзідэнцыі Лукашэнкі не заплацілі пяці кампаніям?

35

Некаторыя пераможцы дзяржаўных тэндэраў, якія будавалі палац, дагэтуль не атрымалі грошы.

Некалькі дзён таму сайт charter97.org паведамляў, што за будаўніцтва Палаца незалежнасці дагэтуль не разлічыліся з кампаніяй "Ісакідыс Гранітэс", якая займалася аздабленнем будынка гранітам і мармурам. Больш за тое, цяпер у кампаніі праходзяць дзяржаўныя праверкі, а супрацоўнікаў выклікаюць на допыты ў рамках распачатай крымінальнай справы, піша "Еўрарадыё".

"Не магу сказаць, што гэта няпраўда! - ускосна пацвярджае інфармацыю дырэктар кампаніі. - Навошта мне распавядаць і злаваць усіх і ўсё!"

З інтанацыі і нежадання распавядаць можна зрабіць выснову, што ў беларускага лідэра ў апрацоўцы каменя цяпер усё вельмі няпроста.

"Ісакідыс Гранітэс" не адзіныя пераможцы тэндэраў, з якімі дагэтуль не разлічыліся. Нават смешныя 719 859 беларускіх рублёў за "пастаўку сантэхнічнага посуду" так і не аддалі ВДУП "Фьюжэн Хаўз". Прадукцыя кампаніі набываецца на Захадзе за валюту, а дзяржава вядзе разлік у беларускіх рублях. Са слоў дырэктара, нават калі гэтыя грошы аддадуць, "Фьюжэн Хаўз" застанецца "ў мінусе", бо адбылася дэвальвацыя.

Але гэта невялікія грошы. Мастацкі паркет на ўсе тры паверхі будынка, натуральна, каштуе больш. Яго пастаўляла расейская кампанія Аrtparquet.

"Такую інфармацыю мы выдаваць не будзем, гэта нашы стасункі з кліентам, і нас усё задавальняе", - даволі доўгі і недакладны адказ для кампаніі, якая атрымала грошы!?

Пераможца тэндэру на пастаўку шчылінных дожджапрымальнікаў кампанія "Дукор-буд" адмаўляецца ад шчырага адказу, хаваючыся за "камерцыйнай таямніцай".

Супрацоўнікі толькі адной кампаніі, якая займалася аздабленнем Палаца Незалежнасці і не атрымала грошы, пагадзіліся пагаварыць больш падрабязна. Але на ўмовах застацца ананімнымі.

"Праблема ў тым, што Управа капітальнага будаўніцтва яшчэ не перадала аб'ект Галоўнай гаспадарчай управе. Пакуль не здадуць, не хочуць плаціць! Як выказаўся адзін з іх галоўных, "хочам трымаць вас за горла", а то зараз заплацім, а вы потым саскочыце. А нам - здавай аб'ект як хочаш. Таму і не плацяць, хоць грошы нібыта ёсць", - сказаў ён.

Варта адзначыць, што ёсць і тыя, з кім цалкам разлічыліся. І тут таксама прасочваецца пэўная заканамернасць. Атрымала грошы, напрыклад, кампанія "Цепламайстар плюс", якая пастаўляла мультызанальныя сістэмы кандыцыянавання. Але яны былі субпастаўнікам, і з імі маглі разлічыцца тыя, хто іх наймаў. Усё атрымала і лідская кампанія "Каскад", якая пастаўляла ў Палац Незалежнасці жырандолі. Дырэктар прадпрыемства нават здзівіўся пытанню і дадаў, што ніякіх прэтэнзій не мае.

Некалькі дзён размоў з чыноўнікамі Менгарвыканкама не далі нічога акрамя перанакіравання ў Міністэрства фінансаў. Але там адказалі, што гэта ўжо не іхняя справа, а Менгарвыканкама. Галоўная гаспадарчая ўправа пацвердзіла, што цяпер адбываецца працэдура перадачы будынка Палаца Незалежнасці на іх баланс, але пра запазычанасць не чулі.

Нагадаем, новы "палац Аляксандра Лукашэнкі" пачалі будаваць у 2011 годзе. Будаўніцтва вёў "Мінскпрамбуд", а замоўцам аб'екта стала Управа капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкама.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках