28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі: Продажы ўпалі ў тры разы, такога ніколі не было

119

У беларусаў няма грошай на пакупкі на рынках.

Прадпрымальнікі перакананыя, што не змогуць да канца года распрадаць рэшткі тавару, але закрывацца прыйдзецца раней праз нізкую пакупніцкую здольнасць насельніцтва, паведамляе «Радыё Свабода».

Атмасфера на рынку «Цэнтральны» у Гародні даволі дэпрэсіўная: ціха, нешматлюдна, шмат месцаў для гандлю пустуе, твары ў гандляроў невясёлыя. Прадпрымальнікі гуртуюцца, нешта абмяркоўваюць, так як пакупнікоў - адзінкі.

«Продажы за сакавік і красавік скараціліся ў два-тры разы. Але не толькі ў нас, а наогул у гандляроў і ў гандлёвых цэнтрах, так скарацілася пакупніцкая здольнасць насельніцтва. Такое ўражанне, што яшчэ да студзеня - пакуль нам дазволілі распрадаць тавар - рынкі апусцеюць напалову», - кажа адзін з прадпрымальнікаў.

«Цяпер ужо ніхто не кажа пра 500 долараў заробку, прадпрыемствы многія спыняюцца альбо працуюць няпоўны тыдзень, людзі фактычна згалелі, працу знайсці, каб за яе пражыць, становіцца нерэальна. На распродажы футболкі ў нас ужо каштуюць танней, чым у Турцыі, але і іх купляць няма каму», - распавядае яго калега.

Да нас далучаецца прадпрымальніца, якая папросту ў роспачы і не ўяўляе, што рабіць далей. Яна паказала журналістам сшытак, дзе вядзе ўлік гандлю за кожны месяц. Лічбы сапраўды ўражваюць.

«Глядзіце, 8 адзінак прадала ў сакавіку, адну вярнулі. У красавіку - 12 адзінак і я нічога не зарабіла. Як жыць? Цяпер кошты паднялі. За камеру захоўвання - 125 тысяч заплаціць, за гандлёвае месца - ужо 466 тысяч, страхавыя - 755 тысяч, а яшчэ падатак. Ну хіба я магу гэта ўсё кампенсаваць? Ніяк. Продажаў няма, я яшчэ фабрыцы павінна засталася. Нават у суботы і нядзелі продажаў няма», - кажа яна.

Яшчэ адзін мужчына кажа, што красавік у прадпрымальнікаў быў заўсёды месяцам заробкаў, паколькі людзі масава ішлі на рынак, каб змяніць зімовую вопратку на вясновую. Але ў гэтым годзе пакупнікоў папросту няма ні на які тавар. Не дапамагло нават цёплае надвор'е.

«Продаж адзення ўпаў дзесьці ў пяць разоў, цацкі дзіцячыя - у тры разы, абутак - у тры разы. І пры ўсіх дэвальвацыю, якія былі раней, гэта не так адчувалася, бо мы ўзнімалі кошты, Лукашэнка выплачваў пенсіі і зарплаты, і ўсе былі задаволеныя, гандаль квітнеў. А такой сітуацыі, якая склалася цяпер, не было ніколі раней. Дна не відаць, і будзе яшчэ горш», - мяркуе ён.

Усе прадпрымальнікі, з кім прыходзілася мець стасункі, успаміналі пасланне кіраўніка да беларускага народу і крыўдзіліся на тое, што на самой справе Лукашэнка не адказаў на тыя пытанні, якія паўсталі цяпер перад усімі - як жыць без працы, дзе зарабіць, як накарміць сям'ю і адправіць дзяцей у школу. Адзін прадпрымальнік з сумам заўважыў, што 20-гадовай дзейнасці раптам прыходзіць канец, а як жыць далей - абсалютна невядома.

«Рынак папросту самараспусціўся, вось і ўсё. Пра гэта ж, дарэчы, ужо казалі раней - маўляў, ніхто нікога не будзе ганяць, а вы самі пойдзеце. Так і адбываецца. Калі масава людзі сыходзяць, гэта прыкметна, а калі па адным, то ніхто і не бачыць. Залежыць ад таго, колькі ў каго яшчэ грошай засталося. Год, два - і ўсё вырашыцца без усялякай палітыкі. Цяпер нам паабяцалі да студзеня папрацаваць і паэтапна падымаць падаткі. У чэрвені нашы выплаты складуць каля пяці мільёнаў. Для мяне гэта ўжо непад'ёмная сума, і я буду вымушаны закрывацца», - сказаў адзін з прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках