18 красавiка 2024, Чацвер, 20:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі з сенатарам Маккейнам і міністрам Макеем

30
Саннікаў абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі з сенатарам Маккейнам і міністрам Макеем

Дыктатура ў Беларусі з'яўляецца адным з сусветных выклікаў.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў узяў удзел у знакамітым Седонскім форуме, які кожную вясну праводзіць інстытут сенатара Джона Маккейна.

Форум збірае ў горадзе Седона (штат Арызона, ЗША) сусветных лідараў у розных галінах: палітыцы, эканоміцы, бізнэсе, грамадскім жыцці. У гэтым годзе ў Форуме ўдзельнічалі амерыканскія сенатары, у тым ліку старшыня Камітэта пытанняў узброеных сіл сенатар Джон Маккейн, старшыня Камітэта ў міжнародных справах сенатар Боб Коркер, міністр юстыцыі і генеральны пракурор Канады Пітэр Макей, былы прэм'ер Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, адзін з лідараў расейскай апазіцыі, былы прэм'ер Расеі Міхаіл Касьянаў, кіраўнік кампаніі SpaceX і заснавальнік кампаній Tesla і PayPal Ілон Маск, рэдактар ​​«Вашынгтон Пост» Фрэд Хайт, расейская журналістка Жанна Нямцова, дачка загінулага палітыка Барыса Нямцова, Спецыяльны дакладчык ААН па свабодзе сходаў і асацыяцый Майна К’яі, актрыса Дэмі Мур, прэзідэнт «Фрыдам Хаўс» Марк Лейган, былы міністр замежных спраў Вялікай Брытаніі, брат цяперашняга лідара лейбарыстаў Дэвід Мілібанд і іншыя.

На форуме абмяркоўваліся найбольш вострыя міжнародныя праблемы: сусветныя эканамічныя выклікі, пагрозы ісламскай дзяржавы (ІДІЛ), новыя небяспекі, звязаныя з Расеяй, палітыка ЗША ў свеце.

Андрэй Саннікаў распавёў пра сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з расейскай агрэсіяй ва Украіне.

Пасля Форуму палітык адказаў на пытанні charter97.org.

- Андрэй Алегавіч, пра што канкрэтна вы казалі?

- Я працытаваў амерыканскую праваабаронцу Кэці Фіцпатрык: «Беларускі палігон працуе. Мы сёння бачым як судзяць беларускіх апазіцыянераў, толькі ўчора судзілі Міхаіла Хадаркоўскага і Платона Лебедзева, заўтра асудзяць Барыса Нямцова, і зусім не на 15 дзён. Пакласці канец расейскай дэспатыі неабходна сёння, і зрабіць гэта трэба ў Менску. Калі мы гэтага не зробім, нам гэта вельмі хутка адгукнецца. Гэта як раз той момант, пра які кажуць «За нашу і вашу свабоду!».

Гэта было напісана ў траўні 2011 года, калі ў Менску ішлі суды над лідарамі і актывістамі апазіцыі. Нас судзілі за тое, што мы перамаглі на выбарах. Сёння я магу сказаць гэта з поўнай адказнасцю.

Папярэджанне Кэці Фіцпатрык і многіх іншых не было пачутае. У Захаду не хапіла палітычнай волі, каб абвясціць Лукашэнку нелегітымным дыктатарам і падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі.

З былым прэм'ерам Вялікай Брытаніі Тоні Блэрам

Сёння на фоне трагічных падзей ва Украіне мы бачым і зусім дзіўныя рэчы. З дыктатара спрабуюць рабіць «пасярэдніка» і «міратворца». Еўрапейскія лідары і высокапастаўленыя чыноўнікі ЕЗ зачасцілі ў Менск, і падчас сваіх візітаў чамусьці «саромеюцца» падымаць пытанне пра палітычныя рэпрэсіі і палітвязняў. Адчуваючы сваю беспакаранасць, Лукашэнка ўзмацніў рэпрэсіі і арганізаваў беспрэцэдэнтны ціск на палітвязняў. Яму не патрэбныя добрыя стасункі з Захадам, яму не патрэбныя эканамічныя рэформы, а патрэбныя заходнія грошы для выратавання свайго рэжыму. Гэтыя грошы пойдуць на новы віток рэпрэсій і правядзенне вайсковых вучэнняў пад кіраўніцтвам Расеі. На вайсковым парадзе ў Менску траціну вайсковай тэхнікі будзе расейскай.

Лукашэнка, шматгадовы вораг дэмакратыі, ніяк не можа быць хаўруснікам у барацьбе за дэмакратычную і незалежную Украіну.

Былая савецкая «імперыя зла», як выявілася, нікуды не знікла. Яна трансфармавалася ў «кааператыў дыктатараў», які душыць імкненне народаў да свабоды на ўсёй постсавецкай прасторы і пагражае міжнароднай бяспецы. Ніякая «рэалпалітык» з гэтай пагрозай справіцца не дапаможа. Сёння, сапраўды, прыйшоў час успомніць лозунг «За нашу і вашу свабоду!» і пазбавіцца ад дыктатур, вялікіх і малых».

- Як амерыканскі істэблішмэнт успрыняў ваш выступ?

- Шчыра кажучы, у ЗША лягчэй размаўляць аб праблемах Беларусі, чым у Еўропе. Пра гэта я і сказаў сваім суразмоўцам. Часам яны лепш разумеюць сітуацыю ў дыктатарскіх краінах. У ЗША не пачуеш такога распаўсюджанага ў Еўропе тэрміна, як «рэалпалітык». Мае суразмоўцы цудоўна разумелі, што агрэсія Расеі ва Украіне кінула выклік не толькі незалежнасці Украіны і Беларусі, але і існаванню Еўропы. Іх гэтая сітуацыя турбуе, і яны разумеюць: дыктатарскі рэжым у Беларусі - гэта тое, што трэба Крамлю.

- Сенатар Маккейн што думае пра сітуацыю ў Беларусі?

- З сенатарам Маккейнам мы дамовіліся прадоўжыць абмеркаванне становішча ў нашай краіне. Ён выдатна ведае нашу сітуацыю, паслядоўна і рашуча выступае супраць дыктатуры, у абарону палітвязняў, у абарону свабоды слова.

З сенатарам Джонам Маккейнам

- Дзякуючы вам у падтрымку беларускіх палітвязняў выступіла актрыса Дэмі Мур. Як дапамагаюць такія акцыі салідарнасці?

- Падтрымка Дэмі Мур вельмі важная, бо яна вядомая і ў ЗША, і ў Беларусі. Акрамя таго, яна сёння вядомая, як грамадская дзяячка, якая змагаецца з гандлем людзьмі. Па сабе ведаю, што такая падтрымка вельмі важная, бо прыцягвае сусветную грамадскасць да лёсу палітвязняў у Беларусі.

З актрысай Дэмі Мур

Я распавядаў у Седоне пра палітвязняў са шматлікімі палітыкамі і праваабаронцамі і прасіў трымаць пад кантролем гэтую сітуацыю.

- Ці здольныя ЗША спыніць заляцанні еўрапейскіх палітыкаў з дыктатурамі?

- Здольныя, калі ЗША вернуцца ў Еўропу. Сёння існуе шмат пагроз міжнароднаму міру і бяспецы, якія патрабуюць цеснай каардынацыі дзеянняў ЗША і Еўропы. Да гэтых выклікаў належыць і дыктатарскі рэжым у Беларусі, пра што я казаў на Форуме.

ЗША, якія не раз бралі на сябе ролю лідараў у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, не толькі здольныя, але і абавязаныя зрабіць гэта сёння.

Са старшынём камітэта міжнародных спраў сенату ЗША Бобам КОРКЕРАМ
Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках