Расейскі мітрапаліт параіў прыхільнікам Сталіна «працверазець»
17- 7.04.2015, 12:51
- 27,221
Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён запрасіў прыхільнікаў Іосіфа Сталіна з'ездзіць на Бутоўскі палігон у Маскве, каб ацвярэзіцца.
Такім чынам старшыня Аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату ў эфіры праграмы «Познер» на Першым канале адрэагаваў на вынікі апытання, паводле якіх траціна расейцаў станоўча ацэньваюць асобу дыктатара, паведамляе ТАСС.
«На палігоне ёсць музей, фатаграфіі людзей, там распавядаюць што адбывалася - кожны дзень прывозілі і расстрэльвалі ноччу па 200, 300, 400 чалавек. Былі 15-16-гадовыя дзеці. За што іх расстрэльвалі?» - заявіў ён. Пры гэтым мітрапаліт адзначыў, што нельга прымяншаць гістарычныя заслугі «тых, хто з боку нашай дзяржавы вёў вайну, каб мы перамаглі, а не прайгралі». Аднак ён заклікаў не забываць аб шматмільённых ахвярах, рэпрэсіяў. «Тое, што быў генацыд уласнага насельніцтва - гэта ўсё было», - нагадаў ён.
Раней кіраўнік праваабарончага таварыства «Мемарыял» Арсень Рагінскі назваў трывожным сігналам пазітыўнае стаўленне многіх расейцаў да Іосіфа Сталіна. «Гэта сведчыць нават не столькі пра стаўленне да Сталіна, колькі пра ўзаемастасункі дзяржавы і чалавека. Сталін успрымаецца як сімвал моцнай і магутнай дзяржавы, а тое, што ён і ўся ягоная палітыка антычалавечная, застаецца для людзей другасным», - адзначыў Рагінскі.
Нагадаем, 31 сакавіка «Левада-цэнтр» апублікаваў вынікі апытання, паводле якога станоўча асобу Сталіна цяпер успрымаюць 39 адсоткаў расейцаў. Таксама, паводле звестак сацыёлагаў, за апошнія 15 гадоў значна зменшылася колькасць тых, хто ставіцца да Сталіна з непрыязнасцю і страхам. Акрамя таго, паводле звестак сацыёлагаў, 45 адсоткаў рэспандэнтаў мяркуюць, што ахвяры, якія панёс савецкі народ у сталінскую эпоху апраўданыя вялікімі мэтамі і дасягнутымі вынікамі. У той жа час, пра тое, што масавыя чалавечыя ахвяры нічым нельга апраўдаць, кажа 41 адсотак рэспандэнтаў.