19 траўня 2024, Нядзеля, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія Мальдывы схаваюць ад турыстаў

14

Міліцыя будзе штодня патруляваць дарогі ля крэйдавых кар'ераў ў Краснасельскім.

Аўтамабілі будуць эвакуяваць, а турыстаў штрафаваць, піша БелаПАН.

Крэйдавыя кар'еры пад Ваўкавыскам - адна з самых папулярных «дзікіх» славутасцяў краіны, хоць яшчэ некалькі гадоў таму пра іх існаванне ведалі толькі тутэйшыя. Дасведчаныя турысты адшукалі шлях, зрабілі маляўнічыя фота. І турысты паспяшаліся ўбачыць новы цуд.

Хтосьці прыязджае сюды скупануцца, хтосьці - на фотасэсію, але ёсць і тыя, хто на некалькі дзён спыняецца з намётамі на высокіх берагах кар'ераў. На пікнікі бяруць і дзяцей.

Турыстаў не спыняе, нават вабіць неўладкаванасць тутэйшага хараства. Тут няма ні абсталяваных пляжаў, ні ратавальнікаў на беразе. Смецце, якое турысты пакідаюць пасля сябе, ужо ператварыла некаторыя схілы ў сметнік.

І хоць папярэджанне аб небяспецы змешчанае на самым уездзе, гэта не становіцца перашкодай для аматараў прыгод. «Каб убачыць такую прыгажосць, можна і рызыкнуць», - мяркуюць шматлікія падарожнікі.

Тутэйшыя ў кар'ерах ніколі не купаліся

Плошчай крэйдавыя кар'еры пад Ваўкавыскам займаюць блізу 300 футбольных палёў. Мясцовае прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы» атрымлівае зямлю ў карыстанне для распрацоўкі радовішчаў. З часам выкарыстаныя кар'еры запаўняюцца вадой. На дне застаецца крэйда, таму вада набывае яскрава-бірузовы колер, за што гэтую мясцовасць і празвалі беларускімі Мальдывамі.Аднак прыгажосць гэтая зманлівая. Па-першае, глыбіня кар'ераў дасягае 50 мэтраў, вышыня насыпу - 40 мэтраў. Тут назіраецца прасяданне берагоў. Для плавання - гэта не найлепшае месца. 10 чалавек ужо патанулі.

Па-другое, вада толькі на выгляд чыстая. Напраўду колькасць бактэрый кішкавай палачкі ў 100 разоў перасягае норму. Акрамя таго, крэйда не проста сушыць скуру, яна ападае ў лёгкія, выклікаючы астму.

Тутэйшыя жыхары ведаюць пра падступнасць тутэйшых кар'ераў, таму самі ў іх не купаюцца. А прыезджых турыстаў папярэджанне аб небяспецы не спыняе.

Аўтамабілі турыстаў будуць эвакуяваць

Але сёлета «Краснасельскбудматэрыялы» наважыў сур'ёзна заняцца бяспекай на кар'ерах. Стартавая старонка сайта кампаніі пачынаецца з папярэджання, чаму не варта ехаць на кар'еры.

Намеснік гендырэктара Генадзь Найдзюк адзначае, што турысты не толькі рызыкуюць, але і перашкаджаюць працы прадпрыемства.

«Людзі паркуюць аўтамабілі ўздоўж дарог, па якіх шнуруе наша кар'ерная тэхніка. Таму летась мы закупілі эвакуатар, і з гэтага года будзем актыўна яго выкарыстоўваць», - заявіў ён.

Са слоў старшага інспектара аховы грамадскага парадку Ваўкавыскага РАУС Аляксандра Самойлы, у купальны сэзон ля крэйдавых кар'ераў будзе працаваць штодзённы патруль.

«Уздоўж трасы, дзе праходзіць кар'ер, прыпыненне і стаянка забароненыя. Гэта значыць, што ўсе аўтамабілі мы будзем эвакуяваць», - сказаў ён.

Кожны, хто пакіне самаход побач з кар'ерамі, заплаціць штраф за парушэнне ПДР, паслугі буксіравання і платнай стаянкі. Турыстам за наведванне кар'ера таксама пагражае штраф - ад 3 да 10 базавых адзінак.

«Раней ніхто не ведаў пра гэтыя кар'еры. Але потым з'явіліся артыкулы ў інтэрнэце, і паціснулі турысты - працягвае Аляксандр Самойла. - Трэба разумець, што гэта тэхнічныя кар'еры, дзе працягваюцца прамысловыя работ. Гэта не месца для забавак. Летась патанулі два чалавекі».

Ці могуць кар'еры пад Ваўкавыскам стаць акультураным месцам для турыстаў?

Каб турысты змаглі легальна прыязджаць на крэйдавыя кар'еры ў Краснасельскім, трэба развязваць пытанні з бяспекай.

Па-першае, вада павінна быць бяспечнай для купання. Напярэдадні кожнага купальнага сэзону санітарныя службы правяраюць вадаёмы.

Па-другое, трэба зрабіць берагі спадзістымі. Гэтая работа вядзецца. На кар'ерах, якія «Краснасельскбудматэрыялы» ўжо не выкарыстоўвае, пакрысе апускаюць берагі.

Але ці паўстане на іх месцы новы курорт, залежыць ужо ад мясцовых улад. Бо трэба абсталяваць пляжы, зрабіць стаянку для аўтамабіляў, арганізаваць працу ратавальнікаў, вываз смецця, выязны гандаль.

«У Беларусі толькі некалькі такіх аб'ектаў. Пад Салігорскім ёсць вапнавыя кар'еры, напрыклад, - кажа старшыня аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі. - Можна зразумець кіраўніцтва прадпрыемства і мясцовыя ўлады, якія забараняюць там купацца - усё ж такі гэта пытанне бяспекі. Але экскурсіі там было б цікава арганізоўваць».

У канцы жніўня група беларускіх экскурсаводаў мерыцца наведаць Краснасельск, у тым ліку і крэйдавыя кар'еры. «Дамаўляемся з мясцовым музеем, так што, спадзяюся, ніякіх перашкод не будзе», - заявіў Чырскі.

Два гады таму спецыялісты Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі распрацавалі экалагічны маршрут, які закранаў і блакітныя кар'еры ў Краснасельску. Са слоў дырэктара цэнтра Іны Кулак, улетку экскурсіі карысталіся вялікім попытам у школьнікаў.

«Цяпер мы выключылі з маршруту блакітныя кар'еры, бо туды не пускаюць людзей, - кажа спецыялістка. - Але там, ля кар'ерных шахтаў, мы паказваем турыстам старыя кар'еры, «Зялёныя лінзы», дзе берагі больш бяспечныя».

Пры гэтым спускацца да вады ўдзельнікам экскурсіі строга забаронена. «Сцены берагоў ня ўмацаваныя, магчымыя абсыпанні, таму купацца мы не дазваляем», - патлумачыла дырэктарка цэнтра.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках