24 красавiка 2024, Серада, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Галапагосах пачаўся выбух вулкана

Гэта першы больш як за 30 гадоў выбух вулкана Вольф, размешчанага на паўночным ускрайку выспы Ісабэла.

На найбуйнейшай выспе Галапагоскага архіпелага пачаўся выбух вулкана, які можа прычыніць шкоду ўнікальнай экасістэме рэгіёну, занесенай UNESCO ў спіс сусветнай спадчыны, паведамляе BBC.

Найбліжэйшая сяліба, Пуэрта-Вільяміль, знаходзіцца за 115 кіламэтраў ад вулкана, таму пагрозы для людзей выкід не стварае, паведамляюць улады.

Аднак пацярпець можа мясцовая фаўна, прадстаўленая, сярод іншага, ружовымі ігуанамі (Conolophus marthae), якіх больш нідзе ў свеце няма.

У Галапагоскім нацыянальным парку паведамляюць, што плыні лавы цякуць збольшага ў паўднёва-заходнім кірунку, у той час як ігуаны жывуць на паўночным захадзе выспы.

"Гэта дае нам надзею, што яны не будуць закранутыя выбухам", - адзначылі ў адміністрацыі парку, які займае 97% тэрыторыі выспаў.

"Над вулканам стаіць стаўбун дыму, вышыня якога дасягае 10 кіламэтраў. Пазней яго стала зносіць у паўднёва-заходнім кірунку", - распавялі агенцтву Франс Прэс у Інстытуце геафізікі Эквадора.

Галапагоскія выспы, якія ляжаць у Ціхім акіяне на адлегласці 1000 кіламэтраў ад берагоў Эквадора, з'яўляюцца адным з найбольш вулканічна актыўных рэгіёнаў свету.

UNESCO занесла выспы ў спіс сусветнай спадчыны і апошнім часам неаднаразова выказвала ўстурбаванасць у сувязі з пагрозай, якую ствараюць для мясцовай флоры і фаўны турысты, а таксама ўвоз нетутэйшых гатункаў жывёлін і раслін.

У сярэдзіне XIX стагоддзя на Галапагоскіх выспах пабываў заснавальнік тэорыі эвалюцыі Чарльз Дарвін, які збіраў там матэрыял для свайго будучага знакамітага твора "Паходжанне гатункаў шляхам натуральнага дабору".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках