28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За красавік-травень чыноўнікі выдзелілі на машыны блізу $744 тысяч

10

Яшчэ бюджэтныя грошы пойдуць на тэхабслугоўванне, шыны, паліва і рамонт аўтамабіляў.

На 744 тысячы даляраў збіраюцца закупіць новых машын беларускія чыноўнікі. На такую агульную суму размяшчаліся заяўкі на сайце дзяржзакупак у красавіку-траўні. Яшчэ бюджэтныя грошы трацілі на тэхабслугоўванне, шыны, паліва і рамонт аўтамабіляў, паведамляе «Еўрарадыё».

Міністэрства падаткаў закупляе восем новых мінівэнаў або мікрааўтобусаў на 3,3 мільярда рублёў. Кошт кожнай машыны - больш за 25 000 еўраў. Даваць каментары з нагоды таго, якіх аўто чакаюць супрацоўнікі міністэрства, ва ўстанове адмаўляюцца.

Гарадзенскі райвыканкам набывае легкавы аўтамабіль айчыннай зборкі - Geely Emgrand X7. Кошт - 310 мільёнаў рублёў. Купляюць новую машыну, каб зэканоміць.

«У нас дзве іржавыя дзесяцігадовыя «Нівы», у год іх рамонт каштуе блізу 20 мільёнаў. А так мы мяняем дзве старыя машыны на адну», - тлумачыць адказны за закупку супрацоўнік Гарадзенскага райвыканкама Віктар Гагалушка.

Горацкі райвыканкам таксама эканоміць - на 70 мільёнаў тут ужо рамантуюць новыя Geely EMGRAND X7, Skoda Oktavia і «ВАЗ-21214» - гэтыя аўто ў Горках набылі ў 2014 годзе.

Тэхабслугоўванне трэба і нямецкім машынам з Гомельскага гарвыканкама і Жлобінскага райвыканкама.

Віцебскі аблвыканкам рамантуе сваю пяцігадовую Audi A 8 W12. Аднак сума тэхабслугоўвання не паказаная.

Закупляюць машыны таксама для старшыняў сельскіх саветаў, гарвыканкамаў. Цікава, што чым бліжэй да сталіцы, тым большыя сумы на службовую калясьніцу.

Вось, да прыкладу, Беладуброўскі сельскі савет (Магілёўская вобласць) знаходзіць на аўто 151 млн. рублёў, а Уздзенскі райвыканкам хоча аўто ўжо за 210 мільёнаў.

Дарэчы, рамонт, тэхабслугоўванне службовых аўто слуг народа таксама ажыццяўляюцца за кошт падаткаў гэтага самага народа. Менш чым за гадзіну знаходзім дзесятак заявак на закупку летніх шын, паліва, закупку дэталяў, тэхабслугоўванне. За красавік-травень знаходзім такіх заявак на паўмільярда рублёў пры самых простых падліках.

Нагадаем, паводле версіі чыноўнікаў, кожны беларус павінен удзельнічаць у фінансаванні дзяржвыдаткаў - 20 базавых велічынь з кожнага дармаеда ў касу. Але хочацца, каб грошы «дармаедаў» і звычайных працаўнікоў заводаў, офісаў, школ пайшлі не на чарговую машыну старшыні гарвыканкама, а на школы, паліклінікі, сады ці хаця б новы асфальт, па якім потым паедзе старшыня выканкама.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках