19 красавiка 2024, Пятніца, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Захарава: Лукашэнка ўвесь ваш, стаўце яму ўмовы

23
Вольга Захарава: Лукашэнка ўвесь ваш, стаўце яму ўмовы

Навошта ў Беларусь паехаў былы кіраўнік МЗС Швэцыі?

На гэтае пытанне сайту charter97.org адказала вядомая расейская праваабаронца, прадстаўніца Працоўнай групы інвестыцый Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вольга Захарава.

- Апошнім часам у Беларусі часта бываюць еўрапейскія палітыкі, аналітыкі ды іншыя афіцыйныя асобы. Еўропа і Злучаныя Штаты згаджаюцца на «азербайджанскі сцэнар» для Беларусі?

- Калі ў Беларусь прыехаў былы міністр замежных спраў Швэцыі Карл Більт, у мяне ўзнікла жаданне скапіяваць спасылку на ягоны артыкул чатырохгадовай даўніны «Лукашэнка - лузер», паслаць яму ў твітэр і спытаць, навошта ён туды паехаў. Ён забірае свае словы назад? Ці Лукашэнка раптам з лузера ператварыўся ў пераможцу і міратворца? Ці гэта быў іншы Карл Більт? Ці ў яго раздваенне асобы?

З іншага боку, на жаль, такое «еўрапейскае раздваенне асобы» мы бачым ужо не ўпершыню. Гэта чарговы цыкл перад выбарамі, калі мы бачым, што дэмакратыі па абодва бакі акіяна зацікаўленыя ў стабільнасці ўсялякім коштам. У сітуацыі вайны ва Украіне, калі вялікі ўсходні сусед выказвае імперскія амбіцыі - тэрмінова трэба стварыць санітарны кардон. І Лукашэнка сёння прапануе Захаду выкарыстоўваць Беларусь для гэтай мэты.

Так, Еўропа і Злучаныя Штаты згаджаюцца на «азербайджанскі сцэнар» для Беларусі, калі з дыктатарскага рэжыму ціха здымаюцца санкцыі, у тым ліку са значнай часткі камерцыйных арганізацый, якія належаць «кішэням» Лукашэнкі. Гэта адбылося, хачу заўважыць, адразу пасля менскіх сустрэч аб Украіне, пасля візіту ў Менск дырэктара дэпартамента замежнапалітычнай службы ЕЗ Гунара Віганда.

Ствараецца ўражанне, што цяпер еўрапейскія бюракраты нават не клапоцяцца аб захаванні ўласнага твару і не збіраюцца выстаўляць Лукашэнку сур'ёзныя патрабаванні што да сітуацыі з палітвязнямі і правамі чалавека. Так, еўрапейскія і амерыканскія палітыкі рознага ўзроўню кажуць пра тое, што стрыжань іх палітыкі ў дачыненні да Лукашэнкі не змяніўся. Тады прабачце, што мы бачым апошні год? Альбо гэта такая хітрая палітыка, якую мы ніяк не можам зразумець, альбо нас трымаюць за дурняў.

«Азербайджанскі сцэнар» - гэта тое, чаго Лукашэнка хоча больш за ўсё. Таму што Аліеў у Еўропе легітымны, яго капіталы не арыштоўваюць, пры гэтым у яго больш сотні палітычных зняволеных, і ніхто з ім нічога не хоча рабіць. Але толькі Аліеў гандлюе нафтай і газам, а Лукашэнка гандлюе сваім памежным становішчам.

- Ігнараванне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі еўрапейскія палітыкі апраўдваюць геапалітычнымі інтарэсамі. Вайна ўсё спіша?

- Геапалітыка - гэта вельмі дзіўнае расплывістае паняцце і кожны яго разумее па-свойму. У гэтым выпадку просты лагічны аналіз таго, што адбываецца за апошнія 20 гадоў паказвае, што тыя «геапалітычныя інтарэсы», якія адчувае ў дачыненні да Беларусі еўрапейская супольнасць, ніякім чынам не апраўдаліся. Лукашэнка не з'яўляецца ні гарантам суверэнітэту, ні гарантам стабільнасці Беларусі і, адпаведна, ён не можа быць гарантам геапалітычных інтарэсаў.

Дыктатар ніколі не быў надзейным партнёрам. Па-мойму, няма ніводнага пагаднення, якога ён у выніку б не парушыў. Колькі можна наступаць на адны і тыя ж граблі?

- Тым больш у сітуацыі, калі ў Лукашэнкі такія слабыя пазіцыі?

- Так, у Лукашэнкі цяпер няма грошай. Расея больш не ў стане яго ўтрымліваць як раней. Таму, хлопцы, ён увесь ваш - стаўце яму ўмовы, хай ён іх выконвае, і тады гуляйце з ім колькі хочаце.

Не адмаўляйцеся ад таго, што вы ад яго патрабавалі чатыры гады таму. Не давайце яму авансаў - ён гэтага не шануе. Гэта іншы менталітэт.

- Дык чаму не выкарыстоўваюць гэтую сітуацыю? Або галоўнае, каб у Беларусі было ціха?

- Так. Замятаюць смецце пад канапу. Думаюць, што ёсць рэчы больш гарачыя. Тут гарыць Украіна, з поўдня падступае Ісламская дзяржава. Але гэты пояс нестабільнасці усё адно будзе. Пакуль у Беларусі няма дэмакратыі - няма еўрапейскага выбару. Чым далей - тым больш цынізму. Беларусь становіцца разменнай манетай у чужых гульнях.

Цяпер палітыкам трэба хутка прадэманстраваць вынікі аб Украіне, усё астатняе не мае значэння. І таму - давайце замяцём смецце, а потым будзе з ім разбірацца.

Магчыма, цяпер на Лукашэнку выпрабоўваюцца перагаворныя тэхнікі, якія працавалі некалі ў краінах, дзе былі недэмакратычныя рэжымы. Але тут блытаюцца два моманты: ёсць недэмакратычныя, але каставыя рэжымы, з якім можна размаўляць і якія здольныя ісці на нейкія саступкі. А ёсць персаналістычныя рэжымы, якія трымаюцца на адным чалавеку, як правіла - вялікім параноіку. Яго ці наперад нагамі вынесуць, ці ніяк. Тут дамовіцца немагчыма. Вы можаце паспрабаваць яго купіць, але ў вас не тое, што няма столькі грошай - вас усё адно падмануць.

Калі вы пачынаеце падтрымліваць персаналістычны рэжым - ён жыве даўжэй. І не трэба спадзявацца на нейкі раскол элітаў, бо дыктатар заўсёды гэтыя эліты будзе «ператрасаць». Мы гэта бачым у Беларусі ўжо больш за 20 гадоў. Сціжма былых міністраў, намеснікаў міністраў, чыноўнікаў і дырэктараў сядзяць у турмах не таму, што яны нешта зрабілі, а для таго каб яны чагосьці не зрабілі. Таму гэта вельмі вялікая памылка.

Пра тое, якім напраўду з'яўляецца гарантам бяспекі Заходняй Еўропы Лукашэнка, можна судзіць з дакладаў Дэпартаментаў бяспекі Літвы і Латвіі. Там зусім зразумела паказана, што беларускія спэцслужбы працуюць на карысць расейскага суседа. Спадары еўрапейскія палітыкі маюць гэтыя звесткі, і тым больш дзіўна, што Латвія гатовая прыняць Лукашэнку на саміце «Усходняга партнёрства».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках