Паркоўка ў цэнтры Менска стане платнай
7- 20.04.2015, 14:25
- 10,371
Да канца 2016 года паркоўка ўнутры першага транспартнага кальца ў Менску стане платнай.
Дадатковым стымулам да адмовы аўтамабілістаў ад працяглых прыпынкаў у цэнтры сталіцы павінны стаць перахапляючыя паркоўкі на ўскраінах горада.
Аб планах сталічных уладаў за 2015-2016 гады зрабіць усю паркоўку ўнутры 1-га транспартнага кальца Менска платнай распавёў падчас жывой тэлефоннай лініі першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў, паведамляе «Інтэрфакс».
Паралельна са спагнаннем грошай будзе весціся будаўніцтва перахопліваючых парковак - месцаў на ўскраінах сталіцы, дзе аўтаўладальнікі могуць пакінуць свае аўто і перамяшчацца далей на наземным грамадскім транспарце ці метро. Адзін з такіх аб'ектаў узводзіцца на вуліцы Нёманскай (мікрараён Каменная Горка на захадзе сталіцы - ІФ). Акрамя таго, перахапляючыя паркоўкі плануецца размяшчаць на тэрыторыях, дзе будаўніцтва розных аб'ектаў запланаванае, але рэалізацыя гэтай пастановы адкладзеная на больш познія тэрміны.
Дарэчы, раней паведамлялася, што ў Менску падрыхтаваная праграма развіцця сеткі платных парковак на тэрыторыях у межах другога транспартнага кальца. Яна разлічана на 2015-2017 гады. Прынамсі, у 2015 годзе было наважана зрабіць зоны платнай паркоўкі на вуліцах Карла Маркса, Камсамольскай, Кірава, Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай, на праспектах Пераможцаў, Машэрава, вуліцы Клары Цэткін. У 2016-м да гэтага спісу, магчыма, дададуцца новыя тэрыторыі на праспекце Машэрава, вуліцы Сурганава, Багдановіча, Старажоўскай, Янкі Купалы, Першамайскай, Платонава. А да канца 2017 платныя паркоўкі з'явяцца таксама на вуліцах Арлоўскай, Аэрадромнай, Дзянісаўскай, Даўгабродскай і праспекце Пушкіна.