19 красавiка 2024, Пятніца, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Гудкоў: Рэпрэсіі ў Крыме паказалі амаральнасць расейскага грамадства

9
Леў Гудкоў: Рэпрэсіі ў Крыме паказалі амаральнасць расейскага грамадства

Устаноўка помніка Сталіну ў Ялце і закрыццё крымска-татарскага канала ATR - гэта тупое навязванне расейскай уладай грамадству сваіх каштоўнасцяў і ўяўленняў.

Такі непрыхаваны ціск - не вельмі эфектыўны метад сам па сабе, бо заканамерна выклікае супраціў (як, напрыклад, з боку крымскіх татараў). Але ўжыванне гэтага метаду агіднае тым, што яно напоўніцу прадэманстравала глыбіню амаральнасці расейскага грамадства і асабліва - амаральнасці ўлады, піша расейскі сацыёлаг Леў Гудкоў на сайце «Новы час».

Я не думаю, што за гэтымі рэпрэсіямі стаіць нешта большае, чым простае жаданне здушыць волю грамадства і іншадумства. Як вядома, у РФ ёсць спробы інтэрпрэтаваць тое, што адбываецца на Паўночным Каўказе, як сацыяльны эксперымент расейскай улады. Нібыта Паўночны Каўказ, у асаблівасці, Чачэнія - гэта такі сабе выпрабавальны палігон для праверкі некаторых тэхналогій кіравання грамадствам, якія пасля, у выпадку поспеху, пераносяць на астатнюю частку Расеі.

Але ўявіць сабе, што цяперашнія дзеянні расейскай улады ў Крыме - падрыхтоўка да ператварэння паўвыспы ў такую ж выпрабавальную пляцоўку, мне пакуль цяжка. Занадта мала ў нас ёсць дакладнай інфармацыі аб тым, што там адбываецца, і якая рэальная падаплёка гэтых рэпрэсій.

А вось пра што мы можам з упэўненасцю сцвярджаць - дык гэта пра тое, што расейская ўлада патроху прывучае народ да ідэі «вялікія мэты апраўдваюць усякія ахвяры». Заклікі пацясніцца дэмакратычнымі свабодамі дзеля дабра Радзімы, дэмагогія і рыторыка перамогі, лозунгі ў стылі «мы за цаной не пастаім» - усё гэта мае сваёй мэтай навязванне дзяржаўных каштоўнасцяў перад каштоўнасцямі прыватнага жыцця. У тую ж скарбонку ідзе ўзнесеная самаахвярнасць і гераізм.

Гэта тычыцца як Крыма, так і расейскіх войскаў у Данбасе, і нават збольшага прымаецца насельніцтвам - прынамсі, пакуль няма занадта буйных страт. Людзі вераць, што здолеюць адседзецца і іх гэта не закране.

Трэба заўважыць, што тэма прысутнасці расейскіх войскаў на Данбасе старанна цэнзуруецца і выцясняецца з масавай свядомасці, і таму практычна не абмяркоўваецца ў публічнай прасторы. Аднак, паводле звестак нашых даследаванняў, людзі пра гэта ведаюць, але мяркуюць, што так і павінна быць, што дзяржава мае права праводзіць прапагандысцкія кампаніі і абмяжоўваць правы і свабоды людзей - пакуль гэта не закранае асабіста іх.

На жаль, такая крывадушнасць і падман сталі асноватворнай рысай сёлетняга амаральнага стану расейскага грамадства.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках