25 красавiка 2024, Чацвер, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джо Байдэн: Пуцін будзе ісці наперад, пакуль не сустрэне супраціў

Джо Байдэн: Пуцін будзе ісці наперад, пакуль не сустрэне супраціў
ДЖО БАЙДЭН
ФОТА: ANADOLU AGENCY/GETTY IMAGES

На думку экспэртаў Брукінгскага інстытута, дзе выступіў віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, Белы дом дае зразумець Пуціну, што альтэрнатывы дээскалацыі няма.

Віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн, выступаючы з прамовай у Брукінгскім інстытуце, расставіў кропкі над «i» ў пазіцыі Белага дома што да ўкраінскага крызісу. Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны доўжыцца ўжо 14-ы месяц і з'яўляецца, са слоў Байдэна, «гуманітарнай трагедыяй, выкліканай агрэсіяй Расеі», гаворыцца ў матэрыяле «Голоса Америки».

З аднаго боку, адміністрацыя амерыканскага лідара Барака Абамы патрабуе поўнага выканання менскіх дамоўленасцей, бо ў адваротным выпадку не можа быць і гаворкі аб зняцці з Расеі санкцый Захаду. На думку віцэ-прэзідэнта, ЗША павінны дапамагчы ў пытанні энэргетычнай бяспекі Еўропе, «занадта залежнай» ад паставак расейскага газу. А вось пастаўкі Кіеву абарончага смяротнага ўзбраення, такога як супрацьтанкавыя ракеты, адміністрацыі Белага дома «варта абмяркоўваць», мяркуе Байдэн.

«Пуцінскае ўварванне ва Украіну было хутчэй праявай яго апартунізму, чым прадуманай стратэгіяй. У аснове сваёй гэты чалавек вельмі практычны. І, на мой погляд, ён будзе працягваць рухацца наперад да таго часу, пакуль не сустрэне годны супраціў», - заявіў ён.

Агулам жа, на думку амерыканскага палітыка, карупцыя і алігархі сталі інструментам расейскай замежнай палітыкі, што выкарыстоўваюцца, каб з дапамогай подкупу некаторых еўрапейскіх палітычных партый раскалоць адзінства еўрапалітыкі. З іншага боку, Вашынгтон пацвярджае, што ЗША гатовыя прадаўжаць супрацоўнічаць з РФ у шэрагу найважнейшых сусветных праблем: барацьба з «Ісламскай дзяржавай», зацяжны канфлікт у Сірыі, ядзерная праграма Ірана і таталітарны рэжым Паўночнай Карэі.

«Не ў інтарэсах ЗША і не ў інтарэсах Расеі, калі ІД атрымае поўны кантроль над Сірыяй. Не ў інтарэсах Расеі і, магчыма, Кітая, калі Іран атрымае ядзерную зброю. У нас з Расеяй застаецца шмат іншых агульных інтарэсаў», - адзначыў Байдэн.

У сваёй прамове віцэ-прэзідэнт даў ясна зразумець, што Абама і ён перакананыя: адзіны спосаб спыніць пастаянны напор прэзідэнта Пуціна - паставіць таму непераадольную перашкоду, сцвярджае прэзідэнт Інстытута Брукінгса Строб Тэлбот. «У той жа час, віцэ-прэзідэнт падкрэсліў, што мэтай Амерыкі не з'яўляецца загнаць Пуціна ў кут, змяніць рэжым у Расеі», - дадаў ён.

Як адзначае выданне, слова «Крым» у прамове Байдэна ні разу не прагучала. На думку экспэртаў, гэта тлумачыцца тым, што галоўная задача Белага дома цяпер - дамагчыся выканання менскіх дамоўленасцей нармандскай чацвёркі, тады як вяртанне Крыма Украіне - доўгатэрміновая задача.

«Віцэ-прэзідэнт асабліва адзначыў, што ЗША, Еўразвязу і NATO важна заставацца разам, таму што Пуцін імкнецца выкарыстоўваць усе магчымасці, каб раскалоць нас. Віцэ-прэзідэнт перакананы, што разам мы можам даць зразумець расейскаму прэзідэнту: адзіны шлях выхаду з крызісу - дээскалацыя , інакш санкцыі застануцца ў сіле, і, больш за тое, Украіна можа атрымаць зброю», - кажа экспэрт у пытаннях бяспекі Інстытута Брукінгса Майкл О'Хэнлан.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках