Беларусы Кіева ўсклалі кветкі да помніка ліквідатарам аварыі на ЧАЭС
1- 26.04.2015, 19:17
- 10,036
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Кіеве ўсклалі кветкі да помніка героям-ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Манумент знаходзіцца ля праваслаўнага храма на праспекце Міра ў сталіцы Украіны, паведамляе «Радыё Свабода».
26 красавіка 1986 года адбылася адная з самых буйных радыяцыйных катастроф - аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яна закранула кожнага жыхара Беларусі. У выніку аварыі на ЧАЭС у атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнага бамбавання японскага горада Хірасіма.
Больш за 70 адсоткаў радыенуклідаў аселі на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў катастрофы пацярпелі блізу двух мільёнаў жыхароў нашай краіны, у тым ліку больш за 500 тысяч дзяцей. Навукоўцы заяўляюць, што ад радыяцыі ў Беларусі ўжо памерлі 200 тысяч беларусаў. Тэрыторыя Беларусі на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства.
Беларускія ўлады злачынна замоўчваюць праблему радыяцыі. За час кіравання Лукашэнкі ў Беларусі была скарочаная колькасць тэрытарыяльных зон з перыядычным радыяцыйным кантролем. Сёння на моцна заражаных тэрыторыях (ад 15 да 40 кюры) жыве амаль 150 000 чалавек, хоць у Расеі ды Украіне з такіх зон даўно ўсіх адсялілі. Улады заяўляюць, што гэтыя тэрыторыі «ачысціліся» і заклікаюць людзей вяртацца ў небяспечную для жыцця зону.