20 красавiка 2024, Субота, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нягледзячы на санкцыі РФ, Польшча прадала ўвесь ураджай яблыкаў

10
Нягледзячы на санкцыі РФ, Польшча прадала ўвесь ураджай яблыкаў

Нават калі Масква скасуе эмбарга, Польшча будзе працягваць пошукі новых рынкаў збыту, каб паменшыць сваю залежнасць ад рынку РФ.

Нягледзячы на цяжкасці, якія ўзніклі пасля ўвядзення Расеяй эмбарга на польскую гародніну ды садавіну, Польшчы ўдалося прадаць увесь леташні ўраджай яблыкаў. Пра гэта заявіў кіраўнік Звязу садаводаў Польшчы Міраслаў Малішэўскі, перадае Polskie radio.

Паводле ягоных слоў, у мінулым годзе частка садоўнікаў была вымушаная прадаць яблыкі вельмі нізкім коштам. Аднак у гэтым годзе, запэўнівае Малішэўскі, назіраецца рост кошту яблыкаў.

Прычынай росту коштаў сталі адкрыццё новых шляхоў продажаў, стымуляванне попыту ўнутры краіны, экспарт у ЗША вялікіх партый яблычнага канцэнтрату, растлумачыў кіраўнік звязу. "Я мяркую, што кошты ў канцы сезону будуць досыць прывабнымі", - адзначае Малішэўскі.

Раней галоўным рынкам збыту польскіх яблыкаў з'яўлялася Расея. Праз расейскае эмбарга Польшча звярнулася да іншых рынкаў збыту: у краіны ЕЗ, Усходняй і Паўднёвай Еўропы, Паўночнай Афрыкі.

Са слоў Міраслава Малішэўскага, польская садовая галіна ў будучыні мае намер умацоўваць свае пазіцыі таксама ў Індыі, Кітаі, В'етнаме, Тайландзе ды Малайзіі. "Ёсць перспектыва адкрыцця гэтых рынкаў. Калі Расея падоўжыць эмбарга, мы знойдзем краіны, у якія зможам экспартаваць нашыя яблыкі", - запэўнівае ён.

Кіраўнік Звязу садаводаў Польшчы падкрэслівае, што нават калі Расея скасуе эмбарга, Польшча будзе працягваць пошукі новых рынкаў збыту, каб паменшыць сваю залежнасць ад расейскага рынку.

Нагадаем, з 1 жніўня 2014 Расея ўвяла забарону на імпарт гародніны ды садавіны з Польшчы. Афіцыйная Варшава расцаніла абвешчаную Расеяй забарону, як помсту Крамля за новыя санкцыі Захаду.

Рассельгаснагляд неаднаразова абвінавачваў Беларусь у кантрабандзе польскіх яблыкаў у Расею.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках