19 красавiка 2024, Пятніца, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША выключылі Кубу з спісу фундатараў тэрарызму

1
ЗША выключылі Кубу з спісу фундатараў тэрарызму

Улады ЗША афіцыйна выключылі Кубу з спісу краін-памагатых тэрарызму.

У паведамленні дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША адзначаецца, што гэтая пастанова ліквідуе астатнюю перашкоду для аднаўлення дыпламатычных стасункаў паміж дзвюма краінамі, разарваных 54 гады таму, інфармуе BBC.

Пра намер выключыць Кубу з спісу краін-фундатараў тэрарызму ў красавіку паведаміў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Гэта заява была зробленая на фоне паступовага паляпшэння стасункаў паміж Вашынгтонам і Гаванай.

У снежні мінулага года Абама заявіў, што ЗША зацікаўленыя ў адкрыцці сваёй амбасады на Кубе і ў развіцці гандлёвых дачыненняў з ёй.

Гэтая пастанова дазваляе Кубе весці банкавыя справы на тэрыторыі ЗША, а таксама ажыццяўляць іншую дзейнасць.

Аднак гандлёвае эмбарга на гандаль ЗША з Кубай захоўвае дзеянне, і скасаваць яго можна толькі асобнай пастановай кангрэсу.

Выключэнне з спісу краін-фундатараў тэрарызму было адным з найважнейшых патрабаванняў Кубы падчас перамоў аб аднаўленні дыпламатычных стасункаў і адкрыццяў амбасад у Вашынгтоне і Гаване.

"Злучаныя Штаты не згодныя з шмат якімі аспектамі палітыкі Кубы і яе дзеяннямі", - гаворыцца ў заяве дзярждэпартамэнта ЗША. - Але гэтыя праблемы знаходзяцца па-за крытэрамі, патрэбнымі для выключэння з спісу краін-фундатараў тэрарызму".

Амэрыканскім заканадаўцам быў дадзены тэрмін 45 дзён з 14 красавіка, падчас якіх яны маглі апратэставаць пастанову прэзідэнта. Тэрмін скончыўся ў пятніцу.

Раней амэрыканскі ўрад сцвярджаў, што Куба хавае на сваёй тэрыторыі чальцоў баcкай сэпаратысцкай групоўкі ЕТА і партызанскага руху FARC з Калумбіі.

Куба адпрэчвала гэтыя абвінавачванні, называючы іх беспадстаўнымі.

Куба была ўключаная ў гэты спіс у 1982 годзе. Цяпер у ім засталіся Сірыя, Іран і Судан.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках