3 траўня 2024, Пятніца, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крызіс неплацяжоў можа адкінуць Беларусь у 1990-я

25
Крызіс неплацяжоў можа адкінуць Беларусь у 1990-я

Айчынная прамысловасць спрабуе выжываць у няпростых эканамічных варунках.

Платаздольнасць прадпрыемстваў апусцілася да вельмі нізкай адзнакі, банкіры канстатуюць крызіс неплацяжоў, паведамляюць «Беларускія навіны».

Абавязанняў больш, чым грошай на рахунках

Умацаванне курсу беларускага рубля да даляра, якое назіраецца апошнім часам, стварае адчуванне, быццам у эканоміцы краіны адбываюцца пазітыўныя змены. У рэчаіснасці ўсё значна складаней, і калі на валютным рынку напраўду бачныя станоўчыя тэндэнцыі, то сітуацыя ў рэальным сектары выклікае сур'ёзныя турботы.

Фінансавыя паказчыкі дзейнасці прамысловых арганізацый паказваюць, што грошай на іх рахунках сёння відавочна недастаткова.

Платаздольнасць (прапорцыя грашовых сродкаў да пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці) паказвае магчымасць прадпрыемства выконваць кароткатэрміновыя фінансавыя абавязанні. Дынаміка гэтага паказчыка ў мінулым годзе і ў пачатку гэтага паказвае на тое, што платаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў істотна знізілася.

Гэта тычыцца прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці, якія фармуюць (звесткі за першы квартал 2015) блізу 85% усёй прамысловай вытворчасці. На 1 сакавіка 2015 года паказчык платаздольнасці прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці складаў усяго 69,2%. Для параўнання: на 1 студзеня 2015 года гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні 83,3%, на 1 студзеня 2014 года - 117,5%.

Дынаміка сённяшняй платаздольнасці

прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці (у %)

Kрыніца: звесткі афіцыйнай статыстыкі

Зніжэнне сённяшняй платаздольнасці абумоўленае тым, што пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць нарастае снежным комам (з пачатку года ў прамысловасці яна павялічылася на 22,6% да 19,8 трлн рублёў на 1 сакавіка). У той жа час грашовыя сродкі на рахунках прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці з пачатку года павялічыліся толькі на 1,8%. Як вынік, платаздольнасць прадпрыемстваў падае.

Беларускія банкі ўжо адчулі сур'ёзнае зніжэнне платаздольнасці сваіх кліентаў (юрыдычных асоб), і такое развіццё падзей, адзначаюць банкіры, можа вярнуць краіну ў недалёкае мінулае.

«Мы сёння сыходзім у натуральную гаспадарку, бартэрныя схемы, якія існавалі ў 1990-я, але розніца ў тым, што тады быў дэфіцыт тавараў, а на сённяшні дзень мы маем іх відавочны прафіцыт», - канстатуе кіраўнік падраздзялення аднаго з банкаў.

Праблемная запазычанасць у банкаўскіх крэдытах расце ў гэтым годзе імкліва. За студзень-люты (квартальныя звесткі з'явяцца ў канцы красавіка) праблемныя крэдыты ў банках павялічыліся на 45%, у тым ліку праблемныя крэдыты ў нацыянальнай валюце выраслі на 42%.

Камерцыйныя банкі ўстурбаваныя такой дынамікай і асцерагаюцца таго, што сума праблемнай запазычанасці можа дасягнуць памераў, пры якіх перастануць выконвацца ўмовы крэдытных пагадненняў для прыцягнення сродкаў нерэзідэнтаў.

У гэтых пагадненнях абумоўлена, што ў выпадку невыканання шэрагу ўмоў (у тым ліку сумы праблемнай запазычанасці) нерэзідэнты могуць датэрмінова патрабаваць вяртання сродкаў, выдадзеных беларускім банкам.

Замарозку правялі, лячыць не пачалі

Беларускія эканамісты тлумачаць узнікненне крызісу неплацяжоў двума галоўнымі чыннікамі. Першы - падзенне попыту на прадукцыю, якая выпускаецца прадпрыемствамі.

«У выніку зніжэння ўнутранага і замежнага попыту продажы знізіліся. З іншага боку, скараціліся аб'ёмы фінансавання, якое выдаткоўваецца дзяржпрадпрыемствам, праз правядзенне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі», - называе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык чыннікі, якія прывялі да зніжэння платаздольнасці прадпрыемстваў.

Беларускія аналітыкі адзначаюць, што з пункту гледжання забеспячэння фінансавай стабільнасці і зніжэння тэмпаў інфляцыі, якая праводзіцца Нацбанкам, грашова-крэдытная палітыка цалкам адэкватная. Іншая справа, канстатуюць экспэрты, беларускія прадпрыемствы не звыклі працаваць у такіх варунках.

«Многія нашы дзяржпрадпрыемства ў стане нармальна працаваць толькі пры наяўнасці апарата штучнага дыхання ў выглядзе танных крэдытных рэсурсаў. Без такой падтрымкі яны нежыццяздольная», - мяркуе старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

На ягоную думку, далей магчымыя два сцэнары развіцця падзей.

«Першы шлях - вяртаць апарат штучнага дыхання і падтрымліваць усёй краінай тое, што не можа існаваць самастойна. Другі варыянт - даць памерці таму, што не можа жыць без сталай падтрымкі. Можа быць, на вызваленым месцы з'явяцца новыя бізнэсы, якія здолеюць працаваць у канкурэнтным асяроддзі», - мяркуе Іосуб.

Пакуль эканамічныя ўлады да рэфармавання рэальнага сектара не прыступілі, захоўваючы статус-кво, але пры гэтым суму грашовай прапановы знізілі ў мэтах абмежавання інфляцыйных працэсаў.

«Замарозку зрабілі, але лячыць пакуль не пачалі», - характарызуюць эканамічную палітыку экспэрты БелаПАН.

Эканамісты мяркуюць, што калі ўлады пачнуць, як раней, падтрымліваць фінансавае становішча прадпрыемстваў за кошт эмісіі, гэта хутка паўплывае на дынаміку коштаў.

«Калі ў нейкі момант уключыцца друкарскі станок, мы атрымаем усплёск інфляцыі», - прагназуе Аляксандр Чубрык.

З іншага боку, мяркуе эканаміст, калі цяперашняя сітуацыя будзе зацягвацца, праблемы ў прамысловасці могуць перацячы ў фінансавы сектар, што вядзе да банкаўскага крызісу.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках