19 красавiка 2024, Пятніца, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшын прапанаваў зрабіць Крым агульным для Украіны і Расеі

48
Яшын прапанаваў зрабіць Крым агульным для Украіны і Расеі

Расейскі апазіцыянер мяркуе, што крымскае пытанне можна развязаць шляхам адначасовага распаўсюджвання суверэнітэту Украіны і Расеі на паўвыспе.

Пра гэта Ілля Яшын сказаў у Кіеве падчас прэзентацыі дакладу аб ваенным канфлікце на ўсходзе Украіны «Пуцін. Вайна».

На ягоную думку, каб развязаць праблему Крыма ў міждзяржаўных украінска-расейскіх дачыненнях, неабходна, каб у Расеі змяніўся палітычны рэжым.

«Мы выдатна разумеем, што пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе, Крым будзе каменем перапоны ў расейска-ўкраінскіх дачыненнях. Гэта факт. Пакуль Пуцін знаходзіцца ў Крамлі, пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе, мы развязаць гэтую праблему не зможам. Гэтую праблему давядзецца развязваць новым расейскім уладам, якія так ці інакш прыйдуць на змену Пуціну. Крым быў далучаны да Расеі крымінальным шляхам. Фактычна гаворка ішла аб акупацыі», - сказаў Яшын.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў Крыме было шмат людзей, якія падтрымлівалі дзеянні Пуціна.

«Цалкам ігнараваць пазіцыю гэтых людзей вельмі небяспечна, гэта можа прывесці да кровапраліцця», - мяркуе апазіцыянер.

На ягоную думку, галоўнае ў будучых перамовах паміж украінскімі і расейскімі ўладамі складаецца ў тым, каб, з аднаго боку, - не дапусціць кровапраліцця, а з другога - каб сапраўды дасягнуць кампрамісу.

«Я цалкам дапускаю, што адным з варыянтаў выхаду з гэтага крызісу можа быць стварэнне такой тэрыторыі ў Крыме, на якую б распаўсюджваўся суверэнітэт Расеі і суверэнітэт Украіны, калі гэта будзе задавальняць нашых украінскіх сяброў, і калі гэта гарантуе тое, што кроў не будзе пралівацца», - адзначыў Яшын.

Ён выказаў упэўненасць, што, калі гэты варыянт будзе прыязна ўспрыняты ўкраінскім грамадствам, тады магчыма будзе пераканаць расейскае грамадства ў прымальнасці такога кампрамісу.

Пры гэтым Яшын уважае за вельмі важныя ўмовы, на якіх будзе развязвацца крымскае пытанне, але яны на сённяшні дзень не створаныя.

Нагадаем, Расея ў сакавіку 2014 года, ігнаруючы ўсе міжнародныя дамовы, анэксавала ўкраінскі Крым.

16 сакавіка пры ваеннай і палітычнай падтрымцы РФ у Крыме адбыўся неканстытуцыйны «рэферэндум». 17 сакавіка нелегітымны «парламент» Крыма абвясціў рэгіён незалежнай суверэннай «дзяржавай» - Рэспублікай Крым - і звярнуўся да Расеі з прапановай аб яго прыняцці ў склад РФ у якасці новага суб'екта са статусам рэспублікі.

Заходнія краіны не прызнаюць правы РФ на Крым і ў сувязі з гэтым увялі санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, бізнэсоўцаў і юрыдычных асоб.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках