23 красавiка 2024, aўторак, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СК прапануе забыцца пра «Віцебскія Курапаты»

14
СК прапануе забыцца пра «Віцебскія Курапаты»

Аддзел Следчага камітэта Віцебскага раёну даслаў адказ актывістам, якія знайшлі масавае пахаванне ў лесе каля вёскі Хайсы.

Актывістаў уразіла, што ў лесе адкрыта ляжаць чалавечыя косці і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы. Мясцовыя старажылы расказалі, што ў гэтым лесе ў 1937-38 гадах расстрэльвалі ахвяр сталінскага тэрору, паведамляе «Радыё Свабода».

Аднак, у лісце за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэта, гаворыцца, што экспэртыза здолела вызначыць толькі адно: што гэтым рэштках больш за 50 гадоў. А прычыну і даўнасць смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія пабылі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, будуць проста перададзеныя службам ЖКГ для пахавання.

Месца пахавання не паведамляецца. І такое стаўленне да праблемы здаецца актывістам проста абуральным. Як можна напісаць «прычыну смерці вызначыць нельга» і не заўважыць дзіркі ў чарапах? Як можна спакойна закопваць парэшткі людзей, якія памерлі нібы з невядомай прычыны, і не высветліць, ці не была гэтай прычынай, напрыклад, небяспечная хвароба ці нават эпідэмія? Нарэшце, варта праверыць версію, выказаную старшынём Мазалаўскага сельсавета Леанідам Дубінам, - пра тое, што тут могуць быць пахаваныя ахвяры фашысцкіх канцлагераў, калі ўжо так не падабаецца згадкі пра сталінскія расстрэлы, абураецца чалец КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Ён першым наважыў распавесці аб страшных лясных знаходках праваахоўным органам і цяпер проста шакаваны атрыманым вынікам:

«Я атрымаў адказ са Следчага камітэта, у якім яны пішуць, што праверка закончаная, і быў вельмі абураны. Гэта ж якая непавага да людзей, якія там ляжаць, якія былі забітыя, прынялі пакутніцкую смерць! Пішуць, што парэшткам больш за 50 гадоў... Ды ім усе 80! І вызначыць гэта пры дапамозе сучасных тэхналогій можна без праблем! Гэта робіцца, каб усё схаваць, каб не «абуджаць грамадскую думку», як кажуць улады, каб не згадваць расстрэлы і не згадваць камуністычныя ўлады, якія аддавалі загады знішчаць людзей, - каб тыя выглядалі прыстойна».

Адказ са Следчага камітэта аб тым, што парэшткі невядомых людзей перапахаваюць зноў невядома дзе, прыйшоў на самы першы зварот актывістаў. Яго адправілі ў пракуратуру, міліцыю і Следчы камітэт у лістападзе 2014, як толькі знайшлі парэшткі.

Раённы Следчы камітэт хацеў адразу закрыць гэтую справу, але пасля скаргі Яна Дзяржаўцава абласному начальству следчыя былі вымушаныя праводзіць дадатковую праверку. Частку парэшткаў забралі з лесу і не хацелі паведамляць заяўнікам пра далейшы лёс знойдзеных чалавечых костак. Зноў жа пасля скаргі абласному кіраўніцтву актывістам створанай ініцыятывы «Хайсы» паабяцалі, што іх азнаёмяць з вынікамі экспэртызы. Але вынікаў Ян Дзяржаўцаў не ўбачыў - толькі некалькі радкоў у лісце са Следчага камітэта. Актывіст хоча абскардзіць гэты адказ і не дапусціць яшчэ аднаго здзеку з невядомых ахвяр.

Адказу ад следчых ён чакае і на свой другі зварот, складзены ў красавіку. Тады актывісты знайшлі яшчэ большую колькасць чалавечых парэшткаў у лесе каля вёскі Хайсы. З раённага Следчага камітэта адказалі толькі тое, што пачалі новую праверку.

Парэшткі бачыў і старшыня сельсавета Леанід Дубіна. Ён заявіў, што звярнуўся ў вайсковы камісарыят, каб у Хайсы даслалі спецыяльны батальён, які займаецца эксгумацыяй парэшткаў. Калі прыедуць вайскоўцы - невядома. Але хтосьці цікавіцца парэшткамі і цяпер: 24 траўня каля ям з косткамі былі заўважаныя кінутыя кімсьці гумовыя пальчаткі. А таксама свежыя раскопкі, якія, магчыма, зрабілі «чорныя капальнікі».

Пару тыдняў таму парэшткі бачыў і святар найбліжэйшай, Лужаснянскай царквы айцец Міхаіл. Убачыўшы косткі ў лесе, святар прапанаваў правесці тут хрэсны ход у канцы траўня. Аднак калі Ян Дзяржаўцаў патэлефанаваў святару, той адмовіўся ад сваёй прапановы:

«Я спытаў, ці будзе хрэсны ход? Кажу: «Вы ж, айцец Міхаіл, бачылі парэшткі, нават адслужылі малебен па загінулых і паабяцалі правесці тут хрэсны ход?» Ён адказаў, што не будзе тут ніякага хроснага ходу, пакуль не прыедзе пошукавы батальён і не будзе высветлена, што за людзі тут ляжаць. Я спытаў, як гэта можна вызначыць: батальён знойдзе проста косткі. Яны ж не падпісаныя! Па іх не вызначыш, ці быў чалавек праваслаўным, або быў мусульманінам...

Тады святар сказаў, што ён чалавек маленькі, што ў яго таксама ёсць начальства, і яму трэба падпарадкоўвацца».

Ні Ян Дзяржаўцаў, ні ягоныя аднадумцы не сумняваюцца: вызначыць час смерці невядомых асобаў пры сучасным развіцці тэхналогій і медыцыны цалкам магчыма, было б жаданне. А яго, відавочна, няма. Інакш як зразумець, што следчыя забралі на экспэртызу косткі, але пакінулі ў лесе фрагменты абутку, дзе на падэшвах засталіся праштампаваныя даты вырабу - не пазней за 1937 год.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках