28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Портнікаў: Пуцін сапраўды паводзіцца як Гітлер

9
Портнікаў: Пуцін сапраўды паводзіцца як Гітлер

Расея, якая здольная разам з хаўруснікамі сцерці нацызм, саступіла вайну сама сабе.

Кожнае святкаванне юбілею перамогі ў Другой сусветнай вайне ператвараецца для расейскага кіраўніцтва ў падзею, далёкую ад гістарычнай памяці і блізкую да актуальнай палітыкі, піша аглядальнік Віталь Портнікаў на сайце «Нового времени».

Так павялося яшчэ з брэжнеўскіх часоў, калі ў Крамлі зразумелі, што менавіта перамога ў вайне, у адрозненне ад святкаванняў гадавін кастрычніцкага перавароту або імянін муміі з маўзалея, можа забавіць у савецкую сталіцу людзей, якія інакш не пагадзіліся б апынуцца побач з тымі, хто галасаваў у палітбюро за акупацыю Чэхаславакіі, тымі, хто пагражае Польшчы, і тымі, хто тэрарызаваў Афганістан.

Прыязджалі тыя, хто не мог не прыехаць, - кіраўнікі сацыялістычных дзяржаў, дыктатары з краін трэцяга свету, што карміліся з маскоўскай рукі.

Было зразумела, што ёсць два святы перамогі. Адно адзначалі на Захадзе не проста як дзень знішчэння нацызму, але і як дзень свабоды - менавіта пасля краху гітлераўскага рэжыму Еўропа змагла, нарэшце, уздыхнуць з палёгкай. А другі - савецкі Дзень Перамогі - быў хутчэй святам трыумфу імперыі, якая адзначае балванам-імператарам і ягонымі васаламі. Ні пра якую свабоду ў гэтым святкаванні і гаворкі быць не магло. Невыпадкова многія ўспаміналі, што сапраўды вольным часам для савецкіх людзей былі 1941-1945 гады, калі рэжым быў заняты ўласным выжываннем.

Пасля паразы камунізму ў халоднай вайне і краху Савецкага Саюза дні перамогі як быццам супалі. Менавіта з гэтага часу расейскія кіраўнікі сталі наведваць заходнія цырымоніі, а лідары цывілізаванага свету - ездзіць у Маскву. І ўжо ў абодвух выпадках гаворка ішла менавіта аб свабодзе, прычым у Расеі вымушаныя былі ўспомніць і аб ганебным перыядзе саюзніцтва з Адольфам Гітлерам, і пра Катынь, і аб фактычнай акупацыі Вугоршчыны і Чэхаславаччыны пасля вайны.

Менавіта гэта ўсведамленне гістарычнага парадоксу - ваявалі разам з вядучымі дэмакратыямі свету са злом, але самі таксама неслі рабства і сабе, і іншым - выклікала надзею, што мільёны ахвяр, якія аддалі жыцці за радзіму ў гады Другой сусветнай, былі нездарма. Што новая Расея не будзе падобная на нацысцкую Нямеччыну, як быў падобны на яе сталінскі рэйх, што расеец другі раз пасля сустрэчы на Эльбе абдымецца з амерыканцам ужо не проста як з сітуацыйных саюзнікам, а як з прадстаўніком краіны, на якую РФ будзе раўняцца ў сваім падарожжы ў цывілізаваны свет.

Гэтага не здарылася. Расейскае грамадства зрабіла іншы выбар, а ўстаноўлены ў краіне рэжым з кожным днём нагадвае класічны фашызм нават больш, чым камунізм. Таму што ў камунізму была ўласная, хай і дэмагагічная, каштоўнасная сістэма, якая не дазваляла ўслых прапаведаваць фашысцкую ідэалогію, а ў цяперашняга расейскага кіраўніцтва такіх абмежавальнікаў няма.

Тое, што сёння кажуць Уладзімір Пуцін і ягоныя набліжаныя, - гэта калька з выказванняў Гітлера, Беніта Мусаліні і іншых фюрэраў зрынутага, але ўваскрослага ў Расеі чалавеканенавісніцтва. Хіба што Пуцін не называе гэта фашызмам.

Менавіта таму прыезд на 9 Траўня зноў ператварыўся ў ідэалагічную прысягу. Уласна, гэта пачалося не сёння. Ужо некалькі юбілеяў запар пры Пуціне многія кіраўнікі дзяржаў свету задумваліся, ці трэба ім стаяць побач з чалавекам, які ўважае гібель «імперыі зла» не за свята, а катастрофу, якая не прызнае акупацыю краін Балтыі і пагражае суседнім краінам.

Цяперашні юбілей адрозніваецца тым, што Пуцін перайшоў нават не ад слоў да справы - да справы ў Маскве перайшлі, калі ваявалі з Грузіяй, - а да наўпроставага парушэння міжнароднага права. Пуцін сапраўды паводзіць сябе як Гітлер. Так як жа святкаваць перамогу над Гітлерам у абдымках новага Гітлера?

Менавіта таму ў Маскве праз месяц амаль нікога не будзе, акрамя палітыкаў, якія эксплуатуюць «любоў да Расеі» і антыамерыканізм у якасці адзінага доказу ўласных дасягненняў.

Менавіта таму дзень, які павінен быў стаць днём памяці і міру, ператвораны расейскім кіраўніцтвам у свята абложанай крэпасці, падстава для бразгання зброяй і агідных хлуслівых заклікаў. І да самой перамогі ў Другой сусветнай вайне святкаванне ў Маскве не мае ніякага дачынення.

Не мае таму, што на самой справе Расея, якая выявілася здольнай разам з саюзнікамі сцерці нацызм, саступіла ў вайне сама сабе. Яе жыхары сталі рабамі разнастайных сталіных-пуціных.

Адзіная магчымасць апынуцца сярод сапраўдных пераможцаў - гэта адгарадзіцца, як робяць Украіна і іншыя былыя савецкія рэспублікі, якія абралі свабоду, або з'ехаць, як робяць многія расейскія грамадзяне, якія пакідаюць сваю радзіму.

І гэта адсутнасць выбару ў самой Расеі і ёсць крывадушная здрада мільёнам загінулых і самой перамозе.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках