19 красавiка 2024, Пятніца, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлеграму аб капітуляцыі Нямеччыны выставілі на аўкцыён

1
Тэлеграму аб капітуляцыі Нямеччыны выставілі на аўкцыён
ФОТА: DON EMMERT/AFP

Стартавы кошт лота - 30 тысяч даляраў.

У Нью Ёрку на аўкцыён выстаўленая тэлеграма, якую пераемнік Адольфа Гітлера - Карл Дзёніц (Karl Dönitz) - адправіў галоўнаму начальніку Люфтвафэ фэльдмаршалу Робэрту фон Грайму. У ёй кіраўнік Трэцяга райху паведаміў, што быў падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі Нямеччыны, і ўсе баявыя дзеянні спыняцца 9 траўня 1945 года, паведамляе Lenta.ru са спасылкай на The Guardian.

«Гэта было трэба зрабіць для таго, каб прадухіліць знішчэнне некаторых сэктараў фронту, якое павінна было адбыцца найбліжэйшым часам, а таксама каб выратаваць як мага больш грамадзян Нямеччыны», - паведамляецца ў тэлеграме.

Са слоў гісторыка Тома Лэмба (Tom Lamb), раней такія дакумэнты спальвалі альбо самі немцы, альбо войскі хаўруснікаў, што ваявалі супраць іх. «Таму тое, што дакумэнт выпала захаваць, дзіўна», - заявіў ён.

Фон Грайм атрымаў тэлеграму а 22:40 паводле мясцовага часу 8 траўня. Ён уцёк з Нямеччыны ў Прагу, дзе яго арыштавалі амэрыканцы. Тэлеграму, адпраўленую Дзёніцам, знайшлі ў ягоным куфэрку. Пасля гэтага папера трапіла ў рукі амэрыканскага афіцэра, які праводзіў допыт фон Грайма, адале яе ўладальнікам стаў адзін прыватны калекцыянер. Ён і выставіў тэлеграму на аўкцыён.

Стартавы кошт лота - 30 тысяч даляраў. Калі адбудзецца аўкцыён, выданне не паведамляе.

Перад самагубствам, учыненым 30 красавіка 1945 года, фюрэр Трэцяга райху Адольф Гітлер склаў Палітычны запавет. У ім ён прызначыў Карла Дзёніца сваім пераемнікам на пасадзе кіраўніка дзяржавы і вярхоўнага гетмана. На Нюрнбэржскім працэсе Дзёніца прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі за ваенныя злачынствы, сярод іншага, за вядзенне падводнай вайны. Рэшту свайго жыцця ён правёў у Заходняй Нямеччыне. Памёр Дзёніц ад сардэчнага прыступу ў 1980 годзе ў веку 89 гадоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках