«Белтэлекам» закупляе абсталяванне для блакавання сайтаў
61- 18.05.2015, 13:12
- 66,663
Такая абвестка з'явілася на сайце дзяржаўных закупак яшчэ ў пятніцу.
«Белтэлекам» размясціў тэндэр на закупку апаратна-праграмнага комплексу, які блакуе інтэрнэт-рэсурсы, а таксама робіць збор і захоўванне звестак пра наведванне карыстальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў, паведамляе «Еўрарадыё».
Тэндэр быў абвешчаны ў пятніцу, 15 траўня. Але пакуль ніякіх заявак не паступала. Як распавялі ў «Белтэлекаме», кошт абсталявання не паказаны, бо там чакаюць прапаноў.
Нагадаем, што ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы закон аб СМІ, які дазваляе блакаваць інтэрнэт-рэсурсы. Такія блакаванні ўжо адбываліся ў гэтым годзе, але адказнасць за іх ніхто не ўзяў - спаслаліся на тэхнічны збой.
Інтэрнэт-правайдэры ўжо даўно маюць тэхнічную магчымасць блакаваць сайты, але яны рабілі гэта толькі для дзяржаўных структур і ўстаноў адукацыі. Цяпер сайты можна блакаваць для ўсіх карыстальнікаў у Беларусі. Некалькі сайтаў ужо трапілі ў такі спіс, але блакаванне адбываецца на ўзроўні правайдэраў. Цяпер, мабыць, «Белтэлекам» закупляе ўласнае абсталяванне.
Дарэчы, зусім нядаўна першае папярэджанне атрымалі два інфармацыйныя сайты - «Радыё Рацыя» і «Свабодны рэгіён».