24 красавiка 2024, Серада, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы фанатаў «Дніпра» прайшлі маршам па цэнтры Варшавы

13
Тысячы фанатаў «Дніпра» прайшлі маршам па цэнтры Варшавы

Напярэдадні фіналу Лігі Еўропы заўзятары «Дніпра» правялі шэсце па польскай сталіцы.

Яно пачалося на Замкавай плошчы, дзе сабраліся тысячы заўзятараў «Дніпра», а таксама прыхільнікі футбола з Польшчы, Беларусі ды іншых краін, і скончылася ля Нацыянальнага стадыёна, дзе і праходзіць сустрэча з гішпанскай «Сэвільяй».

Шэсце прайшло без інцыдэнтаў. На Замкавай плошчы сабралася таксама нямала гішпанскіх заўзятараў, якія фатаграфаваліся і «браталіся» з украінцамі. Невялікая колькасць супрацоўнікаў паліцыі суправаджалі калону. Перад пачаткам руху фанаты запалілі паходню. Заўзятары скандавалі лозунгі як традыцыйныя - «Слава Украіне - Героям Слава!», «Україна - понад усе!», «Дніпро - чэмпіён!», так і новыя, дададзеныя рэвалюцыяй і вайной: «Хто не скача - той маскаль!» і «Пуцін - х..ло!».

Фота: charter97.org

Некалькі разоў над варшаўскімі вуліцамі прагучаў гімн Украіны, «Червона рута» і назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю ўкраінскай рэвалюцыі «Ваяры святла» беларускіх «Ляпісаў». Бары каля стадыёна былі запоўненыя украінцамі і прыхільнікамі ўкраінскай каманды з іншых краін - чулася ўкраінская, польская, расейская з украінскім акцэнтам гаворка, практычна ўсе наведвальнікі былі з украінскімі нацыянальнымі сцягамі.

Карэспандэнту charter97.org выпала пагутарыць з заўзятарамі «Дніпра» напярэдадні матчу.

«Настроеныя на перамогу нашай каманды, будзем іх падтрымліваць штосілы і спадзяемся, што яны прынясуць Украіне перамогу. Гэтая перамога вельмі важная для Украіны. Па-першае, не так часта выпадае дайсці да фіналу Лігі Еўропы. А, па-другое, гэта не проста спартовая перамога. Клуб «Дніпро» прысвяціў яе нашым байцам, якія змагаюцца за Украіну на ўсходзе. Калі яны перамогуць - гэта вельмі натхніць усіх украінцаў і надасць баявога духу нашым героям. Украінскія спартоўцы ды ультрас яшчэ з пачатку Майдана займалі дакладна выяўленую праўкраінскую пазіцыю... Таксама хачу зычыць беларускім спартоўцам і беларусам наогул як мага больш перамог, і каб гэтыя перамогі былі не толькі на спартовых пляцоўках», - сказала Наталля Панчанка, каардынатарка «Еўрамайдан Варшава» .

«Я яшчэ з раніцы быў на Кракаўскім прадмесці - там ужо было поўна людзей: паўсюль клубныя бела-блакітныя і ўкраінскія сіне-жоўтыя сцягі... Вядома ж, чакаю перамогі ад нашай каманды, але гэтая перамога, калі яна здарыцца, будзе валявой. Бо тэхнічна «Сэвілья» моцная, пра гэта казаў нават трэнер «Дніпра». Класам мы трохі саступаем, але мы маем Канаплянку, нашага брамніка Бойку... І галоўнае - наш дух і воля да перамогі. Таму настрой перад гульнёй баявы. Калі наша каманда падыдзе да матчу сур'ёзна - усё будзе добра.

Цяпер «Дніпро» прадстаўляе ўсю Украіну - ад захаду да ўсходу. Львоў, Днепрапятроўск, Кіеў, Палессе - усё падтрымліваюць «Дніпро». Гэтая перамога будзе для нас вельмі сімвалічнай. У свой час украінскія ультрас аб'ядналіся перад тварам расейскай агрэсіі, гэтае адзінства мы бачым і цяпер перад матчам фіналу Лігі Еўропы. І наш лозунг «Пуцін - х... ло» калісьці магутным рэхам прайшоўся над беларускім стадыёнам, і мы зразумелі тады, што беларусы з намі. Я заклікаю беларускіх сяброў таксама падтрымаць «Дніпро» - гэта цяпер каманда ўсяго нашага ўсходнееўрапейскага рэгіёну. І спадзяюся, што на матчы будуць і бел-чырвоныя-белыя сцягі», - пракамэнтаваў будучы матч студэнт міжнародных дачыненняў Варшаўскага ўніверсітэта Раман, родам з Жытомірскай вобласці.

Фота: charter97.org

«Настрой вельмі пазітыўны, мы настаўленыя толькі на перамогу і трыюмф. Уражанне ад падрыхтоўкі матчу - вельмі пазітыўнае. Усё вельмі выдатна, вельмі класна. Палякі ўсё арганізавалі на «выдатна». І ад нашых спаборнікаў ды іхніх заўзятараў уражанне вельмі пазітыўнае. Гэтая перамога вельмі важная для Украіны, «Дніпро» прысвяціў яе нашым байцам на ўсходзе. Мы вельмі ўдзячныя вам, беларусам, за тое, што вы з намі, нас падтрымліваеце, і - «Жыве Беларусь!» - сказаў Алі Мусеінаў, студэнт Варшаўскага ўніверсітэта з Крыму.

«Шчыра кажучы, для мяне выхад «Дніпра» ў фінал - гэта ўжо вялікая перамога ўкраінскага футбола, і мне ўсё адно - пераможам мы ці саступім. Тут вельмі прыемная, сяброўская атмасфэра, няма канфліктаў, украінскія і гішпанскія заўзятары братаюцца... Няма такога напалу і канфрантацыі, якая магла б быць, калі выйшаў «Дніпро» ў фінал, напрыклад, з «Зенітам»... Зычу беларускім заўзятарам таксама ўбачыць сваю каманду ў фінале Лігі Еўропы», - дадае ягоны сябар з Харкава.

«Буду падтрымліваць Украіну, з нецярплівасцю чакаю матчу. Падтрымліваю менавіта ўкраінскую каманду, бо ў мяне шмат сяброў з Украіны. Вельмі спадзяюся на перамогу «Дніпра». Гэтая перамога вельмі патрэбная для ўмацавання духу украінцаў цяпер. Мне вельмі прыемна бачыць так шмат украінцаў, заўзятараў сваёй каманды, на вуліцах Варшавы. Хачу пераказаць і ўкраінскім, і беларускім заўзятарам - давайце як мага часцей разам атрымліваць і святкаваць перамогі», - пракамэнтавала польская журналістка, актывістка шмат якіх польска-ўкраінскіх ініцыятыў Караліна Альшэўска.

«Надзеі на гульню вельмі вялікія. Гэта гістарычны матч, бо «Дніпро» ніколі не выходзіў у фінал еўракубкаў, і гэта вельмі важна для каманды, бо дае магчымасць у наступным сэзоне ўдзельнічаць у Лізе Чэмпіёнаў. З прыходам Мірона Маркевіча (трэнер) каманда стала гуляць больш спакойна: ухілілі псіхалагічныя праблемы, з'явілася стрыманасць, дысцыплінаванасць. Тэхніка была заўсёды, але праца трэнера відочная. Спадзяюся, што на поле выйдзе Селязнёў, і будзем пільна сачыць за гульнёй. Калі «Дніпро» сёння пераможа, то гэта будзе другая перамога ўкраінскага клуба ў еўракубках. Пасля Еўра-2012 футбол ва Украіне стаў больш папулярным. Каманды сталі гуляць лепш. Такія гульні вельмі важныя для народа, яны гуртуюць людзей. Адну каманду падтрымліваюць і правыя, і левыя. Я мяркую, што чым больш будзе праводзіцца такіх акцый - тым хутчэй надыдзе супакой, бо заўзець на стадыёне разам лепей, чым ваяваць», - сказаў варшаўскі студэнт Хрысціян з Адэсы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках